Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Украіна здала чарговы іспыт у школе дэмакратыі</B>


Юры Дракахруст, Прага Галоўныя ўдзельнікі палітычнага супрацьстаяньня ўва Ўкраіне – прэзыдэнт Віктар Юшчанка і прэм’ер-міністар Віктар Януковіч – прыйшлі да згоды наконт правядзеньня датэрміновых выбараў у парлямэнт – Вярхоўную Раду. З аналізам падзеі – наш аглядальнік.

Магчыма, што канчатковую ацэнку даваць яшчэ і рана, у рашэньня, абвешчанага сёньня, могуць узьнікнуць яшчэ нейкія падводныя камяні і розначытаньні. Але так выглядае, што крызыс, які пачаўся 2 красавіка выданьнем указу прэзыдэнта аб роспуску парлямэнту і датэрміновых выбарах, збольшага вырашыўся.

І тое, як менавіта ён вырашыўся, мае надзвычайна вялікае значэньне – у сэнсе руху Ўкраіны па шляху дэмакратыі гэтая падзея ня менш важная, чым сама “аранжавая рэвалюцыя”.

Чаму? Ды таму што дэмакратыя – гэта ня толькі справядлівы падлік галасоў і ўжо тым болей не перамога правільнай, лепшай з чыйгосьці пункту гледжаньня сілы. Гэта – працэдура, працэдура кампрамісу. У гэтым, дарэчы, было заўважнае адрозьненьне хады ўкраінскага крызысу ад разьвіцьця падзеяў, скажам, у Кіргізстане, дзе ўсе палітычныя сілы, узяўшы на ўзбраеньне цудадзейны сродак змаганьня – вуліцу, масу, білі ёй адзін аднаго, спадзеючыся атрымаць усё.

Ва Ўкраіне таксама “бела-блакітныя” вельмі ўдала засвоілі “памаранчавыя тэхналёгіі”. Але было адно прынцыповае адрозьненьне – дыялёг паміж палітычнымі супернікамі не перапыняўся ні на хвіліну, Юшчанка і Януковіч асабіста сустракаліся ледзь ня кожны дзень.

Магчыма, прыхільнікаў аднаго і другога боку, якія стаялі на шматлікіх майданах па ўсёй Украіне апошні месяц, гэта нават раздражняла, маўляў, пра што з тымі, з парушальнікамі закону, размаўляць, даеш перамогу. Зразумець такія пачуцьці можна, але па “даеш перамогу” і па “чаго зь імі размаўляць” – гэта да Лукашэнкі ці да Пуціна. А ва Ўкраіне – дэмакратыя, гэта значыць, так менавіта вось з гэтымі і размаўляць, вочы б на якіх не глядзелі.

У іншых краінах вострыя палітычныя крызысы вырашаюцца пры дапамозе моцных, сталых інстытутаў, гэтак у ЗША ў 2000 годзе вэрдыкт па выніках выбараў вынес паважаны ўсімі Вярхоўны суд, зь якім усе пагадзіліся. Ва Ўкраіне інстытуты слабыя, даверу да іх, прынамсі да Канстытуцыйнага суду, няма. І таму ўся адказнасьць за тое, каб крызыс не абрынуў краіну ў бездань, была на плячах правадыроў палітычных лягераў.

Тут варта адзначыць таксама ролю міжнароднай супольнасьці і ў прыватнасьці Эўразьвязу. Не ўстаючы ні на водзін з бакоў, яны штодзень паўтаралі кіеўскім змагарам – дамаўляйцеся.

Аднак, як паказвае досьвед, такія парады дапамагаюць далёка не заўсёды, так што галоўная заслуга тут – усё ж саміх украінцаў.

Калі аналізаваць канкрэтныя рамкі дамоўленасьці, то пакуль больш бачныя саступкі ўрадавага боку, боку большасьці парлямэнту – датэрміновыя выбары ўсё ж адбудуцца, як таго і хацеў прэзыдэнт. Але насамрэч гэта зусім не азначае поўнай паразы кааліцыі. Да таго ж, магчыма, мы пакуль ведаем ня ўсе дэталі, і хутчэй за ўсё на пэўныя саступкі пайшоў і прэзыдэнт.

Але, паўтаруся, – галоўнае, гэта ня зьмест кампрамісу, а тое, што ён быў дасягнуты, тое, што Ўкраіна здала чарговы іспыт у школе дэмакратыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG