Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Фаатц: “Салідарнасьць зь Беларусьсю прадэманстравалі многія эўрапейцы”


Радыё Свабода Бундэсканцлер Нямеччыны і Прэзыдэнт Рады Эўразьвязу Ангела Мэркель патэлефанавала сёньня ў Менск Аляксандру Мілінкевічу і пацікавілася тым, як праходзіць Дзень Волі ў Беларусі.

Сёньня ж у часе прамовы ў Бэрліне, прысьвечанай 50-й гадавіне Эўрапейскага Зьвязу, Ангела Мэркель згадала пра Беларусь і падкрэсьліла, што ў гэты дзень Эўропа выказвае салідарнасьць зь беларусамі.

Кіроўная партыя Бундэстагу Хрысьціянска-дэмакратычны саюз афіцыйна накіравала на Дзень Волі ў Менск свайго сябра дэпутата Арнальда Фаатца.

У інтэрвію “Свабодзе” спадар Фаатц заявіў:

“Тое, пра што гаварыла спадарыня Мэркель, было ажыцьцёўлена сёньня на практыцы ў Менску. Разам з дэманстрантамі на акцыі былі практычна ўсе амбасадары Эўразьвязу, а таксама восем эўрапарлямэнтароў з Польшчы, Славаччыны, Нямеччыны. Усе яны прадэманстравалі, што Эўропа клапоціцца пра грамадзянскую супольнасьць у Беларусі й што гэтая грамадзянская супольнасьць у краіне мацнее”.

На пытаньне, наколькі ўлічылі беларускія ўлады той заклік, зь якім напярэдадні зьвярнулася да іх прэзыдэнцтва Эўразьвязу, — не перашкаджаць беларускім грамадзянам у рэалізацыі права ладзіць мірныя сходы — спадар Фаатц адказаў:

“У параўнаньні з тым, што адбывалася летась, сёньняшняя акцыя прайшла больш мірна. Аднак далёка ня ўсё ўлічылі з таго, да чаго мы заклікалі беларускае кіраўніцтва напярэдадні. Нашыя пажаданьні ў гэтым сэнсе не апраўдаліся. Ёсьць рэчы проста непрымальныя з гледзішча дэмакратычных стандартаў.

Напрыклад, прадстаўнікі ўладаў з дапамогай сваіх мэгафонаў пастаянна абрывалі прамовы дэманстрантаў, перашкаджалі ім гаварыць. Міліцыянты часам гвалтоўна выціскалі людзей з плошчы. Калі беларускае кіраўніцтва хоча рухацца ў бок Эўропы, яно мусіць перагледзець паліцэйскія традыцыі, якія існуюць у Беларусі. Усе дванаццаць патрабаваньняў, якія выстаўленыя Эўразьвязам да афіцыйнага Менску, застаюцца ў сіле”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG