Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнка вельмі зацікаўлены ў памаранчавай уладзе ва Ўкраіне”.


Віталь Цыганкоў, Менск Як расцаніць вынікі парлямэнцкіх выбараў ва Ўкраіне? Што яны азначаюць для Беларусі? Чым можна патлумачыць посьпех Блёку Юліі Цімашэнкі?

Аглядальнік Свабоды Віталь Цыганкоў гутарыць з публіцыстам Аляксандрам Фядутам, які знаходзіцца цяпер у Кіеве

Цыганкоў: “Што паказалі вынікі выбараў? Ці зьмяніліся як-небудзь настроі украінскіх выбарцаў ад часу апошніх парлямэнцкіх выбараў 2006 году?”

Фядута: “На мой пункт погляду, зьмяніліся. Украінскія выбарцы сталі больш адказнымі. Яны больш не галасуюць за тых, хто абяцае адно, а робіць іншае. Тое, што сацыялісты Аляксандра Мароза не прайшлі ў парлямэнт, а іхнія галасы разабралі тыя, хто не мяняў сваіх поглядаў – Блёк Юліі Цімашэнкі (БЮТ) і камуністы – гэта галоўнае. Больш “палітычных Юдаў” ва ўкраінскай палітыцы ня будзе.

Другі вынік – украінскія палітыкі зразумелі, што трэба дамаўляцца. І яны дамовіліся наконт галоўнага: ніводная палітычная сіла ня будзе аспрэчваць вынікі гэтых выбараў”.

Цыганкоў: “Выглядае, што адна з найбольшых сэнсацыяў выбараў – гэта выдатны вынік Блёку Юліі Цімашэнкі. За некалькі дзён да выбараў букмэйкеры прымалі стаўкі на БЮТ – больш ці менш 25 працэнтаў. Але блёк набраў, паводле папярэдніх дадзеных, ня менш як 30. Чым можна патлумачыць такі посьпех? Ці не дапамог тут папулізм?”

Фядута: “Ведаеце, калі экспэрты падлічылі, хто і што абяцаў выбарнікам, то высьветлілася, што найменш абяцала Юлія Цімашэнка. Яна сталася найменшым папулістам з палітыкаў гэтай вагавай катэгорыі.
”Калі зараз Юшчанка будзе казаць пра “больш шырокую кааліцыю”, а не памаранчавую, то ён атрымае імпічмэнт.”
На мой погляд, адбылося іншае – тыя, хто на мінулых выбарах ня вызначыўся, бо не хацелі галасаваць за бела-блакітных, цяпер галасавалі за Цімашэнку. Тыя, хто галасаваў за Януковіча – частка зь іх расчаравалася і перайшла да тых, хто ня вызначыліся”.

Цыганкоў: “На цяперашні момант выглядае, што ў парлямэнт патрапяць Партыя рэгіёнаў, Блёк Юліі Цімашэнкі, “Наша Ўкраіна”, кампартыі, і, магчыма, блёк Літвіна. Можа стварыцца сытуацыя, калі ад блёку Літвіна і будзе залежаць, якая сіла складзе ўрадавую кааліцыю. Да каго можа схіліцца Ўладзімер Літвін?”

Фядута: “Сам Літвін – адзіны палітык–цяжкавагавік, які дасюль не гаварыў, куды ён пойдзе. Насамрэч сёньня ў яго, як сказаў адзін з украінскіх журналістаў – “плятынавая акцыя”, нават не залатая. Зразумела, чаго ён хоча – ён хоча зноў быць сьпікерам. І вось тут пытаньне, да каго ён прыткнецца.

Бо хадзілі чуткі, што адзін зь ягоных палітычных спонсараў – Дзьмітры Фірташ, гаспадар “РосУкрЭнэрга”, адзін зь вельмі ўплывовых бізнэсоўцаў Партыі рэгіёнаў. Калі гэта сапраўды так, то, зразумела, Літвін пойдзе туды і, відаць, атрымае там пасаду сьпікера. Але зразумела і іншае – пасьля гэтага ён ужо ня будзе палітыкам”.

Цыганкоў: “Ваш прагноз: ці хопіць палітычнай моцы і мудрасьці камандам Юшчанкі і Цімашэнкі аб’яднацца і стварыць у парлямэнце сапраўды дэмакратычную ўрадавую кааліцыю? Ці засвоены той сумны досьвед 2006 году, ці вы ўпэўнены, што гэта адбудзецца?”

Фядута: “Я ўпэўнены. Бо ў іншым варыянце Юшчанка ня будзе прэзыдэнтам Украіны. У тым выпадку, калі ня будзе памаранчавай кааліцыі на чале зь Юліяй Цімашэнкай... Цімашэнка ўжо аднойчы прадэманстравала, калі яе фракцыя прагаласавала за закон пра Кабінэт Міністраў Украіны, які вельмі істотна абмежаваў паўнамоцтвы прэзыдэнта Ўкраіны. І калі зараз Юшчанка будзе казаць пра “больш шырокую кааліцыю”, а не памаранчавую, то ён атрымае імпічмэнт”.
“Украіна можа быць вельмі моцным пасярэднікам у перамовах Менску з Захадам.”
Цыганкоў: “Як гэтыя выбары могуць паўплываць на беларуска-ўкраінскія дачыненьні? Калісьці, Аляксандар, вы выказалі думку, што на прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне Беларусі больш выгадная перамога Януковіча. Тады, маўляў, значнасьць Лукашэнкі для Расеі ня будзе такой істотнай. Але ж падзеі паказалі, што ў Лукашэнкі дачыненьні зь Юшчанкам ніяк ня горшыя, чым зь Януковічам. Што цяпер лепш для Беларусі?”

Фядута: “Нагадаю, размова тады ішла пра становішча Беларусі ў залежнасьці ад таго, што адбываецца ва Ўкраіне. І сапраўды, нагадаю, менавіта ўкраінскія падзеі не дазвалялі Маскве адключыць газ Менску. Цяпер Расея ня будзе ўжо адключаць газ Украіне, дый Беларусі.

Але сёньня Лукашэнка вельмі зацікаўлены ў памаранчавай уладзе ва Ўкраіне. Па-першае, гэта не дазволіць пераемніку Пуціна паспрабаваць зьняць Лукашэнку, па-другое, Украіна можа быць вельмі моцным пасярэднікам у перамовах Менску з Захадам. Украіна да гэтага імкнецца, гэта добра вядома. Будзем спадзявацца, што размова пра гэта сапраўды пойдзе адразу пасьля таго, як будзе сфармаваная ўрадавая кааліцыя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG