Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды над затрыманымі 24 сакавіка закрытыя для сваякоў і прэсы


Радыё Свабода У Менскіх судох без удзелу прэсы і сваякоў адбываюцца разгляды справаў затрыманых 24 сакавіка ўдзельнікаў акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы. Былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Марыюш Машкевіч асуджаны на 15 сутак, польская журналістка В.Самалінская - на 10, расейскі журналіст А.Падрабінек - на 15. 34 дзяўчыны пакараныя арыштамі ад 10 да 15 сутак, 25 - чатырма суткамі арышту. А.Казуліна ў суд не прывезьлі - у яго крымінальная справа.

У Заводзкім судзе Менску пачаўся разгляд справаў затрыманых уначы 24 сакавіка. У суд з Жодзіна прывезьлі каля 25-ці ўдзельнікаў акцыі пратэсту, некаторых – з завязанымі назад рукамі. Іх судзяць па аднаму, разгляд іхных справаў закрыты для сваякоў і прэсы.

Затрыманых удзельнікаў акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы пачалі развозіць у суд Цэнтральнага раёну і ў суд Першамайскага раёну. У суд Фрунзенскага раёну прыйшоў аўтазак з Жодзіна.

Пакуль невядома, у якім менавіта аўтобусе ці аўтазаку знаходзіцца А.Казулін. Супрацоўнікі суду не даюць сьпісаў тых, каго будуць судзіць, а супрацоўнікі міліцыі трымаюць людзей у адмысловым памяшканьні, і сваякі маюць магчымасьць бачыць іх толькі тады, як іх вядуць з кабінэта ў кабінэт.

Консул польскай амбасады меў сустрэчу з былым амбасадарам Польшчы ў Беларусі Марыюшам Машкевічам, якога будуць судзіць у судзе Ленінскага раёна Менску.

* * * Невядома, у які суд накіравалі беларускіх і замежных журналістаў, затрыманых на Кастрычніцкай плошчы 24 сакавіка.

* * * У Партызанскім судзе судзяць затрыманых дзяўчат, іх усіх караюць чатырма суткамі арышту. Назіральнікі лічаць, што дзяўчаты атрымалі б большыя тэрміны, але на ўсіх не хапае камэраў.

* * * Суд Ленінскага раёна пакараў былога амбасадара Польшчы Марыюша Машкевіча арыштам на 15 сутак. Сп. Машкевіч у судзе заявіў, што ганарыцца тым, што быў у тую ноч на Кастрычніцкай плошчы.

* * * У Заводзкім судзе разглядаюцца справы каля 25 затрыманых, якіх прывезьлі Жодзіна. Паседжаньне праходзіць у закрытым рэжыме. Удзельнікаў акцыі караюць арыштамі ад 5 да 10 сутак. Мяркуецца, што адбываць пакараньне яны будуць на Акрэсьціна альбо ў Жодзіна. Сярод тых, чые справы разглядаюцца ў гэтым судзе – журналістка "Нашай Нівы" Тацяна Сьнітко.

Паводле інфармацыі, атрыманай ад жодзінскага актывіста дэмакратычнага руху Зьмітра Чарпкова, Аляксандра Казуліна ў Менск не прывезьлі – яго трымаюць у Жодзінскім СІЗА.

* * * Журналістку польскай "Газэты Выборчай" Вераніку Самалінскую суд Кастрычніцкага раёна пакараў арыштам на 10 сутак. Валянціна Палевікова асуджаная на 15 сутак. Расейскі журналіст газэты "Праймс Ньюс" Аляксандар Падрабінек асуджаны на 15 сутак арышту судом Савецкага раёну.

25 затрыманых дзяўчат, справы якіх разглядалі ў Партызанскім раённым судзе, выйдуць сёньня на волю – іх пакаралі чатырма суткамі арышту, якія скончацца празь некалькі гадзінаў. Астатнія 34 дзяўчыны пакараныя арыштамі ад 10 да 15 сутак.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG