Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вацлаў Гавэл спрабаваў наведаць амбасаду Беларусі, але яго не пусьцілі (фота і відэа)


Сяргей Навумчык, Прага Сёньня былы прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл разам з групай сэнатараў і дэпутатаў чэскага парлямэнту прыехаў да беларускай амбасады ў Празе, каб перадаць пэтыцыю ў падтрымку беларускай дэмакратыі і з патрабаваньнем адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі.

Сёньня з раніцы ў Празе ішоў дождж. У праскім раёне Троя, ля беларускай амбасады, нешта рамантуюць, асфальт разьбіты. Блакітная “Шкода” Вацлава Гаўла а палове на дванаццатую спынілася за некалькі дзясяткаў мэтраў ад брамы.

Вось як пратлумачыў Вацлаў Гавэл спробу наведаць беларускую амбасаду:

(Гавэл: ) “Мы хацелі б перадаць нашу кароткую заяву пра сытуацыю ў Беларусі, паказаць нашае стаўленьне да таго, што там адбываецца, выказаць пратэст супраць арыштаў дэманстрантаў. Гэта – акт салідарнасьці.

Мы з уласнага вопыту ведаем, як важны знакі салідарнасьці для тых, хто змагаецца за свабоду. Тут прысутныя тыя, хто асабіста наведаў Беларусь, і яны могуць пацьвердзіць, як важна для апазыцыі, калі яна ведае, што мае падтрымку і салідарнасьць у іншых краінах”.

Двойчы Гавэл і ягоныя паплечнікі спрабавалі патлумачыць супрацоўнікам беларускай амбасады (размова ішла праз дамафон), што яны хацелі б перадаць пэтыцыю. Але ні Гаўла, ні сэнатараў у беларускую амбасаду не пусьцілі. Брамы засталіся зачыненымі, і да іх ніхто ня выйшаў.

Супрацоўніца амбасады сказала апусьціць ліст у паштовую скрыню, што Вацлаў Гавэл і зрабіў. (Варта адзначыць, што і пасьля зыходу з пасады кіраўніка дзяржавы, Вацлава Гаўла лічаць за гонар прымаць каралі і прэзыдэнты.)

Я запытаўся ў Гаўла, ці застаецца ён прыхільнікам выключна негвалтоўных дзеяньняў ў сытуацыі, калі ўлада скарыстоўвае ўсё больш брутальныя сродкі.

(Гавэл: ) "Я думаю, што трэба ўжываць сапраўды негвалтоўныя сродкі. Але адначасна і ўзмацняць ціск, быць трывушчымі, бачыць пэрспэктыву. Наш вопыт кажа, што гэта можа мець плён. Гэта цяжэйшы шлях, даўжэйшы, але гэта добра, паколькі базуецца на зьменах, якія ўжо надышлі".

Вацлаў Гавал таксама падкрэсьліў, што будзе працягваць падтрымліваць беларускую дэмакратыю.

“Ад імя ініцыятывы “Грамадзянская Беларусь”, якая дзейнічае ў Чэскай Рэспубліцы, – гаворыцца ў пэтыцыі, – выказваем разам зь іншымі падпісантамі рашучы пратэст супраць супраць фальсыфікаваньня падчас падрыхтоўкі і правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ды асуджаем міліцэйскі гвалт пры разгоне суботняй мірнай дэманстрацыі ў Менску. Выказваем сваю салідарнасьць з усімі ахвярамі рэпрэсіяў, патрабуем неадкладнага вызваленьня ўсіх затрыманых ды спыненьня далейшага іх перасьледу.

Заклікаем:

прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнку сысьці ў адстаўку;

прадстаўнікоў аўтарытарнага рэжыму ўсьвядоміць адказнасьць за свае рашэньні, бо ў сёньняшнім глябальна ўзаемазьвязаным сьвеце засталося вельмі мала месцаў, дзе можна схавацца ад скаржнікаў міжнародных судоў;

беларускіх міліцыянтаў, судзьдзяў і пракурораў, каб не давалі сябе бясконца падманваць тым, што змагаецеся з крымінальнымі злачынцамі, аргумэнты пра ўсяго толькі выкананьне загадаў будучыя суды браць ад увагу ня будуць;

беларускую інтэлігенцыю, журналістаў і дзеячоў культуры, каб паўсталі супраць абалваньваньня сваіх суграмадзянаў пагрозай небясьпекі з Захаду, ды патрабавалі пасьлядоўнага расьсьледаваньня апошніх падзеяў у Менску.

Зычым усім беларусам пераадоленьня страху ды дамаганьня сваіх асноўных правоў на свабоднае жыцьцё ў прававой дзяржаве і дэмакратычнага кіраваньня краінай, чый урад ня будзе хавацца паліцэйскімі дывізіёнамі са сьлезацечным газам і аглушальнымі гранатамі.

Ад “Грамадзянскай Беларусі”

Вацлаў Гавэл, Карэл Шварцэнбэрг, Анна Шабатава, Ян Румл, Ігар Блажэвіч.

Іншыя падпісанты

Ёзэф Яржаб, сэнатар, Іржы Обэрфальцэр, сэнатар, Здэнэк Барта, сэнатар, Ярамір Шцеціна, сэнатар, Пётр Брацкі, дэпутат парлямэнту, Тацяна Фішэрава, дэпутат парлямэнту. Прага, 27 сакавіка 2006 г.”









(Аўтар фота: Уладзіслаў Яндзюк)

Відэа: • Відэакліп у фармаце Windows Media • Відэакліп у фармаце Real Player
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG