Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутатам нямецкага Бундэстагу не далі беларускіх візаў


Алесь Дашчынскі, Менск Дэпутатам нямецкага Бундэстагу Марылюізе Бэк і Гэоргу Шырмбэку беларускія ўлады адмовілі ва ўязных візах. Дэпутаты былі запрошаныя для ўдзелу ў штогадовым Нямецка-беларускім форуме, які адкрыецца ў Менску 9 лістапада.

Форум завецца “Беларусь — суседзтва і транзыт у Эўропе: замежная палітыка, эканоміка, грамадзтва”. Ягоныя арганізатары — амбасада Нямеччыны ў Беларусі, Беларуска-нямецкае таварыства й Фонд “Навука і палітыка” з Бэрліна.

Старшыня форуму прафэсар Райнэр Лінднэр патлумачыў, што акрамя нямецкіх дэпутатаў не атрымалі візы й два нямецкія журналісты. Гэта кіраўнічка беларускай праграмы радыё “Нямецкая хваля” Карнэлія Рабітц і незалежны журналіст Інга Пэтц. Паводле спадара Лінднэра, нямецкі бок спрабуе станоўча вырашыць гэтую праблему.

(Лінднэр: ) “Гэта рашэньне адносна нямецкіх дэпутатаў было зьвязанае зь мінулымі прэзыдэнцкімі выбарамі. Яны бралі ўдзел у назіраньні. Я лічу, што гэта палітычнае рашэньне. Гэта пэўны рэфлекс беларускай улады, якія занесьлі некаторых эўрапейскіх і нямецкіх палітыкаў у пэўныя сьпісы. Марылюіза Бэк і Гэорг Шырмбэк крытыкуюць беларускае кіраўніцтва, таму, напэўна, рэжым баіцца іхнага прыезду”.

Дэпутат фракцыі ХДС/ХСС Гэорг Шырмбэк пакуль устрымаўся ад камэнтароў. Нямецкая дэпутатка ад фракцыі зялёных Марылюіза Бэк, якая таксама зьяўляецца сябрам Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, сказала:

(Бэк: ) “Я лічу, што мае камэнтары адносна выбараў Лукашэнкі былі дастаткова ясныя. А ў Беларусі гэта ня вельмі любяць, калі нехта гаворыць ясна. І зразумела, што яны не памяняліся. Гэта не маё пэрсанальнае меркаваньне, яно абсалютна адзінадушнае ў АБСЭ. Я думаю, што гэта таксама рэакцыя на тое, што ўведзеная забарона на ўезд у Эўразьвяз шэрагу асобам зь Беларусі. Выбары ў Беларусі не былі свабодныя. Як вынік, былі ўведзеныя візавыя абмежаваньні для беларускіх палітыкаў, якія бралі ўдзел у гэтым недэмакратычным дзеяньні. Я думаю, цяперашняя забарона беларускімі ўладамі на ўезд нам — гэта частка канфлікту”.

Паводле Марылюізы Бэк, ёсьць пэўныя складанасьці ў дыялёгу зь беларускім бокам. Пытаньне ў тым, наколькі магчыма адкрыта й крытычна выказвацца падчас форумаў.

(Бэк: ) “Мы ведаем усе, што такі дыктатарскі рэжым патрабуе цярпеньня, пакуль ён калі-небудзь ня зваліцца. Але шкада, што я не прыеду ў Менск на форум, бо вельмі хачу сустрэцца зь людзьмі, якія належаць да дэмакратычнай апазыцыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG