Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Лябедзька: “Так дапытвалі ў часы Вышынскага”


Радыё Свабода Учора апоўдні супрацоўнікамі КДБ быў затрыманы лідэр АГП Анатоль Лябедзька. Адпусьцілі палітыка толькі а 23-й гадзіне, да гэтага нічога пра ягоны лёс не было вядома. Спадар Лябедзька паведаміў, што яго зьбівалі і дапытвалі па крымінальнай справе па артыкуле “тэрарызм”.

Спадар Лябедзька перакананы, што ягонае затрыманьне было паказальна жорсткім, каб максымальна запалохаць.

(Лябедзька: ) “Як я цяпер разумею, прааналізаваўшы ўсё, што было ўчора, гэта было такое паказальнае затрыманьне – як злачынцу, як нейкага бандзюгу мяне паклалі на асфальт, надзелі кайданкі і білі па нырках. У мой жа аўтамабіль мяне закінулі. Я ня ведаў, куды мяне вязуць, бо мне куртку нацягнулі на галаву, каб я нічога ня бачыў”.

З 6 гадзін амаль да 11-й вечара ў КДБ ішоў допыт Лябедзькі, дапытвалі два сьледчыя, якія так і не прадставіліся. Адзінае, што яны сказалі, што “расьследуецца крымінальная” справа па артыкуле “тэрарызм”, і цікавіліся замежнымі паездкамі Лябедзькі, акцэнтуючы ўвагу на Літве і Грузііі. Усё запісвалася на відэакамэру.

Ніякіх матэрыялаў Лябедзьку не прадэманстравалі, сьледчы складаў пратакол, але ня даў напрыканцы ні азнаёміцца з тым, што ён запісаў, ні падпісаць пратакол. Спадару Лябедзьку так і не патлумачылі, зьяўляецца ён падазраваным ці сьведкам, якія факты ці эпізоды тэрарызму дасьледуюцца. Прычым адзін супрацоўнік КДБ гуляў “добрага” сьледчага, другі – злога.

(Лябедзька: ) “Відаць, так дапытвалі ў сталінскія часы, у часы Вышынскага”.

А палове на 11-ю ночы людзі ў масках вывезьлі Лябедзьку на край гораду, адкуль ён дабіраўся дадому самастойна.
XS
SM
MD
LG