Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябры і калегі ўспамінаюць пра Ігара Герменчука


Сьвятлана Курс, Менск (Эфір 1 студзеня) У ноч на 1 студзеня 1961 году нарадзіўся Ігар Гермянчук – журналіст, удзельнік беларускага незалежніцкага руху, дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, галоўны рэдактар газэты «Свабода» (1991-1999), адзін з тых, хто дамогся абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі й істотна паспрыяў усталяваньню ў краіне свабоды слова. Сёньня пра Гермянчука ў матэрыяле Сьвятланы Курс успамінаюць тыя, хто яго ведаў.

На Ўсходніх могілках у Менску цішыня. Толькі капеж падае ў зьледзянелы сьнег. 1 студзеня Ігару Гермянчуку споўнілася б 45 гадоў. На надмагільлі Гермянчука – бюст. Галава – у неба, падбародак – наперад. “Такім ён быў і ў жыцьці”, – кажа аўтар праекту Лявонцій Зданевіч.




(Зданевіч: ) “Помнік просьценькі: вось гэтыя дзьве гранітныя пліты. Яны разарваныя – манумэнтальная думка, што жыцьцё разарвалася. І з гэтага разрыву кветкі растуць. Мінімум гэтых кветак. Ну і стэла такая гранітная – зь цёмна-шэрага граніту. Мы выбіралі разам з жонкай. Была думка выбраць больш каляровы матэрыял, але мне не хацелася. Нягледзячы на аптымізм, на ўсьмешку, якую ён на твары насіў заўсёды, узьнёслы такі быў, гэта асоба гістарычная, сур’ёзная асоба”.

Ігар Гермянчук (псэўданімы Пятро Панкратовіч, Мікола Грынявіцкі) нарадзіўся ў сьветлагорскай вёсцы Страковічы. У сямнаццаць год паступіў на факультэт журналістыкі БДУ, які скончыў у 1984-м. Пачаткам сваёй апазыцыйнай дзейнасьці ён лічыў 1979 год, самы росквіт брэжнеўскага застою. Менавіта тады яны разам зь Сяргеем Дубаўцом, Вінцуком Вячоркам ды Сяргеем Запрудзкім намерыліся выдаваць падольную газэту.

Сяргей Дубавец апісвае гэта ў адным са сваіх эсэ: “Я тады працаваў у друкарнях «Во славу Родины» i МУС, і па літарцы цягаў адтуль шрыфты. Ігар Гермянчук на Менскім паліграфкамбінаце вырабіў клішэ загалоўка, а Сяржук Сокалаў з дапамогаю швагра ў Наваполацку зрабіў мэталёвы валік з гумоваю абалонкай. Арына Вячорка пашыла фартух наборшчыка з кішэнямі для касаў... Гэтак супольнымі намаганьнямі была фактычна створаная матэрыяльная база падпольнай друкарні. Аднак неўзабаве нас з Герменчуком загрэблі ў войска. Вінцук Вячорка і Сяргей Запрудзкі, якія вучыліся на філфаку БДУ, адчулі на сабе перасьлед КДБ, пасьля чаго Запрудзкі закапаў друкарню ў вёсцы сваіх бацькоў”.

У 1981-м, вярнуўшыся з войска, 20-гадовы Ігар далучаецца да Беларускай сьпеўна-драматычнай Майстроўні – аднаго зь першых дэмакратычных згуртаваньняў моладзі. Працуе спачатку карэспандэнтам газэты «Голас Радзімы», а з 1987 – уласным карэспандэнтам Інфармацыйнага агенцтва «Навіны» па Беларусі.

Быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР, далучыўся да фракцыі БНФ у парлямэнце. Разам зь іншымі дэпутатамі ад апазыцыі ў парлямэнце працаваў над праектам Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі.

З красавіка 1991 году Гермянчук – галоўны рэдактар газэты «Свабода». За часам ягонага рэдактарства «Свабода» стала найбуйнейшым дэмакратычным выданьнем у Беларусі. Наклады газэты сягалі 80-100 тыс. асобнікаў.

За дзейнасьць у якасьці галоўнага рэдактара «Свабоды» Генэральная пракуратура чатыры разы ўзбуджала крымінальныя справы супраць Герменчука. Невядомыя стралялі па вокнах ягонага дому ў Калодзішчах.

Нарэшце 24 лістапада 1997 году газэту закрылі паводле рашэньня Вышэйшага гаспадарчага суду. Аднак яна паўстала ў студзені 1998-га пад назвай «Навіны». Роўна праз год з-за канфлікту з выдаўцом газэты Паўлам Жуком Гермянчук пакінуў пасаду галоўнага рэдактара «Навінаў» і заснаваў грамадзка-палітычны часопіс «Кур''ер».

Гаворыць Павал Жук:

(Жук: ) “Я Герменчука ведаў з 1991 году да самай сьмерці. Пазнаёміў мяне зь ім Дубавец, калі мы вырашылі рабіць яшчэ й “Нашу Ніву”, і Дубавец вырашыў перайсьці туды. А Гермянчук быў тады дэпутатам Вярхоўнага Савету. Дубавец кажа: “Я цябе пазнаёмлю з хлопцам, які падыдзе на галоўнага рэдактара. Харошы баец, сапраўдны баец. Прыехалі да яго ў Калодзішчы дадому, пасядзелі і пачалі працаваць. На працягу гэтых гадоў розныя былі рэчы, але я яго паважаю як вельмі прыстойнага чалавека й абсалютнага прафэсіянала ў сваёй справе. Ён даходзіў да кожнага матэрыялу, амаль усю газэту перапісваў. Сварыўся з аўтарамі. Цяжкасьці былі ў нас вялікія, спрабавалі выжыць, так-сяк выкручвацца”.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму Вы вырашылі адхіліць яго з пасады галоўнага рэдактара? Што хавалася за гэтым канфліктам?”

(Жук: ) “Магчыма, мае амбіцыі. З аднаго боку, гэта была памылка, зь іншага паўплывала эканамічная і палітычная сытуацыя ў краіне”.

Апрача чатырох крымінальных справаў, выкраданьня рэдакцыйных кампутараў, стрэлу па вокнах, уварваньня АМАПу ў рэдакцыю, Гермянчук перажыў і зьбіцьцё дэпутатаў-галадоўнікаў напярэдадні рэфэрэндуму 1995 году.




Дэпутат Юры Беленькі, удзельнік гэтых падзеяў, кажа, што і там Гермянчук зрабіў тое, што рабіў усё жыцьцё – адхіліў заслону, адкрыў твар праўды.

(Беленькі: ) “Мы сядзелі, сашчапіўшыся рукамі адзін з адным. Першыя кінуліся на Пазьняка і сталі ціснуць яму на вочы, рабіць болевыя прыёмы, як гэта называецца. Гермянчук, які быў непадалёк, кінуўся да аднаго з гэтых і сарваў маску. Відаць, па іхных інструкцыях нельга твар паказваць, і той кінуўся долу тварам уніз, і закрыў свой твар. 300 спэцназаўцаў са зброяй, дзікія крыкі, а ён не баіцца сарваць маску з чалавека, які выконвае бандыцкую ролю!”

У 1996 Беларускі ПЭН-цэнтар прысудзіў Герменчуку прэмію «За высокі прафэсіяналізм у барацьбе супраць аўтарытарнай дыктатуры ў Беларусі». Расказвае выдавец недзяржаўнае прэсы Пётар Марцаў.

(Марцаў: ) “Я з Ігарам пазнаёміўся, калі адбылося нечаканае рэзкае падзеньне накладу “Свабоды”, якая доўгі час была сымбалем адраджэньня. У яе быў вялікі наклад у пачатку 1990-х, і яна мела вялікае значэньне для грамадзтва. Потым адбыліся зьмены на газэтным рынку, і выдавец, Павел Жук, а таксама, магчыма, Ігар запрасілі мяне, каб дапамагчы знайсьці агульную мову.

Хто ведае Ігара, той заўважыў, што гэта прынцыповы, адкрыты, эмацыйны чалавек. Дачыняцца зь ім цяжка, калі ён упэўнены ва ўласнай рацыі. Аднойчы мы груба пасварыліся і сядзелі адзін насупраць другога і саплі. Адчувалася, што калі б хто-небудзь сказаў слова, другі устаў бы, сышоў і не вярнуўся. Аднак неяк мы адзін аднаго перасаплі.

Чалавек быў адданы справе. Яго ў значна меншай меры цікавілі іншыя рэчы – можа быць, нават палітыка ня так цікавіла, як уласная газэта. Грошы яго дакладна ня так ужо цікавілі, у адрозьненьне ад бальшыні нашых калегаў. Так шкада, што адзін з прынцыповых журналістаў сышоў, і меней стала нас”.




Менавіта Ігар Гермянчук стаяў ля вытокаў незалежнага друку Беларусі. Ён працаваў да апошніх дзён жыцьця. Памёр ад анкалягічнай хваробы 29 красавiка 2002 году. А неўзабаве Нарвэскі ПЭН-цэнтар сумесна зь БАЖам заснавалі намінацыю – “За адданасьць прынцыпам свабоды слова” памяці Ігара Герменчука. Гэтая ўзнагарода ўручаецца цяпер лепшым зь лепшых ў Сусьветны дзень журналістыкі...

Сям’я Ігара Герменчука адмовілася гаварыць пра яго. Паводле ўдавы, спадарыні Марыі, і ёй, і сыну гэта цяжка. Штогод 1 студзеня, калі ў іншых сем’ях сьвяткуюць Новы год, яны едуць на могілкі – да мужа й бацькі.
XS
SM
MD
LG