Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Генадзь Каханоўскі


Уладзімер Арлоў, Менск (Эфір 4 студзеня) Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Калі я згадваю Маладэчна, заўсёды выплывае імя – Генадзь Каханоўскі.

Памятаю сябе студэнтам, які зачаравана стаіць у музэі перад скрыпкай Міхала Клеафаса Агінскага. Я яшчэ не заўважаю, што з-за вітрыны са слуцкім пасам на мяне глядзіць чалавек зь нейкім надзіва ўтульным прыжмурам вачэй. Праз хвіліну мы знаёмімся. Месца – Менскі абласны краязнаўчы музэй у Маладэчне. Чалавек – намесьнік дырэктара музэю па навуцы Каханоўскі. Я не здагадваюся, што празь дзесяць гадоў ён будзе рэцэнзэнтам маіх кнігаў.

Тады знаёмства зь Генадзем Каханоўскім станецца бліжэйшым і мне адкрыецца няпросты шлях гэтага самаадданага слугі музы Кліё.

Юначыя гады ў Маскве, дзе будучы гісторык Каханоўскі ачольваў беларускае студэнцкае зямляцтва. Сустрэчы з Уладзімерам Дубоўкам і Міколам Улашчыкам, які стаў для Генадзя ўзорам служэньня навуцы і Радзіме. Вяртаньне ў Маладэчна і праца ў абласным краязнаўчым музэі, дзе найперш дзякуючы Каханоўскаму была створаная экспазыцыя, якая, адрозна ад шмат якіх замшэлых сталічных, працавала на беларускую нацыянальную ідэю.

Але гэтак званыя кампэтэнтныя органы таксама ня спалі ў шапку. У 1969-м адмыслова скліканая атэстацыйная камісія прызнала працу маладога гісторыка-патрыёта шкоднай для камуністычнага выхаваньня савецкіх людзей. Каханоўскі быў абвінавачаны ў нацыяналізьме нават за тое, што казаў пра страту Беларусьсю ў 2-й сусьветнай вайне кожнага чацьвертага, а значыць “штучна завышаў ролю беларускага народу”.

Звольненага Каханоўскага аднавілі на працы, дзякуючы заступніцтву Максіма Танка і Янкі Брыля, але нападкі на вучонага не спыняліся. Яго, які так любіў падарожнічаць, не выпускалі за мяжу. Мне здаецца, што якраз сваю тугу па нязьдзейсьненых вандраваньнях ён увасобіў ва ўнікальным помніку Віленскаму шляху паблізу вёскі Мясата на Маладэчаншчыне.

Калі над краінай падзьмулі новыя вятры, Каханоўскі пасьпеў зрабіць неверагодна шмат.

У 1989-м спрычыніўся да заснаваньня Беларускага краязнаўчага таварыства і стаў яго першым старшынём. У 1992-м абараніў першую ў Беларусі доктарскую дысэртацыю па крыніцазнаўстве матэрыяльнай і духоўнай культуры нашага народу. Адна за адной выходзілі яго кнігі па фальклярыстыцы і археалёгіі, дасьледаваньні, прысьвечаныя Яўстаху Тышкевічу, Адаму Кіркору, Максіму Багдановічу...

Лёс адмераў яму кароткае жыцьцё. Сёлета 8 студзеня Каханоўскаму споўнілася б усяго 70, а яго няма з намі ўжо 12 гадоў.

Разам з сваёй навуковай спадчынай ён пакінуў нам і мару, якой дзяліўся зь блізкімі сябрамі: аднойчы прачнуцца, а Беларусь ужо вольная.

Гэта абавязкова станецца.

Гл. таксама • Архіў перадачы "Імёны Свабоды"
XS
SM
MD
LG