Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турнір памяці Г.Карпенкі па міні-футболу зноў выйгралі журналісты


Альгерд Невяроўскі, Менск У Менску прайшоў дзясяты юбілейны турнір па міні-футболу “Кубак свабоды” памяці Генадзя Карпенкі. Гэтыя спаборніцтвы, што праводзяцца з 1997 году, традыцыйна прымеркаваныя да Дня незалежнасьці Беларусі 27 ліпеня. Чацьвёрты раз запар “Кубак свабоды” памяці Генадзя Карпенкі выйграла каманда беларускіх журналістаў.

У сёлетнім, ужо 10-м па ліку турніры па міні-футболе “Кубак свабоды” памяці Генадзя Карпенкі, які праходзіў у менскім парку Чалюскінцаў, брала ўдзел пяць камандаў: Партыі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі камуністаў беларускай, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” і зборная каманда журналістаў. Каля футбольнага поля былі вывешаныя партыйныя сьцягі камандаў-удзельніцаў, а за спабоніцтвамі акрамя гульцоў і заўзятараў яшчэ назіралі міліцэйскія чыны зь Менскага гарадзкога ўпраўленьня.

Першымі на поле выйшлі каманды Грамады і партыі БНФ. Пакуль каманды папераменна атакавалі брамкі суперніка, я размаўляў з трэнэрам “грамадоўцаў”, сябрам ЦК гэтай партыі Міхасём Ганчарыкам:

(Ганчарык: ) “Я лічу, што гэта спартовая, а не палітычная акцыя. Мы ўдзельнічаем таму, што мы любім і падтрымліваем спорт, і падтрымліваем сябе ў спорце. Сёньня мы прадстаўляем сваю партыю, у тым ліку і нашага лідэра Казуліна. Мы памятаем самога Генадзя Карпенку, калі ён выходзіў тут і гуляў, памятаем Віктара Ганчара. І таму я лічу, што гэты турнір будзе праводзіцца кожны год. Можа, надыйдзе час, калі Беларусь будзе вольная і дэмакратычная. Мы будзем шанаваць гэты турнір, і думаю, што ў яго будзе працяг”.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі і капітан яе футбольнай каманды Анатоль Лябедзька, наадварот, лічыць, што “Кубак свабоды “ ня ёсьць выключна спартовым мерапрыемствам:

(Лябедзька: ) “Ёсьць добрая традыцыя – гэта “Кубак свабоды”. І слова “свабода” сёньня актуальнае для ўсіх людзей, якія маюць грамадзянскую пазыцыю. І хто любіць спорт, і хто проста яго аматар. А па-другое, гэты турнір зьвязаны з датай – прыняцьцём Дэклярацыі аб сувэрэнітэце. Таму тут ёсьць і пэўны палітычны падтэкст. Акрамя гэтага тут ёсьць мажлівасьць людзям наладзіць нефармальныя камунікацыі на спартовай пляцоўцы. Я лічу, што гэта вельмі добра”.

Гулец каманды партыі БНФ Андрэй Саротнік таксама лічыць, што падчас удзелу ў такіх турнірах мацуюцца пэрсанальныя сувязі паміж прадстаўнікамі розных партыяў. На думку Андрэя Саротніка, перамагчы ў сёлетнім турніры павінна каманда журналістаў.

Зь ім не пагадзіўся лідэр Партыі камуністаў Сяргей Калякін, які прадказваў перамогу сваёй футбольнай дружыне. Тыб больш калі пераможцы турніру трох апошніх гадоў журналісты згулялі свой першы матч унічыю (1:1) з камандай ПКБ.

Гаворыць гулец зборнай журналістаў, карэспандэнт інфармацыйнай агенцыі БелаПАН Юры Пацёмкін:

(Пацёмкін: ) “Мы б хацелі і ў чацьвёрты раз забраць гэты кубак. Але трэба сказаць, што ўзровень камандаў расьце і з кожным годам гэта рабіць усё складаней. Але ў нас наперадзе яшчэ тры гульні. Мы зараз падкарэктуем нашую тактыку і стратэгію і, думаю, усё будзе добра”.

Юры Пацёмкін не памыліўся. Абыграўшы па чарзе каманды БНФ 1:0, сацыял-дэмакратаў 2:1 і АГП 4:0, каманда журналістаў у чацьвёрты раз стала пераможцам “Кубку свабоды”.
XS
SM
MD
LG