Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Бандажэўскі на Свабодзе: “Я выжыў, дзякуючы навуцы”


Валер Каліноўскі, Менск Вызвалены ў мінулую пятніцу прафэсар Юры Бандажэўскі заявіў Радыё Свабода ў першым пасьля вяртаньня з калёніі-пасяленьня інтэрвію, што хоча вярнуцца да актыўных навуковых дасьледаваньняў, дапамагаць людзям захоўваць здароўе ў неспрыяльных экалягічных умовах. З былым палітвязьнем, вядомым спэцыялістам у галіне радыяцыйнай мэдыцыны, заснавальнікам і першым рэктарам Гомельскага мэдінстытуту Юрыем Бандажэўскім на наступны дзень пасьля ягонага вызваленьня размаўляў наш карэспандэнт.

З калёніі-пасяленьня нумар 26, што ў Дзятлаўскім раёне, прафэсар Бандажэўскі прывёз свае кнігі, шматлікія навуковыя запісы, а таксама францускага бультэр’ера Чапу й ката Цімафея, якія жылі зь ім цягам апошняга году. “Бязь іх ня выжыў бы, — зусім сур’ёзна гаворыць прафэсар Бандажэўскі, — яны былі для мяне моцнай псыхалягічнай падтрымкай”.

Чапу шчанюком летась на дзень мэдыка падаравалі калегі з інстытуту “Белрад”. А чорнаму кату Цімафею ўжо сёмы год — яго кацянём купілі малодшай дачцэ Бандажэўскага Натальлі, каб неяк суцешыць пасьля арышту бацькі. Тады Натальлі было 9 гадоў. Цяпер — ідзе год шаснаццаты.

Больш за 6 гадоў Юры Бандажэўскі быў пазбаўлены волі. Пасьля ўмоўна-датэрміновага вызваленьня ў мінулую пятніцу ён будзе змушаны яшчэ 5 месяцаў стаяць на ўліку ў міліцыі. Выезд за мяжу яму таксама пакуль абмежаваны. Вызваленьне было доўгачаканым, але адбылося раптоўна — нават жонка Бандажэўсакага Галіна, якая ўсе гэтыя шэсьць гадоў няволі была лепшым ягоным абаронцам, не адразу сустрэла ў Менску, бо зьехала на выходныя да маці.

Вызваленьне прафэсара адкладалася на пачатак 2006 году. Турэмная адміністрацыя лічыла немагчымым датэрміновае вызваленьне з той прычыны, што ён так і не прызнаў сябе вінаватым і не пачаў сплочваць сумы судовых зыскаў — 35 мільёнаў рублёў.

(Бандажэўскі: ) “Я ніколі ня быў згодзен з выракам, і віну не прызнаваў. І любы рубель, заплачаны мною, быў бы прызнаньнем, пэўным прызнаньнем віны”.

Нягледзячы на гэта, у ліпені без асаблівага афішаваньня пачаўся перагляд справы аб датэрміновым вызваленьні Бандажэўскага, які й скончыўся ягоным выхадам на волю ў мінулую пятніцу.

(Бандажэўскі: ) “Я меў настрой пасьля таго, як адмовілі ў студзені, на самыя скрайнія захады, якія маглі адбыцца са мною… Так здарылася. Але я ня думаю, што гэта самы лёгкі варыянт выхаду з сытуацыі. Ёсьць пытаньні з працаўладкаваньнем, мажлівасьці якога я пакуль тут ня бачу, ёсьць спагнаньне зыску, які кладзецца на мяне цяжарам”.

Апошнія тры месяцы ў калёніі-пасяленьні Бандажэўскі працаваў слесарам даільных установак на калгаснай фэрме. Спачатку было даволі складана, потым адаптаваўся.

(Бандажэўскі: ) “Я магу нармальна падаіць кароў на фэрме з дапамогай апаратуры. Я працаваў слесарам па абслугоўваньні даільнага абсталяваньня. Гэта дастаткова складаная й адказная праца, бо калі маецца 400 жывёл, вялікая колькасьць даярак і калі адзін кампрэсар псуецца, ці малако мае ня тую якасьць, то выстаўляюцца сур’ёзныя прэтэнзіі”.

Спадар Бандажэўскі кажа, што калгаснае кіраўніцтва старалася пазьбягаць яго. Простыя калгаснікі былі больш адкрытымі. Начамі “ў межах магчымага” прафэсар працягваў сваю навуковую працу.

(Бандажэўскі: ) “За год мне ўдалося напісаць кнігу “Філасофія майго жыцьця”. Кніга перакладзена на францускую мову й неўзабаве выйдзе ў Францыі”.

Прафэсар Бандажэўскі кажа, што ў ізаляцыі здолеў перапрацаваць інфармацыю, якой валодаў, і, перш за ўсё, навукова-мэтадычныя падыходы, ды выйсьці на новае разуменьне праблем выжываньня чалавека ў неспрыяльных экалягічных умовах, якія ў значнай ступені створаны самім чалавекам.

(Бандажэўскі: ) “Адносіны да праблемы ў мяне не памяняліся зусім, але цэлы шэраг новых дэталяў, новых падыходаў, новых зьяў, якія мне ўдалося адчуць, дамалявалі тую карціну, якую я пачынаў. І я тут магу сказаць, што папрацаваў няблага”.

Сумесна з францускім навуковым цэнтрам CRIIRAD (Незалежная дасьледча-інфармацыйная камісія па радыяактыўнасьці) прафэсар Бандажэўскі зьбіраецца працягваць дасьледаваньне ролі цэзію й прадуктаў ягонага распаду ва ўзьнікненьні паталёгій чалавека й іншых жывых арганізмаў.

Спадар Бандажэўскі кажа, што турма неістотна яго зьмяніла, што навуковая праца дапамагла яму выжыць і застацца сабою ў няволі:

(Бандажэўскі: ) “Калі б я не тварыў і не імкнуўся раніцай устаць, спадзеючыся, што я там нешта падоўжу, я, напэўна, загінуў бы. А чаго мне там сядзець? Разумееце: 42 гады, прафэсар, 8 гадоў выраку… Што можа стаць з навукоўцам за 8 гадоў у турме? Што, калі б не навука? Што там рабіць, да чаго можна дайсьці?”

Спадар Бандажэўскі кажа, што, паводле судова-мэдычных экспэртаў, за пяць гадоў у турме адбываецца ломка псыхікі чалавека. Але вялікае жаданьне займацца навукай ды ўласна распрацаваная сыстэма выжываньня дапамаглі спадару Бандажэўскаму зьберагчы сябе.

У турме Юры Бандажэўскі перанёс некалькі сур’ёзных апэрацый. Праблемы са здароўем засталіся й цяпер. Таму Бандажэўскаму патрэбна сур’ёзнае мэдычнае абсьледаваньне. Але ён мяркуе, што пакуль дэталёва пра тое гаварыць ня варта –– гэта стала прыватнай справай.

Цяпер Юры Бандажэўскі вяртаецца да актыўнай навуковай працы. Францускі цэнтар CRIIRAD хоча зарганізаваць яму ў Беларусі прыватную лябараторыю, дырэктарам якой стане ягоная жонка Галіна — яна ўжо займаецца арганізацыйнымі справамі.

Спадар Бандажэўскі разумее, што адкрыць лябараторыю будзе нялёгка. Але неяк мяняць сфэру сваёй дзейнасьці, — напрыклад, ісьці ў палітыку — ён не зьбіраецца, бо даўно абраў свой крыж:

(Бандажэўскі: ) “Мая роля павінна быць сканцэнтравана, магчыма, нават на арганізацыі працы ў далейшым дасьледаваньні праблемы выжываньня чалавека ва ўмовах неспрыяльных фактараў — ня толькі радыяцыйных (ёсьць і шмат іншых). Нейкімі іншымі момантамі, акрамя барацьбы за здароўе людзей ды разуменьня таго, што ім пагражае, наўрад ці я буду займацца”.

Спадар Бандажэўскі — не апошні вязень сумленьня ў беларускіх турмах. У зьняволеньні застаюцца Міхаіл Марыніч, Валер Леванеўскі, Мікола Статкевіч, іншыя. Спадар Бандажэўскі ведае, што гэта людзі з моцнай воляй, якую не ўдасца некаму скарыць.

(Бандажэўскі: ) “Маё пажаданьне — застацца гэтым людзям самімі сабой і захаваць той пункт гледжаньня, які яны маюць”.

Спадар Бандажэўскі разумее, што вярнуцца ў тое асяродзьдзе, у якім ён быў да арышту, будзе немагчыма. Як зьмянілася краіна за 6 гадоў ягонай няволі, ён яшчэ не гатовы ацаніць. Разумее толькі, што Беларусь шмат перажыла й застаецца ўнікальнай у Эўропе краінай, з моцнымі перажыткамі камуністычнай сыстэмы, і грамадзтва ня можа адэкватна рэагаваць на выклікі часу. У тым ліку, і на чарнобыльскую бяду.

Цяперашняе стаўленьне да чарнобыльскіх праблем, размовы аб магчымасьці будаўніцтва ў Беларусі ўласнай АЭС выклікаюць у спадара Бандажэўскага пэсымістычныя развагі пра паноўную безадказнасьць перад будучымі пакаленьнямі:

(Бандажэўскі: ) “Жывуць адным днём… Мы ж жывём у дзецях, унуках, праўнуках… Вось вас Літва напалохала могільнікам ядравых адыходаў, і вы пачалі гаварыць пра Браслаўскія азёры. Так, гэта страшная рэч. Вазьміце паглядзіце, колькі ў нас нараджаецца дзяцей і зь якім станам здароўя… Эгаізм, нелюбоў да Бога й людзей нараджаюць тое, што мы цяпер маем”.

Спадар Бандажэўскі кажа, што ён верыць у Бога й лічыць веру першаснай у жыцьці, хоць сам паходзіць з атэістычнай сям’і. Ён пахрысьціўся за некалькі месяцаў да свайго арышту. У турме вера толькі ўмацавалася, — цьвердзіць навуковец.

(Бандажэўскі: ) “Самае галоўнае, што я зразумеў: не я тварэц таго, што раблю. А вось маё жаданьне працаваць, прынесьці карысьць дае магчымасьць атрымліваць гэтую навуковую інфармацыю. Я падрыхтаваны для гэтага, я аналізую, але мой мозг увесь ва ўладзе гэтага”.

Нагадваем: Юры Бандажэўскі быў арыштаваны ў 1999 годзе, у 2001 годзе прафэсар быў засуджаны на 8 гадоў калёніі паводле зьвінавачаньня ў хабарніцтве. Праваабаронцы лічаць, што спадара Бандажэўскага засудзілі з палітычных матываў — за тое, што вынікі ягоных навуковых дасьледаваньняў разыходзіліся з пазыцыяй афіцыйнай беларускай мэдыцыны. Міжнароднымі й беларускімі праваабарончымі арганізацыямі Юры Бандажэўскі прызнаны вязьнем сумленьня. Спадар Бандажэўскі сабраў каля 50 тысяч лістоў з усяго сьвету на сваю падтрымку. У Францыі дзейнічаў камітэт за вызваленьне Бандажэўскага, шэраг замежных гарадоў надалі яму званьне пачэснага грамадзяніна пад час яго знаходжаньня ў турме.
XS
SM
MD
LG