Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Авіякампанія “Гродна” страціла ў Афрыцы ужо другога пілёта


Ігар Карней, Менск Сёньня стала вядома прозьвішча беларускага пілёта, які тыдзень таму загінуў ў авіякатастрофе самалёта Ан-12 у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга.

У амбасадзе Расейскай Фэдэрацыі ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга на просьбу Радыё Свабода пацьвердзілі: сярод загінулых у авіякатастрофе лётчыкаў быў і грамадзянін Беларусі.

Паводле амбасады, пошукі самалёту Ан-12 вяліся некалькі дзён, паколькі ён упаў сярод джунгляў і амаль цалкам згарэў. Прадстаўнік МЗС Беларусі Руслан Есін сказаў, што замежнапалітычнае ведамства пасьля адпаведнай праверкі інфармацыі мусіць таксама прызнаць факт гібелі беларускага пілёта.

(Есін: ) “Сёньня канчаткова ўстаноўлена, што ў складзе экіпажу знаходзіўся грамадзянін Рэспублікі Беларусь 1972 году нараджэньня, другі пілёт паветранага судна, які дагэтуль пражываў у Горадні”.

Я патэлефанаваў у авіякампанію “Гродна”, каб спраўдзіць інфармацыю пра загінулага пілёта. Вось што распавёў намесьнік дырэктара кампаніі Віктар Ганчарук:

(Ганчарук: ) “Амельчанка Аляксандар Мікалаевіч, у нас працаваў да мінулага сьнежня, але калі яму прапанавалі гэты кантракт, ён звольніўся — у нас гэта абавязковая ўмова… Малады зусім хлопец. Лічу, што гэта аднаклясьнікі яго туды завабілі нейкімі абяцаньнямі. Але вось паўгоду нават не адлятаў. Наконт фінансавых пытаньняў, праўда, я ня ведаю, нават не цікавіўся”.

Як удакладніў Віктар Ганчарук, Аляксандар Амельчанка пасьля звальненьня працягнуў працу па пэрсанальным кантракце ў расейскай авіякампаніі “Вікторыя Эйр”, якая базуецца ў Лібіі, але выконвае палёты па ўсёй Афрыцы. Дарэчы, цягам апошняга часу гэта ўжо ня першы трагічны выпадак з былымі пілётамі гарадзенскай авіякампаніі. Летась з Афрыкі прывезьлі лётчыка, які памёр ад малярыі. Гэта пацьвердзіў і спадар Ганчарук:

(Ганчарук: ) “Так, было такое. І таксама прывезьлі адтуль, з Конга. І ўсё роўна лезуць туды…”

Як хутка цела пілёта можа быць дастаўленае на радзіму, у МЗС ня ведаюць. Паводле Руслана Есіна, запатрабуецца яшчэ пэўны час.

(Есін: ) “Цяпер адбываецца выманьне парэшткаў целаў загінулых з самалёта, і ў далейшым будзе прынятае рашэньне аб іх дастаўцы на радзіму. Таму ўся працэдура зойме пэўны час”.

Авіякатастрофы над Афрыкай, у якіх гінуць у тым ліку і беларусы, здараюцца рэгулярна. Ня так даўно ў Танзаніі загінулі шасьцёра грамадзянаў Беларусі, яшчэ раней трагічныя весткі прыходзілі з Анголы. Паводле Афрыканскай асацыяцыі авіялініяў, за апошнія дзесяць гадоў па ўсёй Афрыцы афіцыйна зарэгістравана 210 авіякатастрофаў. Сярод асноўных прычынаў — недахоп сучасных лётнішчаў, навігацыйнага абсталяваньня і перагрузка самалётаў.
XS
SM
MD
LG