Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачынаецца “мабілізацыя” ў Парк высокіх тэхналёгій


Ігар Карней, Менск Сёньня ў менскім цэнтры “БелЭКСПА” пачынае працу выстава праграмнага забесьпячэньня “Best Soft”. Выстава мусіць стаць своеасаблівым “трамплінам” для будучых рэзыдэнтаў Парку высокіх тэхналёгій (ПВТ). Прынамсі, абвешчана: цягам трох дзён (ад 8 да 10 лістападу) кампаніі і асобныя праграмісты могуць падаць бізнэс-пляны куратару выставы, намесьніку кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Алегу Праляскоўскаму і старшыні адміністрацыі Парку высокіх тэхналёгій Валерыю Цапкалу. Наш карэспандэнт высьвятляў: ці сьпяшаюцца рабіць гэта патэнцыйныя ўдзельнікі інтэлектуальнага парку?

Калі я напярэдадні размаўляў з дырэктарам цэнтру “БелЭКСПА” Аляксеем Лазукам, той быў перакананы: падпісаньне кантрактаў на ўдзел у ПВТ сёньня-заўтра можна чакаць амаль са стопрацэнтнай гарантыяй. А гэта значыць, і першыя рэзыдэнты беларускага інтэлектуальнага парку могуць быць абвешчаныя ўжо па выніках спэцыялізаванай выставы. Кіраўнік навукова-тэхнічнага цэнтру “Атлас” Аляксандар Грыгор’еў увогуле лічыць, што ўжо наступныя імпрэзы будуць ладзіцца як справаздачныя мерапрыемствы Парку высокіх тэхналёгій.

(Грыгор’еў: ) “На паседжаньні аргкамітэту мы зьвярнуліся да адміністрацыі Парку высокіх тэхналёгій з тым, каб адміністрацыя больш пільна зьвярнула ўвагу на выставу “Best soft” і ў наступныя гады мы сумесна ладзілі гэтую імпрэзу. І абавязкова гэтая выстава мусіць суправаджацца навуковымі мерапрыемствамі, таму што праца ў гэтай галіне ня можа быць адарванай ад навукі і, натуральна, адміністарцыя ПВТ, назіральная Рада зьверне ўвагу на нашае пачынаньне і нашую прапанову”.

У рэчышчы спадзяваньняў спадара Грыгор’ева ўдакладню: назіральную Раду ўзначальвае кіраўнік НАН Міхаіл Мясьніковіч, а ўласна беларускую “Крэмніевую даліну” – памочнік прэзыдэнта Валерый Цапкала. Менавіта стопрацэнтны дзяржаўны кантроль над ПВТ і насьцярожвае яго патэнцыйных удзельнікаў. Пры тым, што Аляксандар Лукашэнка нядаўна паабяцаў парку інвэстыцый на адзін мільярд даляраў, ніхто толкам ня можа адказаць – адкуль рэальна возьмуцца грошы? Так і не прагучала, хто з патэнцыйных міжнародных заказчыкаў маецца прыехаць у Менск дзеля працы хоць бы ў выставе. Раней Валерый Цапкала гаварыў пра цікаўнасьць да ПВТ з боку карпарацыі Boeing, Microsoft, аднак чым бліжэй да пачатку рэальнай працы, тым меней засяроджваюцца на пэрсаналіях. У гэтым зьвязку менскі праграміст Сяргей Крохін не выключае: гучнымі брэндамі адказныя за рэалізацыю праекту карыстаюцца выключна ў рэклямных мэтах.

(Крохін: ) “Магчыма, гэтая інфармацыя тыражуецца для стварэньня станоўчага вобразу ПВТ. Прынамсі, ні пацьвердзіць, ні абвергнуць яе немагчыма. Але што тычыцца нашай фірмы, то з намі сапраўды працуюць самыя вядомыя кампаніі. Але яны ўжо гадоў 10 з намі кантактуюць. Гэта Dimler-Chrysler, IBM, іншыя”.

Як удалося высьветліць, на гэты момант крытэрыям адміністрацыі Парку высокіх тэхналёгій адпавядаюць дзесьці 30-35 кампаній. У той час, як у так званай “Крэмніевай даліне” у Каліфорніі, якую і бяруць за ўзор беларускія функцыянэры, прапісаныя дзесяткі тысячаў вялікіх і малых кампаній. Рэальна ж прадпрыемстваў, якія працуюць у гэтай галіне, здаецца, яшчэ меней. Запатрабаваны прадукт у ЗША, Брытаніі, Нямеччыне, Францыі вырабляюць толькі тры беларускія фірмы: ЕРАМ, IBA, BelHard. Аднак, паводле спэцыялістаў, арыентацыя Парку высокіх тэхналёгій на ўнутраны рынак можа саслужыць яму дрэнную службу: сучасная беларуская эканоміка ня зможа “пераварыць” высокаінтэлектуальнага прадукту ў такой колькасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG