Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стандартам Парку высокіх тэхналёгіяў адпавядаюць толькі 30-35 кампаніяў


Ігар Карней, Менск Першыя рэзыдэнты беларускага аналягу так званай “Крэмніевай даліны” могуць быць абвешчаныя па выніках спэцыялізаванай выставы праграмнага забесьпячэньня “Best Soft”, якая пройдзе ў Менску 7—12 лістапада. Куратарам выставы прызначаны намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Алег Праляскоўскі. Сёньня да абмеркаваньня пэрспэктываў Парку высокіх тэхналёгіяў (ПВТ) далучыліся прадстаўнікі шэрагу дзяржаўных ведамстваў.

На канфэрэнцыі з удзелам прадстаўнікоў дзяржаўных ведамстваў упершыню было паведамлена, колькі рэальна фірмаў могуць прэтэндаваць на ўступленьне ў Парк высокіх тэхналёгіяў. Як лічыць адзін з кіраўнікоў навукова-тэхнічнага цэнтру “Атляс” Аляксандар Грыгор’еў, крытэрам адпавядаюць дзесьці 30—35 кампаній. У той час, як у так званай “Крэмніевай даліны” у Каліфорніі, якую і бяруць за ўзор беларускія функцыянэры, прапісаныя дзясяткі тысяч вялікіх і малых кампаніяў.

(Грыгор’еў: ) “Пакуль ня так шмат кампаніяў, якія працуюць у гэтай галіне. Але прадукт, выраблены нашымі грамадзянамі ў такіх фірмах як ЕРАМ, IBA, “BelHard”, запатрабаваны. Яны з посьпехам выйграюць міжнародныя тэндэры і выконваюць замовы для ЗША, Брытаніі, Францыі. Чаму акцэнтавалася ўвага на стварэньні Парку высокіх тэхналёгіяў? Таму што ў нас высокі ўзровень падрыхтоўкі спэцыялістаў у галіне распрацоўкі праграмнага прадукту. І нам ня сорамна за нашых грамадзянаў, якія працуюць у гэтай сфэры. Гэтая сфэра досыць прасунутая ў нашай краіне”.

Як мяркуюць удзельнікі канфэрэнцыі, “трамплінам” для будучых рэзыдэнтаў Парку мусіць стаць выстава праграмнага забесьпячэньня “Best Soft”, якая пачнецца ў Менску 7 лістапада. Як кажа дырэктар выставачнага цэнтру “БелЭКСПА” Аляксей Лазука, там чакаецца падпісаньне першых кантрактаў.

(Лазука: ) “Проста так штосьці стварыць і потым думаць, куды гэта ўсё прадаць — такі стыль звычайна не практыкуецца. Такія працы выконваюцца пад канкрэтную замову. Часам мы самі кажам: давайце прэзэнтуем ваш прадукт. Адмаўляюцца, не даюць нам раскрываць свае распрацоўкі, кантракты. Але выстава мусіць унесьці карэктывы. Дарэчы, прыярытэт будзе аддадзены нашым вытворцам. На калектыўным стэндзе Мінпраму выставяцца 20 прадпрыемстваў, уключна з заводамі, навуковымі ўстановамі, ВНУ. Прапорцыя такая: траціна “жалеза”, але бальшыня — зьмешанага пляну”.

Між тым, так і не прагучала, хто з патэнцыйных міжнародных заказчыкаў мае прыехаць у Менск. Раней кіраўнік адміністрацыі Парку Валер Цапкала гаварыў пра цікаўнасьць з боку карпарацыі “Boeing”, “Microsoft”, аднак сёньня на пэрсаналіях ніхто не спыняўся.

Акадэмік Аляксандар Вайтовіч, які пры канцы 1990-х быў ініцыятарам стварэньня “Акадэмтэхнаполісу”, зь якога, па сутнасьці, і быў скапіяваны ПВТ, лічыць памылковай цяперашнюю арыентацыю на ўнутраны рынак. Гэтаксама, як і абмежаваньне саміх праграмістаў у сфэрах дзейнасьці. Спадар Вайтовіч згадвае пра задачы “Акадэмтэхнаполісу”.

(Вайтовіч: ) “Задачы ставіліся такія, каб там разьвіваліся навукаёмістыя вытворчасьці, высокія тэхналёгіі, прычым, без абмежаваньняў па галінах, а ва ўсіх, якія толькі магчымыя, якія толькі існуюць у Беларусі. А тое, што мы павінны выходзіць на зьнешні рынак з такой высокатэхналягічнай прадукцыяй — гэта абавязкова. Бо нават тая ж Індыя працуе на ўвесь сьвет”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG