Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На 30% Парк высокіх тэхналёгій будзе складацца з “жалеза”


Ігар Карней, Менск Прызначаны Аляксандрам Лукашэнкам дырэктар адміністрацыі Парку высокіх тэхналёгіяў Валерый Цапкала ўчора адказваў на пытаньні наведнікаў Беларускага парталу tut.by. Праект, які ўжо сёлета пачне ажыцьцяўляцца зь ініцыятывы кіраўніка краіны, перасьледуе глябальныя мэты і, паводле задумы, мусіць скласьці канкурэнцыю знакамітай “Крэмніевай даліне” ў Каліфорніі.

Найперш Валерый Цапкала “даходліва” патлумачыў, што будзе сабой уяўляць матэрыяльна-тэхнічная база Парку высокіх тэхналёгіяў (ПВТ): на 70% – праграмнае забесьпячэньне і на 30% – “жалеза”. “Уявеце сабе кампутар без апэрацыйнай сыстэмы і праграмнага забесьпячэньня: у лепшым выпадку вы зможаце ім забіваць цьвікі”, – завяршыў лікбез кіраўнік “паркавай” адміністрацыі. Нагадаю, што 22 верасьня Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт “Аб Парку высокіх тэхналёгіяў”, неўзабаве дырэктарам адміністрацыі ПВТ быў прызначаны Валерый Цапкала (правы і абавязкі прэзыдэнцкага памочніка пры гэтым у яго захаваліся). А ўжо 30 верасьня Цапкала выправіўся на прэзэнтацыю ПВТ у ЗША. Праўда, пра гэтую паездку спадар Цапкала так і не расказаў, хоць адпаведнае пытаньне я накіроўваў асабіста.

Хто сачыў за віртуальным дыялёгам Валерыя Цапкалы з наведнікамі парталу tut.by, адзначае: ПВТ – па сутнасьці, дзяржаўнае прадпрыемства з адпаведным кантролем і ўласьцівымі толькі такой форме гаспадараньня “наступствамі”. Нягледзячы на дэкляраваныя “беспрэцэдэнтныя ільготы”, у адпаведнасьці з палажэньнем ПВТ, рэзыдэнты абавязаныя адлічваць адміністрацыі Парку 1% ад выручкі, атрыманай за папярэдні квартал. А таксама накіроўваць у адміністрацыю копіі статыстычнай справаздачнасьці, якія потым пераадрасуюцца ў іншыя дзяржаўныя органы.

Пералічу некаторых членаў Назіральнай рады, якія будуць фармаваць палітыку ПВТ. Старшыня – Міхаіл Мясьніковіч. Апроч яго, начальнік Цэнтру інфармацыі бясьпекі пры прэзыдэнце Яўген Ільючэнка, міністар падаткаў і збораў Ганна Дзейка, намесьнік старшыні Камітэту дзяржкантролю Міхаіл Матусевіч, старшыня Ваенна-прамысловага камітэту Мікалай Азаматаў, старшыня Найвышэйшай атэстацыйнай камісіі Анатоль Рубінаў ды іншыя. У асноўным прадстаўнікі наглядных органаў, якія будуць вызначаць правілы гульні паміж дзяржавай і рэзыдэнтамі ПВТ. Ад навуковай сфэры тут толькі рэктар Дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі Міхаіл Батура. Ніводнага прадстаўніка сфэры высокіх тэхналёгіяў, праграмнага забесьпячэньня і г.д. На думку акадэміка Аляксандра Вайтовіча, гэткая дыспрапорцыя цалкам характэрная для цяперашняй сытуацыі ў навуцы. (Вайтовіч: ) “Гэта, перадусім, тычыцца фінансаваньня. Увесь час падае навукаёмістасьць валавога ўнутранага прадукту. Яна сёньня складае прыкладна 0,7% за год, і цягам апошніх гадоў трымаецца на гэтым узроўні. У той час эканамісты, якія ведаюць міжнародны досьвед, кажуць: калі 5-7 гадоў запар навукаёмістасьць ВУП меншая за 1%, то гэта вядзе да дэградацыі навукі, да дэградацыі навукова-тэхнічнага, інтэлектуальнага патэнцыялу краіны”.

У палажэньні “Аб Парку высокіх тэхналёгіяў”, зацьверджаным дэкрэтам Лукашэнкі, пазначана: асноўнымі кірункамі дзейнасьці ПВТ зьяўляецца распрацоўка, укараненьне і экспарт інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгіяў і праграмнага забесьпячэньня. Гэта значыць, маецца на ўвазе адпаведная падрыхтоўка спэцыялістаў. Аднак праграміст менскай кампаніі BelIBМ Сяргей Корабаў, лічыць, што сфармаваць каманду дзеля патрэбаў Парку досыць складана – усе вартыя кампутаршчыкі ўжо працаўладкаваныя.

(Корабаў: ) “У нас на рынку дэфіцыт кваліфікаваных праграмістаў. Усе, як правіла, ужо пры справе. Бяруць нават не зусім дасьведчаных, каб яны ў працэсе вучыліся, каб была практыка. Таму бракуе менавіта кваліфікаваных кадраў, якія на высокім узроўні могуць выконваць замовы сур’ёзных заказчыкаў. Калі “хапаць” усіх, хто пад руку трапіць, нічога путнага не атрымаецца. Патрэбныя дасьведчаныя праграмісты, якія ўжо працуюць на фірмах і не асабліва хочуць “дрыгацца”, бо добрыя ўмовы ім і так створаныя. Рыхтуе спэцыялістаў былы РТІ, БДУ, “палітэх”. Але, зноў жа, праграміст становіцца каштоўным, калі ён некалькі гадоў ужо адпрацуе ў рэальных праектах”.

Як дадае навуковец Ігар Сташкевіч, які спэцыялізуецца на лязэрных тэхналёгіях, у канчатковай рэдакцыі ПВТ так і ня вырашаная праблема інтэграцыі навукі і прамысловасьці, з-за чаго праект двойчы накіроўваўся на дапрацоўку. І тлумачыць гэта на прыкладзе сваёй галіны.

(Сташкевіч: ) “Тэхналёгіі могуць разьвівацца толькі тады, калі яны запатрабаваныя прамысловасьцю. Нашая прымысловасьць выкарыстоўвае мізэр: лязэрная рэзка матэр’ялаў, часткова лязэрная фоталітаграфія. І ўсё. Калі б разьвівалася прамысловасьць, яна цягнула б за сабой навуку – ставіліся б новыя задачы, навукоўцы іх вырашалі б. Таму і арыентацыя толькі на зьнешні рынак, бо на ўнутраны высокія тэхналёгіі цяжка арыентаваць. Нашыя высокатэхналягічныя прадпрыемствы, як “Інтэграл”, не разьвіваюцца, а імкнуцца захаваць хіба тое, што ўжо было напрацавана. Пра ўкараненьне чагосьці новага размовы няма”.

Па выніках дыялёгу Валерыя Цапкалы з наведнікамі парталу tut.by стала зразумела: Парк высокіх тэхналёгіяў мусіць прайсьці яшчэ пэрыяд рэгістрацыі, які пачнецца пасьля ўхваленьня Статуту ПВТ Аляксандрам Лукашэнкам. Паралельна ў Савеце міністраў зацьвярджаюцца формы заявак на ўдзел у ПВТ, уключна зь бізнэс-плянамі. А значыць, каб заняць месца пад сонцам у беларускай “Крэмніевай даліне”, часу яшчэ дастаткова.

Офісы і працоўныя месцы для беларускіх і замежных праграмістаў пад дахам Парку высокіх тэхналёгіяў будуць абсталяваныя на тэрыторыі “замарожанага” яшчэ за савецкім часам Акадэмгарадку ў менскім мікрараёне Ўручча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG