Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нязручных” пісьменьнікаў выкрасьлілі са школьнай праграмы


Радыё Свабода З новага навучальнага году беларускія школьнікі ня будуць вывучаць твораў Генадзя Бураўкіна, Вольгі Іпатавай, Сяргея Законьнікава, Сьвятланы Алексіевіч, Анатоля Сыса, Уладзімера Някляева, Леаніда Дранька-Майсюка, Уладзімера Арлова ды многіх іншых сучасных пісьменьнікаў. Іхняе месца ў толькі што выдадзенай Міністэрствам адукацыі праграме па беларускай літаратуры занялі імёны пісьменьнікаў, невядомых чытачам, затое добра вядомых дзяржаўным чыноўнікам.

Імёны народных паэтаў Рыгора Барадуліна і Ніла Гілевіча ў праграме засталіся. Праўда, іхнія творы будуць вывучаць ня ў тым аб’ёме, што раней, а значна меншым.

Засталося ў зьмененай праграме і імя народнага пісьменьніка Васіля Быкава. Замест “Аблавы”, аднак, школьнікі будуць вывучаць “Сотнікава” — а творы апошніх гадоў яго жыцьця не ўвайшлі ў сьпіс.

Вось што кажа пра гэта літаратуразнаўца, доктар філялёгіі Міхась Тычына:

“Усё, што тычыцца творчасьці Васіля Ўладзімеравіча Быкава апошніх гадоў жыцьця, а гэта больш за дзесяцігодзьдзе, дзе мы знаёмімся зь незнаёмым Быкавым, нечаканым — можа быць, нават тым, які пракладае новыя шляхі для беларускай літаратуры, яны вось якраз адсутнічаюць”.

“Тутэйшыя”? Толькі на паглыбленым узроўні”

Перагледзелі разьдзел пэрыяду 1930-х гадоў, а гэта час масавых рэпрэсіяў у гісторыі беларускай літаратуры. Успаміны Ларысы Геніюш, Сяргея Грахоўскага, Паўлы Пруднікава, Янкі Скрыгана, іншых пісьменьнікаў, якія прайшлі праз ГУЛАГ, засталіся па-за праграмай. Як і творы беларускіх пісьменьнікаў замежжа.

Старшы інспэктар Міністэрства адукацыі Зоя Падліпская тлумачыць выключэньне многіх вядомых твораў з праграмы жаданьнем скараціць вучэбную нагрузку для школьнікаў.

Толькі з гэтае прычыны, паводле яе словаў, знакамітыя Купалавы “Тутэйшыя” з праграмы для агульнаадукацыйных школаў перамясьціліся ў праграму для клясаў зь філялягічным ухілам.

“Тут жа яшчэ ў нас стаяла задача пазьбегнуць дубляваньня. Таму ў іншых клясах “Адвечная песьня” і астатнія паэмы... Трагікамэдыя “Тутэйшыя”? Так, толькі на паглыбленым узроўні”.

Новыя імёны ў праграму рэкамэндуе створаны ўладай Саюз пісьменьнікаў

Вершы самой спадарыні Падліпскай, як і вершы яе сястры Таісы Трафімавай уключаныя, дарэчы, у абавязковую праграму. Іх рэкамэндавалі сябры створанага ўладаю Саюзу пісьменьнікаў Беларусі.

Усе гэтыя рэкамэндацыі зьбірала адмысловая камісія пры Міністэрстве адукацыі. Вось каго, да прыкладу, раіў вывучаць школьнікам сябра гэтага саюзу Георгі Марчук.

“Пакаленьне Шніп, Зьмітрок Марозаў, Алег Салтук, Пазьнякоў Міхась, Раіса Баравікова, Мікола Мятліцкі. Час ідзе — зьяўляюцца новыя таленавітыя аўтары. Творы і дзеці павінны ведаць, што адбываецца з сучасным станам беларускай літаратуры”.

У.Арлоў: адбылася "татальная зачыстка школьных праграмаў ад маіх тэкстаў"

Што ж да тых пісьменьнікаў, пра чые творы школьнікі цяпер нічога ня мусяць ведаць, то для іх такое рашэньне чыноўнікаў ня стала нечаканасьцю. Гаворыць Уладзімер Арлоў:

“Думаю, што прычынай татальнай зачысткі школьных праграмаў ад маіх тэкстаў ёсьць ня толькі падазроная асоба аўтара, але і самі творы. Падкрэсьліваю, што школьнікі вывучалі менавіта мае гістарычныя апавяданьні і аповесьць, найперш адрасаваныя маладому чытачу, у якога фармуецца гістарычная, а значыць і нацыянальная сьвядомасьць. Ва ўяўленьні цяперашняй улады гісторыя Беларусі павінна быць вельмі кароткай і складаць ня дзесяць вякоў, а ўсяго некалькі дзесяцігодзьдзяў.

Рэжыму значна прасьцей мець справу не зь беларусам, які адчувае за сабой стагодзьдзі эўрапейскай гісторыі, а з тым, для каго гісторыя пачынаецца з таго часу, калі піва каштавала 37 капеек, а яшчэ лепей з тым, для каго кропкай адліку гэтай гісторыі наагул стаў 1994 год”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG