Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Pete Paff": "Паглыбленьне". Прэзэнтацыя


Іна Студзінская, Менск У малой залі Палацу Рэспублікі прайшла прэзэнтацыя новага праекту гурту "Pete Paff" "Паглыбленьне". Сама праграма была пасьпяхова апрабаваная на польскай і нямецкай публіцы, і вось цяпер чарга дайшла і да Беларусі.

Музычныя крытыкі вызначылі стыль новага альбому як lounge folk - больш блізкі да слухачоў фолк, які можна слухаць і пад які можна танцаваць. Музыка Піт Паўлаў распавёў, што працавалі над альбомам тры гады, і сапраўды пачыналі з мінімальнай колькасьці інструмэнтаў.

"Я гэта называю "капэла", і настойваю на гэтым слове. Усё пачалося сапраўды з двух інструмэнтаў, і часам мы канцэртуем удвох-утрох і можам стварыць уражаньне вялікага калектыву. Але лепшы выгляд гурту "Pete Paff" -- гэта менавіта капэла, такі моцны склад -- 10 чалавек: шмат пэркусіяў, шмат духавых і шмат беларускіх народных інструмэнтаў. Калі ўсё гэта ў адпаведных дозах падаваць, складваецца ўражаньне, якое, на мой погляд, зь беларускіх музыкаў яшчэ ніхто не ствараў", - сказаў Радыё Свабода Піт Паўлаў.

Пералічу толькі некаторых: лідэр каманды, гітара, домра, вакал -- Піт Паўлаў. Андрэй Сапоненка -- пэркусія, экзатычныя барабаны, Сяргей Шэпелеў -- туба, Кастусь Карповіч -- трамбон, Алезіс Дземідовіч -- ударныя, Алеся Шагун , Насця Нямшон -- цымбалы. Ёсьць ў праекце самы сапраўдны курд зь Ірану Масуд Талібані. І, безумоўна, традыцыйныя беларускія інструмэнты, якіх безьліч у Яраша Малішэўскага. Бадай, ён адзіны ў калектыве не прафэсійны музыка, а гісторык па адукацыі. Чым яго прывабіў праект "Pete Paff"?

"Гэта акустычны праект, дзе можна экспэрымэнтаваць з народнымі інструмэнтамі, з народнымі мэлёдыямі, як заўгодна гэта ўсё замешваць у самыя разнастайныя кактэйлі, і слухачы могуць пакаштаваць, як гэта выглядае", - кажа Яраш Малішэўскі.

На пытаньне - адкуль такія экзатычныя інструмэнты, і такая вялікая іх колькасьць, Яраш Малішэўскі адказаў: "Інструмэнтаў сапраўды ў мяне шмат. Адзін з драўляных -- гэта лера, другі -- гэта дуда беларуская, ёсьць акарыны, дудкі, пішчыкі, жалейкі, варганы, чароткі, яшчэ шмат іншых цікавых інструмэнтаў. Я іх зьбіраю па ўсёй Беларусі, шукаю майстроў".

Дзе ж гісторык паводле адукацыі навучыўся граць на ўсім гэтым багацьці?

"Гены, генэтычная памяць прачынаецца, і ты незаўважна для сябе пачынаеш штосьці такое граць, а потым аказваецца, што гэта стандартныя хады для беларускай музыкі, усё гэта ўнутры нас схаванае", - адказаў музыка.

Што да іншых музыкаў, адмыслова для Піта Паўлава і ягоных праектаў кадры рыхтуе Акадэмія музыкі:

"Беларуская акадэмія музыкі рэгулярна "штампуе" нам кадры, за што я ёй вельмі ўдзячны. Менавіта адтуль выходзяць высакаклясныя музыкі, выканаўцы. А мы ўжо пад сябе іх шліфуем. У нас граюць самыя лепшыя, пераможцы конкурсаў міжнародных", - кажа Піт.

Алеся Шагун вучыцца ў Акадэміі музыкі па клясе цымбалаў. Што яе вабіць у праекце Піта Паўлава?

"Кантраст акадэмічнай сцэны і вось такой, дзе ты можаш паводзіць сябе як хочаш, гэта зусім іншыя эмоцыі, адчуваньні. У гэтым гурце музыкі невыносныя, невыносныя! Але зь імі вельмі цікава", - кажа цымбалістка Алеся Шагун.

Ну а публіка была ў захапленьні....













Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG