Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Хаменка: “Ніхто нічога ўзамен не паабяцаў”


Валер Каліноўскі, Прага Алег Хаменка, адзін з удзельнікаў гутаркі беларускіх рок-музыкаў з намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Алегам Праляскоўскім – госьць “Начной Свабоды”.

Каліноўскі: “Спадар Алег, ваш калега, лідэр гурту “Нэйра-Дзюбель” Аляксандар Кульлінковіч сказаў, што ён у поўным захапленьні, маючы на ўвазе сёньняшнюю сустрэчу з намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Алегам Праляскоўскім. Ён сказаў, што агульны вынік размовы зводзіцца да фразы “Давайце жыць дружна”. Скажыце, вы таксама ў захапленьні?”

Хаменка: “Па-першае, я ўпэўнены, што Кульлінковіч так не гаварыў”.

Каліноўскі: “Але гэта цытата”.

Хаменка: “Ну, можа, гэта цытата эмацыйнага нейкага пляну, але я лічу, што нейкія зрухі і сапраўды нейкі такі пераможны настрой можа прысутнічаць”.

Каліноўскі: “А вось кіраўнік “Свабоднага тэатру” Мікалай Халезін назваў ваш учынак “амаральным”, гэта таксама цытата: “Ісьці на перамовы з уладамі пасьля таго, як забаранлі твой канцэрт – у вышэйшай ступені амаральна”. Што б вы адказалі спадару Халезіну?”

Хаменка: “Я б адказаў, што ён ня ведае сытуацыі, і ня ведаю, якімі крыніцамі ён карыстаўся ў той момант, калі рабіў гэтае сьцьвярджэньне”.

Каліноўскі: “А што ён ня ведае, ці маглі б вы патлумачыць яму і таксама нашым слухачам?”

Хаменка: “З задавальненьнем. Яшчэ ў 2004 годзе, калі мы адчулі ціск, мы зьвярнуліся з адкрытым лістом, які быў апублікаваны, дзе мы зьвярнулі ўвагу на тое, што мы жадаем размовы з прадстаўнікамі ўлады наконт усяго таго, што адбывалася ў той час.

Практычна, прайшло тры гады, але тое, што мы дачакаліся ўсё ж такі таго моманту, калі нам прапанавалі гэтую сустрэчу – насамрэч, гэта някепска, іншая справа, што прайшло занадта шмат часу, і таму ад гэтага запрашэньня нам было б адмаўляцца, я лічу, ня толькі няслушна, але неяк не па-мужчынску.

І тое, што гэтая сустрэча адбылася, на мой погляд, гэта вялікая перамога, таму што зьявілася магчымасьць вось гэтай размовы. Таму што дагэтуль размовы не было аніякай, акрамя нейкіх крыўд і непаразуменьняў.

З другога боку, пакуль яшчэ гаварыць аб нейкіх выніках гэтай сустрэчы занадта рана, але я магу адразу засьведчыць, што ўсе нашыя праблемы і непаразуменьні, якія існуюць паміж беларускімі музыкамі і чыноўнікамі ад культуры і г.д., яны існуюць, і ўсе гэтыя нашы заўвагі былі вельмі адэкватна выслуханы і ўспрыняты”.

Каліноўскі: “Адзін мой калега, адчуўшы гэтую сытуацыю, неяк сказаў: “Адзін чыноўнік строга забараніў, другі запрасіў і ветліва дазволіў у абмен на нейкую ўмову” – ці не нагадвае вам гэта гульню, як было ў НКВД ці КГБ, у кепскага ідобрага сьледчага?”

Хаменка: “Я ўпэўнены, што не. Хоць, канечне, могуць быць такія стэрэатыпы, накшталт “Д’Артаньян хадзіў да кардынала”, але ў мяне напрыклад зараз такое ўражаньне ёсьць, што якраз тыя размовы аб тым, што ўлада гатовая размаўляць зь нейкімі адэкватнымі палітыкамі, што мы на сёньняшні момант рабілі менавіта гэты першы крок.

Мы разумеем, і мы былі гатовыя да таго, што гэта будзе надзвычайна моцна абмяркоўвацца, але я б усім параіў зьвярнуць увагу на вынікі, якія, спадзяюся, будуць пасьля гэтай размовы, таму што я лічу, што магчымы, пакуль яшчэ магчымы якасны і станоўчы зрух у ідэалёгіі сёньняшняй беларускай дзяржавы якраз у накірунку паляпшэньня стану беларускай мовы, беларускіх сучасных музыкаў і наагул у беларускай палітыцы”.

Каліноўскі: “На нашым сайце наведнікі галасуюць у апытаньні: “Намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Алег Праляскоўскі паабяцаў вядомым беларускім рок-музыкам зьняць забарону на іх канцэрты, а тыя ўзамен пагадзіліся не выступаць на акцыях апазыцыі...”

Хаменка: “Ніхто нічога ўзамен не паабяцаў”.

Каліноўскі: “Вы гэта аспрэчваеце?”

Хаменка: “Гэта я ня проста аспрэчваю, гэта не адпавядае сапраўднасьці”.

Каліноўскі: “Значыцца, вы не пагадзіліся не выступаць на акцыях апазыцыі?”

Хаменка: “Гэта была размова, што музыкі не павінны закранаць палітычныя заклікі і падтрымліваць іх, гэта была агульная размова на гэты конт, і была агульная размова на той конт, што неабходна аднавіць культурную палітыку, і мы шэраг пытаньняў на гэты конт паставілі, а менавіта аб узьнікненьні нармальных абставін для рок-клюбаў у Менску, аб падтрымцы з боку дзяржавы такіх фэстываляў як “Рок-кола” і “Басовішча”, аб падтрымцы маладых гуртоў, якія сьпяваюць сёньня альтэрнатыўную музыку, і ў тым ліку такую, якая можа нейкім чынам некаму не спадабацца, аб падтрымцы фэстываляў, якія адбываюцца ў нашай дыяспары па-за межамі Беларусі, і ўсё гэта было даволі станоўча ўспрынята.

Я думаю, што гэта хочуць зараз тыя, што камэнтуюць гэтую сустрэчу, зрабіць, што быццам была нейкая дамова і мы там кляліся ў вернасьці і што нідзе ня будзем выходзіць – дарэчы, і сам Праляскоўскі пацьвердзіў, што ён разумее нашую грамадзянскую пазыцыю, нашу павагу да сымбаляў і наагул тую культурную палітыку, якую мы праводзім, і што ён ставіцца да яе з павагай”.

Каліноўскі: “Скажыце, калі вас улады настпуным разам папросяць выступіць на канцэрце “За Беларусь” – які будзе ваш адказ?”

Хаменка: “Мы абгаварылі гэтае пытаньне. Мы заўважылі, што пад лёзунгам “За Беларусь” мы ня можам выступаць, таму што “За Беларусь” – гэта палітычны лёзунг, і Алег Праляскоўскі пацьвердзіў: безумоўна, калі ласка, вы маеце ўсе правы гэтага не рабіць.

Калі мы празь некалькі месяцаў заўважым, што ніякага ціску на нашыя каманды ня будзе, мы працягнем рабіць тую працу, якую рабілі і ўчора, і ў гэтым годзе, і ў наступным годзе, і ў будучыні на карысьць менавіта культурна-музычнай палітыкі, якая павінна ісьці наперадзе палітыкі іншай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG