Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дасьледаваньне “Свабоды”: Купальле


Аляксандар Уліцёнак, Менск У ноч з 6 на 7 ліпеня ў Беларусі традыцыйна адзначаецца Купальле. Хаця літоўцы, латышы, палякі, каталікі-беларусы Купальле сьвяткуюць з 23 на 24 чэрвеня, у дзень летняга сонцастаяньня. Чаму ў Беларусі два Купальля, ці ведае моладзь купальскія абрады, чаму вытворцаў і рэстаратараў так прывабліваюць назвы "Купалінка" і "Папараць-кветка"?

Беларускія этнографы ў адзін голас цьвердзяць: сапраўднае Купальле ўжо адбылося – 13 дзён таму. Распавядае кандыдат філялягічных навук этнакультуроляг Лія Салавей.

(Салавей: ) "Сонца – галоўны Бог. І таму нашыя продкі ўшаноўвалі менавіта дзень найвышэйшага сонцастаяньня. Дзень найвышэйшага сонцастаяньня ўжо адбыўся – доўжыўся ён 17 гадзін 9 хвілін. 6 ліпеня дзень будзе меншы нават за 17 гадзін – 16 гадзін 56 хвілін".

Чаму розьніца паміж праваслаўным Купальлем і сьвятам летняга сонцастаяньня складае 13 дзён, тлумачыць кандыдат гістарычных навук, дасьледчык паганскіх традыцыях Эдвард Зайкоўскі.

(Зайкоўскі: ) "Ва ўсім вінаваты юліянскі каляндар і праваслаўнае духавенства, якое ўпарта яго трымаецца. Хаця амаль увесь сьвет даўно перайшоў на грыгарыянскі, больш дакладны, які супадае з прыроднымі цыклямі. Так што па правілах трэба сьвяткаваць Купальле з 23 на 24 чэрвеня. Гэта сьвята, несумненна, мае паганскае паходжаньне".

Этнакультуроляг Лія Салавей зьвяртае ўвагу на цікавую адметнасьць: у Беларусі ўсіх сьвятаў як мінімум па два: два Вялікадні, двое Калядаў, два дні Незалежнасьці (афіцыйны і “апазыцыйны”), два Купальлі... Вось як камэнтуе Лія Салавей “купальскую сытуацыю”:

(Салавей: ) "Якое можа быць пазьнейшае сьвяткаваньне, калі ўжо было ранейшае? Замуж калі выйшла, то другі раз ужо дзеўкай ня будзеш! Час незваротны. Атрымаецца, што праз яшчэ шмат гадоў ужо не 13 дзён розьніца будзе, а 23. І што ж тады, на месяц Купальле будзе адно ад другога адрозьнівацца? Калі мы хочам захаваць традыцыі, вернасьць сутнасьці сьвята, то трэба на Сонца глядзець, падыходзіць да гэтага, як нашы продкі, рацыянальна, навукова, хаця яны жылі ў каменным веку".

Ці сьвяткуе Купальле гарадзкая моладзь, ці ведае традыцыі?

(Карэспандэнтка: ) "Ці ведаеце вы купальскія абрады?"

(Спадарыня: ) "Ходзяць, папараць-кветку шукаюць маладыя людзі. Але нам ужо ня трэба шукаць, мы знайшлі".

(Спадар: ) "Праз вогнішча скачуць, займаюцца невядома чым".

(Карэспандэнтка: ) "А самі калі-небудзь удзельнічалі?"

(Спадар: ) "Не. Звычайна гэтым дзеці займаюцца".

(Хлопец: ) "Скакаць праз вогнішча –- купальская традыцыя? А вянкі пускаць па вадзе? А папараць-кветку шукаць?"

(Дзяўчынка: ) "Скачуць праз вогнішча, шукаюць папараць-кветку".

(Спадар: ) "Шчыра кажучы, ня ведаю, таму што я па духу каталік. А ўсе гэтыя паганскія сьвяты – гэта нешта не маё. Канечне, я ведаю скокі праз вогнішча, іншыя купальскія фішкі. Але ніколі гэтым не захапляўся і не цягне".

Пра купальскія традыцыі, абрады, купальскія песьні напісана сотні артыкулаў, дзясяткі кніг. У відэатэцы вядомага дасьледчыка народных традыцыяў Васіля Літвінкі –шмат запісаў абраду Купальля ў розных рэгіёнах Беларусі. А пошукі чароўнай папараць-кветкі – бадай, самы рамантычны абрад.

Але ці сьвяткуюць цяпер у вёсках, як раней – са скокамі праз вогнішча, ваджэньнем карагодаў, варажбою, ці шукаюць папараць-кветку? Меркаваньне этнакультуроляга Ліі Салавей.

(Салавей: ) "Баюся, што не. Таму што энэргіяй любога сьвята зьяўляецца моладзь. Старыя могуць кіраваць, падказваць. Але скакаць праз вогнішча ва ўзросьце... Як ёсьць песьня: "Вясна-красна, што нам прынясла? Маладзіцам – па сыночку, старым бабкам – па кіёчку". Дзяцей, моладзі ў вёсцы зьмяншаецца. Разам з тым і парушаюцца векавечныя мэханізмы перадачы традыцыйнай культуры".

У Беларусі вельмі шмат самых розных рэчаў і фактаў, зьвязаных з Купальлем. "Купалінка" – дзяржаўны ансамбаль народнай музыкі ў Белдзяржфілярмоніі. "Купалінкай" называецца і Салігорскае трыкатажнае аб''яднаньне, рэклямныя слоганы якога "Бялізна для каханых" і "Паміж намі ніць".

Ну а "Папараць-кветка" – наагул надзвычай папулярны назоў. Ёсьць у Менску рэстаран-казіно "Папараць-кветка", у кулінарыях і сталоўках катлета "Папараць-кветка", а ў рэстарацыях – салат "Папараць-кветка". У Беларусі хацелі пабудаваць ледзь не самую вялікую ў сьвеце тэлевежу "папараць-кветка", але нечакана кіраўнік дзяржавы перадумаў. Нават ёсьць пару вёсак з назвамі Купала. Супрацоўнік Інстытуту мовазнаўства Ігар Капылоў распавёў і пра вёску з больш дзіўным назовам.

(Капылоў: ) "Вёска называецца Янка Купала. Перайменаваная яна ў 1964 годзе. Недарэчнае, канечне, перайменаваньне. Ну як скажаш: "Жыву ў Янку Купале" ці што? Не зусім такая жыцьцяздольная назва".

Што да катлеты і салаты "папараць-кветка", то Лія Салавей кажа, што

(Салавей: ) "...Гэта ад недахопу ведаў. Скажам, салата, названая як-небудзь па-мясцоваму, смачна, была б больш апэтытная, чым "папараць-кветка". Людзі недастаткова ведаюць нашу народную культуру. Гэта ня шлях, гэта скажэньне".

У Менску ўжо гадоў дзесяць запар мясцовыя масавікі-забаўляльнікі, культасьветработнікі спрабуюць адрадзіць сьвяткаваньне Купальля. То на Камсамольскім возеры, то на Чыжоўскім вадасховішчы ладзяцца народныя гуляньні са скокамі праз вогнішча. Лія Салавей да таго адраджэньня ставіцца скептычна:

(Салавей: ) "Пагуляць, сустрэцца, пасьмяяцца, пажартаваць – гэта ўсё натуральна. Але страціўшы адно, мы страчваем другое. Калі мы трацім мову і павагу да свайго мінулага, культуры, мы тады будзем як спажывальнікі нечага. За народнымі традыцыйнымі сьвятамі стаяла сакральнасьць. Акрамя таго, што цікава, весела, вельмі прывабна, яшчэ і ўхвалена, як кажуць, зьверху. І прылучэньне да нечага вельмі важнага, істотнага, вышэйшага".

У ноч з 6-га на 7-га на Чыжоўскім вадасховішчы адбудзецца традыцыйнае гарадзкое Купальле...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG