Зьмяніць памер шрыфту
| Выдрукаваць
13.02.2008
Эрас, агапэ, філія
аўтар Кастусь Бандарук
14 лютага па ўсім сьвеце адзначаецца “Дзень Сьвятога Валянціна”, які прынята называць “сьвятам закаханых”. Для мільёнаў людзей, асабліва маладых, гэта нагода выказаць сваю любоў і сымпатыю да блізкага, каханага чалавека. Сьвята сымпатычнае, бо любові, гэтак як і шчасьця, ніколі не за шмат, але па-мойму яно нейкае інфантыльнае і павярхоўнае.
Хаця пры жаданьні кожны можа сам пра гэта даведацца, дзеля энцыкляпэдычнай даведкі адзначу, што паходжаньне «сьвята закаханых» цьмянае, а аўтэнтызм самога яго патрона – сумнеўны. Пераважае меркаваньне, што быў гэта рымскі сьвятар ці біскуп з Тэрні, які ў канцы III стагодзьдзя загінуў пакутніцкай сьмерцю ў Рыме. Ён нібыта патаемна вянчаў легіянэраў, якім было забаронена жаніцца. Аднак гэта малаверагодна, бо да IX ст. не было асобнага сакраманту вянчаньня. Гэта быў сьціплы абрад блаславеньня пары разам зь яе споведзьдзю і сумесным Прычасьцем (Эўхарыстыяй). Тым ня меней у 496 годзе рымскі папа Геласій абвясьціў 14 лютага «Днём Сьвятога Валянціна», які адзначаўся да XX cт. Насамрэч у царкоўных «месяцасловах» існуе як мінімум сем розных “сьвятых Валянцінаў”, але іхныя агіяграфіі блытаныя і супярэчлівыя. З гэтай прычыны Папа Павал VI ў 1969 годзе выкрасьліў Валянціна з каталіцкага календара, і цяпер 14 лютага адзначаецца памяць сьвятых Кірыла і Мятода – патронаў Эўропы. Праваслаўная Царква 14 лютага ўшаноўвае памяць іншых сьвятых: пакутнікаў Трыфана і Мікалая, хаця цягам году (9 сакавіка, 24 красавіка і 6 ліпеня) адзначае памяць трох розных Валянцінаў, у тым ліку Валянціна Інтэрамнейскага, які нібыта загінуў ў 271 годзе.
Паганскія карані?
Некаторыя выводзяць “сьвята закаханых” са старажытнага паганскага сьвята эратызму – Lupercalia – і сьвята ў гонар Юноны, багіні пладавітасьці, каханьня і сужэнства. На думку іншых, сьвята паходзіць ад перадвясеньніх абрадаў, зьвязаных з абуджэньнем вясны і каханьня. У кожным разе, незалежна ад сваіх сапраўдных вытокаў, «сьвята закаханых» – гэта гістарычны факт. Яно адзначалася ў Францыі, Бэльгіі і Англіі ўжо ў XIV стагодзьдзі. Пра падарункі і віншаваньні ў гэты дзень згадвае ангельскі паэт Джэфры Чосэр. Пра “дзень сьвятога Валянціна” сьпявае Афэлія ў “Гамлеце” Шэкспіра. У XVIII стагодзьдзі сьвята стала папулярным у Амэрыцы і дайшло нават да Японіі. Затое «сьвята закаханых» афіцыйна забароненае ў шэрагу мусульманскіх краінаў, у прыватнасьці ў Іране і Савудаўскай Арабіі.
Для бізнэсу кожная нагода добрая
У «дзень закаханых» рамантычныя французы дораць сваім каханым ювэлірныя вырабы, амэрыканцы і італьянцы – кандытарскія вырабы, датчане – засушаныя кветкі. Для гандлю «дзень закаханых» ператварыўся ў неблагі бізнэс, бо падарункі бываюць вельмі дарагія і далёка не абмяжоўваюцца паштоўкамі з чырвонымі сэрцайкамі. Некаторыя лічаць, што любоўныя віншаваньні запачаткаваў сам Валянцін у ІІІ ст. Паводле легенды, будучы ў турме, перад сваёй пакутніцкай сьмерцю Валянцін нібыта паслаў сваёй каханай ліст, які падпісаў « ад твайго Валянціна», і гэтая фраза скарыстоўваецца на паштоўках-«валянцінках» па сёньняшні дзень. Яшчэ іншыя лічаць, што першакрыніцай сёньняшніх «паштовак-валянцінак» быў любоўны допіс зьняволенага ў лёнданскай турме арлеанскага князя да сваёй жонкі. Напэўна, гэты звычай папулярызавала ў 1850 годзе амэрыканка Эстэр Гоўлянд.
Царква насьцярожаная
Як царкоўны чалавек хачу адзначыць, што Царква дыстанцыюецца ад цяперашняй формы «сьвята закаханых», аднак не таму, што бачыць у самой любові нешта нячыстае і заганнае. Хутчэй наадварот. Хто хаця б раз у жыцьці не кахаў і ня быў каханым, той страціў нешта непаўторнае і вялікае. Біблія поўная тэкстаў пра любоў. Я сам часта перачытваю «Песьню над Песьнямі» Саламона з такім самым захапленьнем, як і санэты Шэкспіра ці Пэтраркі.
Чым Царква тлумачыць сваю пазыцыю і што прапануе ўзамен? Паводле прадстаўніка РПЦ а.Дудко (цытую) "дзень Сьвятога Валянціна – гэта не царкоўнае сьвята, і яно не адзначаецца па-царкоўнаму. Затое зьявіліся новыя традыцыі, якія заблытваюць сэнс сьвята. Гэта ня дзень у гонар аднаго са сьвятых, але хутчэй прапаганда адносінаў, якія Царква лічыць незаконнымі. Паводле царкоўных правілаў, любоўныя адносіны паміж мужчынам і жанчынай павінны быць у канчатковым выніку накіраваныя на шлюб, на нараджэньне дзяцей. Яны павінны быць асьвячоныя Царквою. На жаль, дзень сьвятога Валянціна ня толькі апраўдвае, але паэтызуе, бласлаўляе і сакралізуе бестурботныя, эратычныя зносіны і непрыстойныя паводзіны. Царква не зьбіраецца забараняць і ўпарта выкараняць усе звычаі і традыцыі, якіх сама не ўхваляе. Вядома, што сапраўднае царкоўнае сьвята ня дасьць камэрсантам той выгады ад продажу талісманчыкаў, сэрцайкаў, кветак, падарункаў і нават тых мільёнаў паштовак, якія ў дзень сьвятога Валянціна людзі пасылаюць адзін аднаму. Няхай проста ўсе ведаюць пазыцыю Царквы, што грэх застаецца грахом незалежна ад таго, як яго назваць і пад якой маркай яго сьвяткаваць”.
У любові не адно імя
Беларуская мова ведае бадай толькі два асноўныя паняцьці «любоў» і «каханьне», але грэцкая мова ў гэтым сэнсе багацейшая. Яна выразна адрозьнівае як мінімум тры формы любові: эрас – любоў рамантычную, духоўна-цялесную, агапэ – любоў бескарысьлівую, заснаваную на альтруізьме, і філія - любоў свабодную ад сэксу, сяброўскую, ляяльную і верную. Зразумела, ёсьць яшчэ проста сэкс, нарцысізм (эгаізм, любоў да самога сябе) і так званая «плятанічная любоў». Менавіта любові ў яе розных формах прысьвяціў сваю энцыкліку «Бог ёсьць Любоў» Папа Бэнэдыкт XVI. Папа заклікае адрозьніваць чалавечую, эратычную любоў ад боскай. Фізычная любоў, “эрас” патрабуе ачышчэньня, дасьпяваньня і дапаўненьня ахвярнай любоўю – “агапэ”. “Сучаснае ўслаўленьне цела падманлівае, – піша Папа. – Эрас, зьведзены толькі да сэксу, становіцца таварам, звычайнай рэччу, якую можна набыць і прадаць, і што найгоршае, сам чалавек становіцца таварам”. Бэнэдыкт XVI двойчы спасылаецца на біблійную кнігу Саламона “Песьня над Песьнямі”, у якой любоў паміж мужчынам і жанчынай зьяўляецца адлюстраваньнем любові паміж Богам і чалавекам.
Уцаркаўленьне «Валянціна»
Пад уплывам папскай энцыклікі і заклікаў тэоляга Царква спрабуе ўцаркавіць, альбо як часта гаворыцца “ахрысьціць” “дзень закаханых”. У 2000 годзе ў Эрфурце ў гэты дзень адбылося экумэнічнае бласлаўленьне заручаных пар. Эпіскапат Аўстрыі заклікаў праводзіць спэцыяльныя багаслужбы, запрашаць усіх закаханых і гаварыць пра сужэнства, любоў і вернасьць.
Штогод ля ўмоўнай магілы Сьвятога Валянціна ў Тэрні зьбіраюцца пары закаханых і ўрачыста адзначаюць заручыны. Таксама сужэнскія пары сьвяткуюць свае юбілеі і аднаўляюць сужэнскую прысягу. З 1969 году ў Тэрні ўручаецца ўзнагарода імя сьвятога Валянціна пад назвай “Год любові” тым, чыя любоў паспрыяла міру, салідарнасьці і адзінству. Яе атрымалі: актор Пітэр Усьцінаў, маці Тэрэза, Міхаіл Гарбачоў, Ібрагім Ругова і былы асабісты сакратар Яна Паўла Другога Станіслаў Дзівіш. Сам Папа напісаў ў дзень сьвятога Валянціна ў 1997 годзе віншаваньне ў якім гаварылася : “Любоў перамагае, пераступае межы і скасоўвае бар’еры паміж людзьмі. Любоў стварае новае грамадзтва”.
Пётр і Фяўронія супраць Валянціна
Праваслаўная Царква таксама спрабуе надаць «дню закаханых» больш глыбокі, рэлігійны сэнс. Царква хоча, каб гэтае сьвята не падштурхоўвала да трывіяльных, грэшных, павярхоўных і бестурботных адносінаў, каб прапагандавала сапраўдную, чыстую і адказную любоў. Такое сьвята, паводле Царквы, павінна быць накіраванае на ўмацаваньне інстытуту сям'і, а не на разбурэньне яе вольнымі, пазашлюбнымі адносінамі, не павінна абмяжоўвацца мішурой банальных віншаваньняў і чырвоных сэрцайкаў, якія нічога ня значаць і насамрэч ні аб чым ня сьведчаць.
У прыватнасьці РПЦ прапагандуе іншае, альтэрнатыўнае сьвята – 8 ліпеня, ў гонар сьвятых князёў Пятра і Фяўроніі. Яны жылі ў канцы ХІІ-пачатку ХІІІ стагодзьдзяў. Гэта рамантычная гісторыя гарачага каханьня і сужэнскай вернасьці князя і простай вясковай дзяўчыны, якая стала княгіняй. Калі мурамскія баяры запатрабавалі ад Пятра кінуць жонку, альбо адмовіцца ад княства, той адмовіўся ад ўлады. Сіла любові Пятра і Фяўроніі перамагла каварства і нянавісьць. Яны пражылі ўсё жыцьцё ў любові і памерлі ў адзін дзень. Царква спадзяецца, што магчыма гэты дзень і стане традыцыйным сьвятам ня проста закаханых, але закаханых у сямейным пляне. Царква лічыць, што гэта дазволіла б паглыбіць сэнс "сьвята закаханых" і накіраваць яго цяперашнія формы ў тое рэчышча, якое яна лічыць правільным.
На думку праваслаўнага тэоляга, прафэсара Маскоўскай Духоўнай Акадэміі а. дыякана Андрэя Кураева, наўрад ці ўдасца замяніць «сьвятога Валянціна» «Пятром і Фяўроніяй». Лепш спрабаваць напоўніць ужо замацаванае сьвята рэлігійным зьместам, напрыклад – у гэты дзень служыць малебны сьвятому Валянціну аб памнажэньні любові з удзелам усіх закаханых, маладых і старых, і тых, хто хоча пабрацца шлюбам і тых, хто паўстагодзьдзя пражыў ў сужэнстве.
«Я не пытаю ці кахаеш, я адчуваю, я ведаю»
Мабыць гэта заканамернасьць, але з гадамі я асабіста вышэй ацэньваю «агапэ» чым «эрас». Маладосьць і агонь першага каханьня праходзяць, але любоў у сваіх самых розных адценьнях – вечная. Я ня ўпэўнены, ці тыя пачуцьці, дзякуючы якім я пражыў 30 гадоў з адной жанчынай – гэта сапраўдная любоў, але ведаю, што жонка даруе мужу ўсё: дрэннае абыходжаньне, недахоп ўвагі, нізкі стандарт жыцьця, нават сужэнскую здраду. Не даруе толькі аднаго. Калі аднойчы скажаце ёй: «Я ўжо цябе не кахаю».
Па-мойму, і ў дзень закаханых і заўсёды мае сэнс нагадваць пра тую вышэйшую і чысьцейшую форму любові, пра якую піша Апостал Павал: «Любоў церпіць доўга, умілажальваецца, любоў не зайздросьціць, любоў не праслаўляе сябе, не ганарыцца, не бушуе, не шукае свайго, не раздражняецца, не намышляе ліха, ня радуецца зь няпраўды, а разам цешыцца зь ісьціны. Усё пакрывае, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё пераносіць. Любоў ніколі не мінецца, хоць і прароцтвы спыняцца і мовы змоўкнуць, і веды скасуюцца.” (1 Кар. 13,1-13)
Радыё Свабода © 2008 РС | Усе правы захаваныя.