Зьмяніць памер шрыфту
| Выдрукаваць
08.02.2008
Начная аБЛОГа 8 лютага
аўтар Зьміцер Падбярэскі
Агляд сеціва
У суполцы
"Жывога журналу"
блогер fox_lj задаўся пытаньнем, ці мае сэнс ставіць у кватэрах лічыльнікі вады? Допіс гэты выклікаў такія камэнтары:
pit0n:
“Выгадна. Аплата за ваду зьнізілася ад трох да васьмі разоў. Калі была льгота на аплату пры самастойнай устаноўцы лічыльніка, гэтыя грошы акупляліся прыкладна за 8-9 месяцаў. Цяпер будуць акупляцца за год”;
ldok:
“Калі ў вас быў прапісаны адзін чалавек, а рэальна жывуць і ліюць ваду пяцёра, можа быць даражэй. Яшчэ адзін нюанс. Калі большасьць жыльцоў ставіць лічыльнікі, у астатніх можа сур'ёзна вырасьці рахунак за ваду, таму што налічваюць яго па схеме: паказьнік агульнага лічыльніка мінус паказьнікі тых, хто мае лічыльнікі ў кватэры. Розьніцу дзеляць паміж тымі, хто лічыльніка ня мае, прапарцыянальна колькасьці прапісаных. Атрымліваецца прыкметна даражэй”;
girlshaters:
“Мне выгадна. У кватэры прапісана 6 чалавек, ЖЭС налічваў у зімовыя месяцы па 60 кубамэтраў (35 гарачай), і атрымлівалася, што палова рахунку – гэта вада і яе падагрэў. Пасьля таго, як паставілі лічыльнік, штомесяц ані разу не было больш за 15 кубамэтраў, звычайна наагул 10 атрымліваецца. Нават з улікам, што ставілі 2 пары лічыльнікаў, адаб'юцца яны за год-паўтара”;
besen_ok:
“Для мяне выгада ня столькі ў грошах, а больш у тым, што я навучылася цаніць і ашчаджаць саму ваду”.
Сайт газэты
“Наша Ніва”
паведамляе, што расейскі пісьменьнік і журналіст Віктар Шандаровіч на старонках свайго блогу выступіў з заклікам падтрымаць палітвязьня Андрэя Кіма.
“Я разумею, што на фоне нашай гісторыі з Алексанянам усё гэта гучыць досыць побытава, але тым ня менш. У Менску сядзіць у СІЗА Андрэй Кім – актывіст моладзевага руху “Ініцыятыва”, сябар маёй дачкі і проста вельмі добры хлопец”, – піша ў сваім дзёньніку Віктар Шандаровіч. Запіс Віктара Шандаровіча з заклікам дапамагчы Андрэю Кіму патрапіў у топ-30 “Яндэксу”.
Сайт
народных навінаў Віцебску
сёньня паведамляе: “Скандалам скончылася спроба адміністрацыі Талачынскай тэкстыльнай фабрыкі ўключыць у тэкст калектыўнай дамовы пункт аб залучэньні ткачых да працы ў падшэфным калгасе ў якасьці жывёлаводаў. У адказ на спробу навязаць працоўнаму калектыву “дадатковыя гарантыі сацыяльнай абароны” рабочыя прыступілі да распрацоўкі ўласнага праекту калектыўнай дамовы. Канчатковы вэрдыкт па ёй вынесе агульны сход працоўнага калектыву 15 лютага з удзелам прадстаўніка Віцебскага аблвыканкаму”.
Сайт
народнага руху “Лукашенко-2008”
паведаміў:
“6 лютага 2008 году хостынг-правайдэр РБК на патрабаваньне спэцслужбаў заблякаваў сайт народнага руху “Лукашенко-2008” www.lukashenko2008.ru. Афіцыйная прычына, названая РБК: “Да зьместу сайту lukashenko2008.ru ў праваахоўных органаў ёсьць пара пытаньняў”, –што гэта за пытаньні, нам ня здолелі растлумачыць. На нашую просьбу прадставіць архіў сайту начальнік службы бясьпекі Сьмірноў Андрэй Анатолевіч адказаў адмоваю і дапусьціў магчымасьць, што архіў зьнішчаны. Народны рух “Лукашенко-2008” расцэньвае гэтыя чыны як грубае парушэньне Канстытуцыі Расейскай Фэдэрацыі і замах на асноўныя дэмакратычныя правы і свабоды”. На сёньняшні дзень у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі на сайце сабралі 2836 подпісаў.
Сайт
“Беларускія навіны”
паведамляе пра тое, што ў Гомелі прайшла прэзэнтацыя фільму аб масавых расстрэлах “Лес сьмерці”.
Прэзэнтацыю дакумэнтальнага фільму “Лес сьмерці” правяло 7 лютага Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Фільм зьняты гомельскімі аўтарамі пры падтрымцы незалежнай тэлевізійнай студыі і Таварыства аховы помнікаў. Карціна прысьвечана масавым расстрэлам людзей, якія адбываліся ў лясным масіве блізу Гомелю. На прэзэнтацыі фільму сярод іншых слова ўзяў кіраўнік мэмарыяльнай сэкцыі Таварыства аховы помнікаў гісторыі Вячаслаў Сіўчык, які адзначыў, што невядома, колькі людзей было забіта супрацоўнікамі НКУС у гэтым лесе і хто былі гэтыя людзі. На жаль, улада не прызнае відавочных гістарычных фактаў, больш за тое — імкнецца іх схаваць”, – заявіў В.Сіўчык.
Аляксандар у форуме сайту
Менсктрансу
пытаецца:
“Вось міліцыі, згодна з указам прэзыдэнта РБ ад 1995 году, можна не плаціць за праезд у грамадзкім транспарце, таму што гэтага ўказу ніхто не адмяняў. Скажыце, а ўказ прэзыдэнта № 349 ад таго ж 1995 году адменены? Згодна зь ім школьнікі, студэнты і пэнсіянэры маюць права на 50-працэнтную скідку”.
Радыё Свабода © 2009 РС | Усе правы захаваныя.