Процкая: “Мне, Процкай, 60 год. Трымаем дзьве казы, курэй, сабаку. Прасілі Марэйку, каб пакінулі гумно да вясны, запоўненае сенам і зернем. Ніхто не зьвярнуў увагі. Зрабілі ў нас разваліны, Чачэнію нумар два...”
Купелявец: “Калі яны зносілі, я сказала ім — вы хочаце пахаваць свае памылкі, і найхутчэй. А што зь людзьмі рабілі — як фашысты! У мяне лецішча закідана цэглай, дошкамі. Ідзеш і плачаш...”
Стрэж: “А хто мужу майму верне здароўе?! У Кушляўца Федзі дом рылі, а ён ляжаў у бальніцы пад кропельніцай. Калі нас зьнесьлі, прыйшоў стары з суседняй вёскі і плакаў — гэта што, 30-я гады?! У нас жа ўсё бур’яном зарасло — каму гэта трэба? Яны нам і прапанавалі — ідзіце ў вёску, у месцы, зарослыя бур’яном. Але хіба мы ў тым узросьце, каб з нуля пачынаць?! 310 тысяч нам далі штрафу за захоп зямлі, а лясгас выставіў ад 3 да 17 мільёнаў...”
Неабходнае тлумачэньне. Дачныя паселішчы “Сакалянкі” перамяжоўваюцца з шэрагам лесапалос, якія фармальна належаць Талачынскаму лясгасу. Апошні дагэтуль ня вызначыўся зь іх межамі, што дае падставы для, па сутнасьці, неабгрунтаваных прэтэнзіяў ды спэкуляцыяў. Так лічаць мае суразмоўніцы.
Спадарыні: “Мы ня маем гарантыі, што з намі ня ўчыняць яшчэ горшага... На наступны дзень, як мяне зьнесьлі, падышла да іх — у мяне сад пашыраецца! Межы, сказалі, рабіце за свой кошт — выклікайце гіпраземслужбу...”
Тым часам канфлікт пачаў выходзіць па-за межы, так бы мовіць, цывілізаванага поля.
Спадарыні: “Пайшлі на крайнія меры — хацелі перакрыць чыгунку Масква — Берасьце. Я пазваніла ў прэзыдэнцкую камісію. Я моцна плакала. Мне сказалі — супакойцеся, што яны там, з колаў зьехалі? На другі дзень старшыня пассавету Чачоткіна пазваніла, што нам адмяняюцца тыя мільёны штрафу... Я не разумею ўладу, Лукашэнку Аляксандра Рыгоравіча, які, калі трэба было стаць прэзыдэнтам, шмат што абяцаў. А цяпер з народам вядуць сябе вельмі жорстка — фашысты гэтага б не зрабілі... У нас вынішчэньне нацыі ідзе ў поўным сэнсе слова. Гэтая сотка будзе пуставаць. Але яны пераступілі, выцерлі ногі аб нас, утапталі ў бруд. І каб Марэйка не адчуваў глебы, так бы не зрабіў. А было сказана: ня зробіць так з намі, сам паляціць з пасады! Ён застаўся на пасадзе, а мы страцілі сваё здароўе...”
Інтэрвію, што я ўзяў напярэдадні эфіру ў кіраўніка Талачынскай вэртыкалі Аляксандра Марэйкі. Паводле ягоных словаў, нібыта нічога і не было.
Марэйка: “У нас канфлікту не было. Людзі захапілі зямлю, іх абавязалі вярнуць. Адзінае — лясгас уваліў штраф, не падумаўшы — за кожны лішні мэтр зямлі адна базавая велічыня, паводле ляснога кодэксу. Шкадуючы людзей, прыйшлося зрабіць захады, каб іх не каралі. Парадак наведзены, і ўсе тут справы...”
* * *
У параўнальна невялікім 7-тысячным Коханаве насельніцтва вельмі пярэстае. Пра гэта яшчэ тры гады таму сказаў мне беспрацоўны інжынэр Юры.
Юры: “У Коханаве пражываюць мясцовыя, тыя, што прыехалі з-пад Чарнобылю, экс-старшыні калгасаў, экс-дырэктары, экс-афіцэры і экс-зэкі...”
Акурат з экс-старшынём калгасу, пэнсіянэрам Антонам Падалякіным, пазнаёміўся на вуліцы, ля крамы.
Падалякін: “Я вельмі задаволены палітыкай Лукашэнкі. Бо для пэнсіянэраў пытаньняў няма, і наша Коханава моцна перамянілася — стала на вуліцах прыгожа. У мяне адна дачка ў Нямеччыне, другая ў Расеі — і крыху зайздросьцяць мне. Тое, што льготы аднялі, яшчэ не заўважылі. А так добра — кажу за сябе і сваю сужонку...”
“Праўдзівасьць” словаў Антона Падалякіна выпала праверыць праз хвіліну. У досыць пустой краме гутару з прадавачкай — спадарыняй Ларысай.
Ларыса: “Бачыце, хлеб прывезьлі — і застаўся. На хлеб, булку грошай няма! Бутэлькі прыносяць, здаюць — вось і пакупніцкая здольнасьць наша! Само сабой, віно бяруць. Пяць гатункаў “чарніла” ў нас...”
Юрый Якаўлевіч Лукашэнка, зь якім пазнаёміўся мінулым разам, цяпер гутарыць адмовіўся. 73-гадовы інвалід па зроку кажа, што пасьля адмены льготаў нішто ня мае сэнсу. Пагатоў той шок, які зараз зьведалі ягоныя калегі-пэнсіянэры, чарнобылец Лукашэнка адчуў шмат гадоў таму. Калі пасьля праславутай паўлаўскай рэформы страціў усе зьберажэньні ў суме 30 тысяч савецкіх рублёў. Гэтыя словы ён сказаў яшчэ тры гады таму.
Лукашэнка: “А патрабаваць трэба ад нашага прэзыдэнта — узяўся кіраваць, дык кіруй! Хоць бы старым выдаў! Ну што гэта за кампэнсацыя — я ў Хойніках пайшоў. На тысячу рублёў савецкіх — тысячу беларускіх! А бохан хлеба 800—900! Гэта ж абдзіралаўка. Калі абрабавалі, лепш маўчалі б. І мы нічога не даможамся ўжо. Ідуць сродкі абы-куды — на ўсякія лядовыя палацы...”
Пэсымізм пануе і ў 35 коханаўскіх індывідуалаў. Кажа старшыня тутэйшага Саюзу прадпрымальнікаў спадарыня Сьвятлана Чарных.
Чарных: “Прадаўцы пойдуць на вуліцу — парадку 20 чалавек. Працаваць у Коханаве няма дзе — вядомы факт. Унітарныя прадпрыемствы арганізоўваць ня будуць. Для прадпрымальнікаў гэта нерэальна, бо трэба браць бухгальтара на аднаго-двух прадаўцоў — які сэнс?! У нас і так на ладан дыхаюць, зводзяць канцы з канцамі. Ня трэба дадаваць падаткаў, бо эўра расьце. А ў нас арэнда, падаткі разьлічваюцца ў эўра. Новы год — падаткі вырастуць — адсоткаў 40 будуць даведзеныя да галечы дакладна...”
Шпацыруючы па коханаўскіх вулках, заўважыў шмат маладзёнаў, часьцяком нападпітку, якія бадзяліся, відавочна, бяз справы. Аказалася — навучэнцы адзінага тут 173 сельскагаспадарчага ПТВ. Ад мікрафону, аднак, кідаліся — кажуць, кіраўніцтва забараніла пад страхам выключэньня любыя стасункі зь невядомымі. У прыватных размовах прызнаваліся, што бываюць дні ўвогуле без заняткаў. Пры гэтым у цесным, шмат гадоў не рамантаваным інтэрнаце ня ўседзець. Так сказаў мне па сакрэце 19-гадовы Барыс.
Барыс: “У інтэрнаце, канечне, не хапае душа, ванны — няма дзе памыцца...”
Дырэктар каледжу Валеры Рэцкі ад гутаркі адмовіўся. Больш за тое. Як паведамілі мне пасьля, ён зрабіў вымову камэнданту інтэрната нават за такія стасункі з карэспандэнтам “Свабоды”. Жанчына старанна выбірала словы:
Спадарыня: “Будынак у нас, канечне, стары. Жыве 61 чалавек па 2—3—4 чалавекі. У нас, у асноўным, выяжджаюць на выхадныя...”
Карэспандэнт: “Вас як завуць?”
Спадарыня: “Камэндант і ўсё. Вы ж таксама не прадставіліся...”
Карэспандэнт: “Віталь Сямашка, вось маё пасьведчаньне...”
Спадарыня: “Валянціна Аляксандраўна Кунцэвіч...”
Пра коханаўскае жыцьцё гутарым зь сябрам рэдкалегіі газэты “Товарищ” ды ЦК прыпыненай партыі камуністаў Мікалаем Петрушэнкам. Суразмоўца адзначае, што сёлета суполак палітычных партыяў у Коханаве паболела.
Петрушэнка: “Калі тады была толькі адна Партыя камуністаў Беларуская, БНФ, дык зараз, хоць прыпынілі ПКБ, шэрагі павялічыліся ў 2,5 раза. Акрамя гэтага, зьявілася сацыял-дэмакратычная групоўка, жаночая партыя “Надзея”, “Малады фронт”. У ПКБ зьявілася маладзёжная групоўка. Быў на Чарнігаўшчыне, на Ўкраіне. Пабачыў, што на самой справе дае шматпартыйная сыстэма. Я пабываў у раённай радзе, дзе на 40 тысяч жыхароў прадстаўлены шэсьць палітычных партыяў! Выяўляецца гэта ў простых рэчах. Усе жанчыны, хто мае каровы, аб’яднаныя ў згуртаваньне малакавытворцаў з адзінай задачай — супрацьстаяць нізкім закупачным цэнам. Гэта значыць, там атрымаюць прыбытак ад малака. У нас на ўвесь раён засталося ледзь-ледзь паўтары тысячы кароваў. Няма ні кароваў, ні сэнсу, што Лукашэнка цісьне на вяскоўцаў...”
Спадар Петрушэнка ў Коханаве — асоба ўнікальная. На пачатку 90-х гг. мінулага стагодзьдзя разам з дэпутатамі Віктарам Алксьнісам ды Сажы Ўмалатавай быў сустаршынём фракцыі “Саюз” у Вярхоўным Савеце СССР, дзе яго таксама называлі “бацькам” ГКЧП. Лукашэнку добра знаў асабіста — у 94-м той прапаноўваў увайсьці ў каманду. Але Петрушэнка тут жа адмовіўся пасьля ўваходу туды братоў Ціцянковых, да якіх страціў давер, назіраючы іхнюю працу з чарнобыльскімі праграмамі. Яму прапаноўвалі 26 тысяч даляраў крэдыту, каб толькі перайшоў у прапрэзыдэнцкую КПБ. Але ягоная галоўная “дыялектыка” ўсё-ткі ня ў марксавых тамах, а ў прыроджанай празе справядлівасьці. Ён узначальваў мясцовы перадвыбарчы штаб Аляксандра Мілінкевіча. Змаганьне дачнікаў за свае правы Мікалай Сямёнавіч лічыць пасьпяховым.
Петрушэнка: “Дачнікі адчулі, што калі шчыльна, разам весьці барацьбу супраць улады, дык могуць дасягаць перамогі, бо ўлада адмовілася ад 23 мільёнаў штрафаў з гэтых няшчасных жанчын. Гэта перамога! А на наступны год прагноз такі. Коханава — мадэль таго, што супраціў уладзе расьце, мацнее. Рэдка ўжо можна сустрэць чалавека, які не кляне Лукашэнку, што завёў краіну ў тупік. Год таму пагардліва абражалі нас — “бэнээфаўцы, апазыцыя”. Зараз прыслухоўваюцца — “дык яны ж маюць рацыю, гавораць пра інтарэсы простых людзей Коханава...”