Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Ксенія Сітнік сьпявала не па-беларуску?


Ігар Карней, Менск Дзесяцігадовая мазыранка Ксенія Сітнік перамагла ў дзіцячым конкурсе “Эўрабачаньне-2005”, які праходзіў у бэльгійскім Хасэльце. Дзяржаўныя ідэолягі ўжо заявілі, што да “трыюмфу” наўпрост спрычынілася найвышэйшае кіраўніцтва краіны — у прыватнасьці, прэзыдэнцкі спэцфонд для падтрымкі таленавітай моладзі.

Чаму песьня, зь якой Ксенія Сітнік выступіла на конкурсе ў Бэльгіі, гучала па-расейску? Кіраўнік тэлепраекту “MTV-Беларусь” Валік Грышко тлумачыць: паводле правілаў конкурсу, выканаўцы мусілі прэзэнтаваць песьні ўласнага аўтарства. А тое, што Нацыянальная тэлерадыёкампанія выправіла ў Бэльгію расейскамоўную ўдзельніцу, чарговы раз сьведчыць пра моўныя прыярытэты сучаснай Беларусі.

(Грышко: ) “Галоўнай умовай было напісаньне песьні самімі дзецьмі. Але калі чалавек не беларускамоўны — чаго чакаць? Я думаю, яна проста не змагла б напісаць па-беларуску. Тут прафэсіяналы пішуць, і тое памыляюцца. Так і яна — на якой мове здолела, на такой і напісала. Не сумняюся, што ёй дапамагалі і дарослыя, але калі б у выніку зьявіліся вершы па-беларуску, узьнікла б пытаньне іншага кшталту — яна не сама іх пісала”.

Адразу пасьля абвяшчэньня вынікаў галасаваньня Ксенія Сітнік сказала, што перамога на “Эўрабачаньні” — вынік стараньняў маці, кіраўніцы мазырскай студыі эстрадных сьпеваў Сьвятланы Стацэнкі. У дзяржаўных чыноўнікаў, якія сустракалі Ксенію на лётнішчы, на гэта свой погляд. Намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Алег Праляскоўскі, які ўручыў ёй букет ад прэзыдэнта, заявіў: гэтая перамога — яскравы прыклад працы дзяржавы з талентамі. У свой бок імкнуўся схіліць пераможныя вагі міністар культуры Леанід Гуляка. Пра вырашальную ролю тэлерадыёкампаніі казалі старшыня БТ Уладзімер Мацьвяйчук і кіраўнік беларускай дэлегацыі Аляксандар Мартыненка. А вось лідэр гурту “Нэўрадзюбэль” Аляксандар Кульлінковіч у гэтай сытуацыі перадусім шкадуе дзяўчынку.

(Кульлінковіч: ) “Калі стала зразумела, што яна перамагла, мы з жонкай практычна ва ўнісон вымавілі: “Ну, зараз пачнецца”, прадчуваючы неверагодную радасьць усемагчымых арганізацыяў, якія гэтую перамогу будуць на сябе цягнуць. Асабіста мне нават ня вельмі прыемна, што перамогу нам аддалі, паколькі разьдзіманьнем усёй гэтай шуміхі, незразумелым перацягваньнем гэтай беднай дзяўчынкі на сябе (а гэта ўжо адбываецца), перамогу спаганяць. Насамрэч, ня так шмат ёсьць чым сучаснай Беларусі ганарыцца. А гэта, у прынцыпе, нагода для гонару ўсё ж, якога-ніякога”.

Эстрадная сьпявачка Іна Афанасьева, працягваючы лёгіку Аляксандра Кульлінковіча, кажа: беларусы, прадстаўляючы краіну на міжнароднай сцэне, так і ня здолелі перарасьці ў нацыю.

(Афанасьева: ) “Мы ніяк ня можам зразумець, што мы, у прынцыпе, самастойная і самадастатковая нацыя. Заўсёды імкнемся пад кагосьці падраўняцца. А мне здаецца, што ў нас самабытная культура, не падобная ні на што. Таму ўсё ад прапісной ісьціны — няма прарока ў сваёй айчыне”.

Ксенія Сітнік прызнаецца, што цягам апошніх двух дзён стамілася ад такой увагі да сябе, хоць і называе інтарэс “прыемным”.

(Сітнік: ) “Канечне, цяжка. Але ўсё роўна, кожнаму чалавеку, кожнай дзяўчынцы, пэўна, хочацца, каб яе вось так фатаграфавалі, здымалі… Гэта, натуральна, стомленасьць, але прыемная”.

На сцэне канцэртнага палацу ў Хасэльце ў Ксеніі Сітнік не было выпадковых памочнікаў. “Фон” стваралі ўнук аднаго зь “верасоўцаў”, 8-гадовы Васіль Раінчык-малодшы і 10-гадовая Паліна Ждановіч — дачка кампазытара Сяргея Ждановіча. Дарэчы, Раінчык-старэйшы пасьля абвяшчэньня вынікаў заявіў: “Гэтая перамога пацьвярджае: сапраўднае мастацтва — па-за палітыкай і забабонамі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG