Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ў сваёй дзяржаве – незалежнасьць, этатызм і дзяржаўная ідэалёгія


Сьвятлана Курс, Менск Беларуская афіцыйная ідэалёгія – гэта абсалютызацыя дзяржавы і ўдзел апошняй ва ўсіх сфэрах жыцьця, то бок этатызм. На думку некаторых экспэртаў, гэтую ідэалёгію падтрымлівае значная частка беларусаў, якія ўпершыню атрымалі шанец жыць ва ўласнай дзяржаве, што й зьяўляецца прычынай устойлівасьці грамадзка-палітычнае сытуацыі. Тэму дасьледавала Сьвятлана Курс.

Беларусы у сваёй дзяржаве

Пасьля атрыманьня незалежнасьці беларусы ўпершыню атрымалі магчымасьць выбіраць, як ім жыць. Культура грамадзтва схіліла яго да выбару калектывізму і этатызму.

Асяродкі альтэрнатыўнай думкі ня мелі вызначальнага ўплыву на выбар шырокіх колаў грамадзтва.

З гэтым не пагаджаецца пісьменьнік і гісторык Уладзімер Арлоў.

(Арлоў: ) “Адсутнасьць альтэрнатыўнага, дысыдэнцкага асяродку ў 1970-1980-ыя – адзін зь мітаў. Архіў найноўшай гісторыі дае дзясяткі прыкладаў, што існавалі такія асяродкі і самвыдат.

Уплыў такіх асяродкаў і выданьняў быў не такі вялікі, як у прыбалтыйскіх краінах і тагачаснай Украіне, але было б памылкай цалкам адмаўляць гэты ўплыў. З гэтых асяродкаў выйшлі дэпутаты першага і апошняга, здаецца, на гэты час больш-менш дэмакратычна абранага Вярхоўнага Савету 12 скліканьня”.

Аднак амаль нічога з даробку дысыдэнтаў сучасная дзяржава беларусаў не ўзяла ў свой падмурак. Асьпірант Зьміцер Маркушэўскі вывучаў філязофію дзяржавы й грамадзтва ў Інстытуце філязофіі Акадэміі навук, але з палітычных прычынаў спыніў навуковую дзейнасьць. Ён дае азначэньне ідэалёгіі цяперашняй беларускай дзяржавы і ідэалёгіі, якая была б на ягоную думку, аптымальнай.

(Маркушэўскі: ) “Гэта адсутнасьць любові да свабоды і навязваньне штучных ідэалаў. Ідэалёгіяй, якая адпавядала б беларускаму грамадзтву й канстытуцыі, была б ідэалёгія разнастайнасьці ідэалёгій, якая прадухіляе канфлікты ў грамадзтве”.

За аснову пабудовы беларускай дзяржаўнасьці быў прыняты прынцып этатызму – гэты тэрмін узьнік ад францускага “etat” – дзяржава. Пра беларускі этатызм гаворыць палітоляг Андрэй Казакевіч.

(Казакевіч: ) “Гэта мадэль, якая прадугледжвае вялікі ўдзел дзяржавы ў нейкай сфэры: палітычнай, эканамічнай, культурнай. Так, гэта ўласьцівасьць нашай палітычнай традыцыі і ідэнтычнасьці, якая склалася яшчэ ў савецкія часы. Па-другое, гэта зьвязана з практычнымі рэчамі. Для звычайнага чалавека апазыцыя, палітычныя партыі, недзяржаўныя арганізацыі – нешта далёкае і абстрактнае. А што тычыцца дзяржаўных органаў, то ўсе людзі маюць зь імі стасункі, значная колькасьць у іх працуе, маюць знаёмых і родзічаў, якія там працуюць. Дзяржава захоўвае кантроль над маёмасьцю. Бальшыня людзей зьвязаныя зь дзяржавай працоўнымі адносінамі. Гэта ўсё захоўваецца”.

Беларусь з краіны разьвітога сацыялізму стала бюракратычнай дзяржавай, дзе палітычная эліта жыве за кошт усяго насельніцтва, а насельніцтва атрымлівае ў бюракратыі невялікія, але істотныя для хатняй гаспадаркі выгоды. Эсэіст Алесь Чобат лічыць, што гэта пакуль задавальняе бальшыню людзей.

(Алесь Чобат: ) “Яны добра ставяцца да сябе, гэтак, як усе людзі на белым сьвеце. Гэта яны пераносяць і на тое, што прынята лічыць іхнай дзяржавай. Сталася свая мяжа. Хваляцца, што яна дае чацьвёртую частку усяе валюты. А некалі ж хваліліся, што мы – мост. Тысячы, калі ня сотні тысячаў паднялі сабе заробкі, чаго не маглі б атрымаць у СССР. Кожны чалавек, нават самы просты, сабраўся і паехаў, хоць у Эўропу, хоць у Расею – прывёз, чаго захацеў. Цэркваў і касьцёлаў набудавалі больш за школы. І ўсё гэта атаесамліваецца зь беларускай дзяржавай. Няма прычын ў людзей рабіць рэвалюцыю і пераабіраць уладу. Колькі дзён у годзе наш тутэйшы чалавек бачыць тую ўладу? Улада – гэта тыя, каму трэба плаціць за камуналку і электрыку”.

(Карэспандэнтка: ) “Дык зашмат браць сталі...”

(Чобат: ) “Адзіная праблема. Ды і то ня варта ўшчынаць зьмены, бо можа быць невядома што. Ну няма тут адчуваньня, што ёсьць нешта па-над тваёй дзялкай, тваім домам. Усё, што над сваёй дзялкай і домам, успрымаецца як несвабода. Тое, што СССР разваліўся, гэта няпраўда. Ён далей працягвае развальвацца. Гэта таму, што людзі вырасьлі пры тым, што яны называюць "савецкая ўлада". Лукашэнка – тое самае, што Панамарэнка. Панамарэнка зрабіў тут урбанізацыю і паставіў гэты край на тыя ногі, на якіх ён цяпер стаіць. Мазураў і Машэраў працягвалі тое, што ён пачаў”.

Спадар Чобат лічыць, што адзіная пасьпяховая жыцьцёвая стратэгія ў этатычнай дзяржаве – кар’ера міліцыянта, мытніка ці чыноўніка.

(Чобат: ) “Цяпер ідуць у міліцыю і там робяць кар''еру. А ў армію ссылаюць склады пільнаваць. Ілюзію свабоды тут маюць усе. Усе жывуць трохі налева, нават на казённай службе. Калі чалавек на службе мае нешта для сябе, нашто яму тая свабода? Ён ужо дабіўся – тут і цяпер. Рэспубліка Беларусь ёсьць клан кланаў, сямейства сямействаў. Цяперашні рэжым – калі ён таталітарны, то як ён можа быць антынародны? Таталітарны і народны – адное і тое ж”.

У такой сытуацыі кепска адно: людзі, якія хочуць ствараць сваё, апынаюцца па-за кантэкстам і вымушаныя жыць, перасьледваныя дзяржавай і незразуметыя насельніцтвам. Гаворыць Артур Клінаў – аўтар канцэпцыі “партызанства ў роднай краіне”.

(Клінаў: ) “Дзяржава ў нармальным фармаце – патрэбны сацыяльны інстытут. Але да сёньняшняе дзяржавы я стаўлюся, як, відаць, і большасьць нашага народу, па-партызанску. Сёньняшняя дзяржава – акупант на нашай тэрыторыі і прадметам ягонае акупацыі зьяўляецца свабода грамадзянаў, вольная ініцыятыва.

Мэтай дзяржавы ёсьць узяць грамадзян у палон, пасадзіць у баракі і даць ім пайку. У нармальнай краіне дзяржава павінная залежыць ад грамадзянаў і ім кантралявацца, а не наадварот. Таму натуральна, большасьць народу жыве па партызанску. І бізнэс, і культура, і нават тыя жыхары, што патрапілі ў палон і жывуць на пайку і бюджэце, уціхара таксама партызаняць”.

Чалавек, які паверыў у сьвятасьць інстытуцыі дзяржавы, аддае ёй ад 50% да 70% сваіх прыбыткаў і спадзяецца, што ўзамен дзяржава будзе клапаціцца пра яго да самай сьмерці. Людзі ахвяруюць сябе "моцнай і квітнеючай" дзяржаве, каб тая ўратавала іх ад фобіяў.

Паводле этнасоцыяпсыхоляга Паўла Ўрбановіча, асноўныя фобіі людзей пры этатысцкай дзяржаве гэта: страх страціць працу; страх застацца бедным на старасьць; страх высокіх коштаў; страх прайграць у канкурэнтнай барацьбе; страх не набыць кватэру; страх перад платнай мэдыцынай і адукацыяй; страх пераменаў.

Грамадзтва перажывае комплексы страху й віны. Адзін чалавек, нават калі ён таленавіты як дыктатар, ня мог стварыць такое маркотнае жыцьцё для 10 млн. людзей, гаворыць Павел Урбановіч.

(Урбановіч: ) “Нармалёвы стан рэчаў, гэта калі існуюць мае межы і твае межы, мая адказнасьць і твая адказнасьць. Мы не бяром на сябе адказнасьць за тое, хто над намі ёсьць. Ёсьць добрая прыказка: калі можаш, кіруй сам. А калі ня можаш – глядзі ўважліва, каму аддаеш лідэрства. Адказнасьць заўсёды на абодвух бакох”.

У варунках этатычнай дзяржавы добра пачуваюцца людзі з пасіўнай жыцьцёвай пазыцыяй і кепска – актыўныя людзі. Пасіўных традыцыйна болей. Давядзецца актыўным пацярпець, пакуль умацоўваецца нацыятворчая дзяржава, лічыць Алесь Чобат.

(Чобат: ) “Але тут нічога кепскага. Бо мы былі польскай правінцыяй расейскай імпэрыі. Посткаляніяльны народ павінны найперш ставіць дзяржаву. Вось цяпер усе шумяць на гэтага бацьку. Ды гэты Лукашэнка, ён проста мучаецца, бедалага”.

Філёзаф Максім Жбанкоў ня згодны.

(Жбанкоў: ) “Я б не пагадзіўся. Гэта адна з ілюзіяў і мітаў, якімі мы сябе цешым. Прасьцей за ўсё нічога не рабіць і казаць “мы беларусы, так нам і трэба”. Тое, пра што вы кажаце – рысы хутчэй усходнеславянскага мэнталітэту. Гэта балянс вэктараў, які існуе на сёньняшні дзень, але гэта нельга лічыць нацыянальным лёсам або нацыянальнай прыхільнасьцю. У вас ёсьць сваё сумленьне, талент, мужнасьць не пагаджацца з тым, што ёсьць – шукайце варыянты і фарматы свайго існаваньня. Няма ідэальна спрыяльных часоў для інтэлектуала. Тым ня менш шмат людзей даюць сабе рады. Чаму ня мы? Марк Твэн агучыў цікавую штуку: руш сваім шляхам, і няхай будзе, што будзе”.

Частка другая

Беларусы ў сваёй дзяржаве – 2

Пасьля атрыманьня незалежнасьці беларусы ўпершыню атрымалі магчымасьць выбіраць, як ім жыць. Культура грамадзтва схіліла да выбару калектывізму і этатызму. Этатызм – гэта мадэль, якая прадугледжвае вялікі ўдзел дзяржавы ў нейкай сфэры: палітычнай, эканамічнай, культурнай.

У этатычнай дзяржаве бюракратыя жыве за кошт усяго насельніцтва, а насельніцтва атрымлівае невялікія, але істотныя для хатняй гаспадаркі выгоды. Падобна, такая негалосная дамова задавальняе бальшыню. Людзі лічаць, што карыстацца дзяржаваю і абыходзіць яе законы – праява спрыту й розуму. Ні для кога не сакрэт, што выкарыстаньне службовага становішча, пратэкцыя і хабарніцтва шырока распаўсюзіліся сярод чынавенства, у правахоўнай і судовай сыстэме, на мытні, сярод выкладчыкаў і г.д. і не выклікае рэзка адмоўнага стаўленьня ў грамадзтве.

Іншы недахоп мадэлі этатызму – немагчымасьць уплываць на якасьці людзей, якія ідуць ва ўладу. Паводле сучаснай псыхалёгіі, ад 1 да 5% людзей у любым грамадзтве зьяўляюцца псыхапатамі. Псыхапатыя – не хвароба, а асаблівае разьвіцьцё эмацыйна-валявых рысаў. Псыхапаты лічаць сваю асобу галоўнай, а свае ідэі – супэркаштоўнымі. Гаворыць этнасоцыяпсыхоляг Павал Урбановіч.

(Урбановіч: ) “Калі да ўлады ідзе псыхапатычны чалавек, ён бярэ вялікую сякеру і памахвае ёю па шляху. Амплітуда маханьня вялікая, у каго галаву зьнясе, у каго – руку. Чалавек пры гэтым даволі эфэктыўны і нармалёвы. Тым, хто вакол цяжка, а яму – добра: “Я дырэктар. Я бачу рэальнасьць. Але я ня бачу тых, хто вакол, або бачу ў іх ворагаў”. Такі чалавек свае мэты дасягне. І калі ягоныя мэты супадаюць з мэтамі грамадзтва – усё добра, тады кажуць: “Ну, жорсткі, але справядлівы, усё ж нешта зрабіў!”

Амэрыканскі псыхоляг Робэрт Гэар, які праславіўся распрацоўкай крыміналягічных тэстаў, сёлета распрацаваў тэст Business Scan – для выяўленьня псыхапатаў на працы. На думку навукоўца, менавіта псыхапаты зьяўляюцца самай актыўнай праслойкай насельніцтва, іх прыцягвае ўлада, грошы і кантроль над людзьмі. Яны здольныя ісьці да свае мэты па галовах. Паводле Гэара, асноўныя рысы псыхапата на пасадзе – крывадушнасьць, хлусьлівасьць, абыякавасьць, бязьлітаснасьць, нецярпімасьць, раздражняльнасьць, эксцэнтрычнасьць, зьменлівасьць, адсутнасьць такту і жарсьць да зьдзекаў з падначаленых.

Этатызм прыводзіць і да таго, што людзі пазьбягаюць удзелу ў грамадзкім, сацыяльным жыцьці. Пазьбягаюць усіх формаў актыўнасьці. Вельмі моцна гэта адбіваецца на мужчынах.

(Урбановіч: ) “Паглядзіце: хто ў сям’і галоўны зараз? На маю думку, часьцей за ўсё, жанчына. А мужчына прыйшоў, паклаў грошы, сам лёг – і ўсё. Гэта жаданьне, каб хто-небудзь рабіў маю справу і жыў маё жыцьцё за мяне. Жанчыны больш адаптыўныя. Мужчына ці выпраўляе сытуацыю, ці скараецца. Мужчына, калі скараецца, ён не існуе, ён не жыве. Жанчына ў цесных умовах можа жыць і нават быць шчасьлівай”.

(Карэспандэнтка: ) “Што за тэрмін – “не жыве”?

(Урбановіч: ) “Проста як аўтамат працуе, не заўважае таго, што вакол. Магчымыя іншыя эскапізмы, сыход у п’янку, напрыклад. Колькасьць сацыяльна актыўных жанчын ня можа запоўніць нішу, якую вызвалілі сацыяльна актыўныя мужчыны”.

Лідэр прадпрыймальніцкай арганізацыі "Пэрспэктыва" Анатоля Шумчанка лічыць, што грамадзянская актыўнасьць і людзей будзе ўзрастаць.

(Шумчанка: ) “Жыцьцё ў Беларусі наладзіцца і хутка, я думаю. Такое адчуваньне, што нехта падштурхоўвае працэс. Працавалі больш-менш стабільна, і тут нехта сказаў, што трэба забраць усё, і прадпрымальнікі сталі палітычнай сілай. Нельга забіраць лыжку і міску”.

Этатычная дзяржава асьвячае акт адбіраньня ўласнасьці ад любога чалавека. Закон і права граюць тут інструмэнтальную ролю. Дзейнічае правіла: сябрам – усё, ворагам – закон. Чыноўнік падтрымлівае сытуацыю, калі ніхто ня ведае дакладна, вінаваты ён у чымсьці або не.

Яшчэ адная небясьпека этатызму – у заняпадзе паліталягічных навукаў і адсутнасьці акадэмічнай свабоды, якая прыводзіць да выбару неэфэктыўных мадэляў разьвіцьця дзяржавы, лічыць З.Маркушэўскі.

(Карэспандэнтка: ) “То бок накірункі разьвіцьця сучаснай эфэктыўнай дзяржавы нават не разьвіваюцца?”

(Маркушэўскі: ) “Так казаць было б перабольшваньнем. Але сапраўднае вывучэньне тэарэтычнага фэномэну падмяняецца прасоўваньнем штучнай ідэалёгіі. Сёньняшняя дзяржава падмацоўвае дасьледаваньні, якія не супярэчаць лініі партыі. Гэта адбіваецца на акадэмічнай свабодзе”.

Парадокс этатызму – ва ўмовах панаваньня дзяржавы адбываецца яе заняпад і заняпад навукі аб ёй.

Яраслаў Раманчук вядомы сваімі “антыэтатычнымі” выступамі. Ён лічыць, што ўпадак этатызму часткова ў ім самім.

(Раманчук: ) “Калі народ не падтрымлівае палітычную канкурэнцыю, калі народ не разумее, што эканамічная роўнасьць – згуба для прагрэсу, калі ў краіне 5 ставак падатку для фізычных асобаў, калі дзяржава адбірае 50% ВВП, каб разьмяркоўваць яго па іншых крыніцах, гэта значыць, народ этатычны. Аднак ёсьць у нас адна перавага – Лукашэнка і ягоныя ўрады давялі гэтую ідэю да лягічнага канца”.

Абаронцы цяперашняга ладу кажуць, што ён – адзіны гарант станаўленьня нацыі. Маўляў, этатысцкія грамадствы спрыяюць узьнікненьню этнацэнтрызму ды патрыятызму, прызнаньню выключнасьці і спэцыфічнасьці досьведу свае краіны.

Уладзімер Арлоў гаворыць на гэты конт: “Не сумняваюся ў тым, што цяперашні стан беларускай дзяржавы – ненатуральны стан. Гістарычная пэрспэктыва будзе зьмененая тады, калі зьменіцца палітычны рэжым, які пасьлядоўна зьнішчае тое, дзякуючы чаму ён існуе – імкненьне народа, нацыі да стварэньня свае дзяржавы, зьнішчае нацыянальныя каштоўнасьці.

Аднак палітоляг Андрэй Казакевіч лічыць, што дзяржава можа існаваць і не на грунце сталай нацыі.

(Казакевіч: ) “Калі мы кажам пра этнацэнтрызм і дзяржавацэнтрызм, гэта розныя рэчы. "Я – беларус, таму што мая родная мова – беларуская, таму што я належу да беларускай культурнай традыцыі, таму што я вызнаю шматвяковую беларускую гісторыю”. Гэта адна форма самасьвядомасьці. Іншая – калі я магу сказаць, што я – беларус, бо жыву ў беларускай дзяржаве. У прынцыпе, гэтага дастаткова. Этатызм тут можа граць нацыяналізуючую ролю, калі дзяржава бярэ за аснову нацыянальную традыцыю. Этатызм можа фармаваць дэнацыяналізаванае грамадзтва, ніяк чынам не спрычыніцца да фармаваньня этнацэнтрычнай пазыцыі”.

Заходнія грамадзтвы лічаць: улада мусіць быць ціхім мэнэджэрам, а не галоўным акторам.

Што думаюць на гэты конт беларусы, можна даведацца толькі праз справядлівыя выбары. На што эсэіст Алесь Чобат пярэчыць: “Якія выбары? Яны даўно адбыліся. Выбары ў Беларусі адбываюцца праз на пакаленьне. А пакаленьне не зьмянілася. Чаму дзеці тут мусяць розьніцца ад бацькоў? Зь якое прычыны?”

Магчыма, жыцьцёвая стратэгія беларусаў падобная да кітайскай – жывеш, пакуль вызнаеш вяршэнства дзяржавы? Філёзаф Максім Жбанкоў на гэта пярэчыць:

(Жбанкоў: ) “Каб яна была для нас жыцьцёвай, нам трэба было б быць кітайцамі. Ёсьць, прабачце, гістарычныя лёсы нацыі, ёсьць свой іканастас, сьпіс культурных герояў, ёсьць геапалітычныя абставіны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG