Зьмяніць памер шрыфту
| Выдрукаваць
17.01.2007
АБЛОГа сеціва 17 студзеня
Севярын Квяткоўскі, Менск
На форумах парталу
Tut.by
абмяркоўваюць як будзе звацца арганізацыя ГУАМ, калі туды ўступіць Беларусь.
17 студзеня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь можа далучыцца да гэтай структуры. ГУАМ – міждзяржаўная рэгіянальная арганізацыя, куды ўваходзяць Грузія, Украіна, Азэрбайджан і Малдова. Вось як бачаць наведнікі форуму магчымую абрэвіятуру, калі да чатырох краінаў далучыцца Беларусь: “БУМАГ - Грузія пакрыўдзіцца, лепш ГА-БУМ”; “Трэба далучыць Габон і Алжыр – будзе БУГАГА”; “А можа, ГУМБА альбо МАГУБ...”
Абмеркаваньне у сеціве ананімнай гіп-гоп паэмы
Zianon-Hop
працягваецца. Некаторыя параўноўваюць тэкст з паэмамі “Тарасам на парнасе”, “Сказам пра Лысую гару” і паэмай “Лука Мудзішчаў – прэзыдэнт”. Алею ў вагонь падліла
“Наша Ніва”
. Аглядальнік выданьня Алесь Кудрыцкі спрабуе патлумачыць вялікую папулярнасьць тэксту ў сеціве. Галоўны герой твору – Зянон Пазьняк – паўстае ў вобразе супэргероя, якія вяртаецца, і разьмятае як афіцыйную ўладу, гэтак і афіцыйную апазыцыю. “Пазьдзекаваліся зь Зянона? Пачытайце цяпер яго артыкулы. Напішыце яму ліст”, - піша напрыканцы Алесь Кудрыукі. Водгукі: “У паэме няма зьдзеку ні над Пазьняком, ні над апазыцыяй”, “Паэма зусім не пра Пазьняка… Паэма пра нас… І пра погляд аўтара на тое, як можна зьмяніць сытуацыю”.
Інфармацыйны партал
Bybanner.com
са спасылкай на канал “СТВ” публікуе тройку галоўных тэмаў, зь якімі наведнікі зьвяртаюцца ў
гасьцявую кнігу сайту Менгарвыканкаму
. Жыхароў Менску найперш хвалюе праца грамадзкага транспарту, па-другое – праца ЖЭСаў, а на трэцім месцы па папулярнасьці – тэма дарог і дарожнага руху. “Вывучэньнем паведамленьняў на форуме заняліся спэцыялісты Ўпраўленьня ідэалягічнай работы Менгарвыканкаму”, - гаворыцца ў паведамленьні.
Новы дакумэнтальны фільм Юрыя Хашчавацкага “Плошча” зьявіўся ў сеціве на сайце
“Вольная Беларусь”
. “Сярэднявечная дыктатура і народ, які змагаецца за сваю волю. Хлусьлівая ўлада і адважныя героі. Узброеныя да зубоў васалы і бяззбройныя гараджане. Гэта не фантастыка – гэта хроніка падзеяў вясны 2006 году” – пазначана ў анонсе фільму.
Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Радыё Свабода © 2009 РС | Усе правы захаваныя.