Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асудзілі нявіннага, а кампэнсацыю ня плацяць


Міхаіл Гладкі
Міхаіл Гладкі

Жыхара Менскага раёну Міхаіла Гладкага несправядліва асудзілі за забойства брата, а цяпер не рэагуюць на ягоную заяву аб выплаце кампэнсацыі за адбытыя ў вязьніцы гады.

10 красавіка жыхар Менскага раёну Міхаіл Гладкі падаў у Менскі раённы суд скаргу аб прызнаньні ягонага права на кампэнсацыю стратаў у сувязі зь несправядлівым прысудам. Гэта ўжо другая скарга Міхаіла Гладкага. Першую ён падаў яшчэ ў лютым, і на яе дагэтуль няма адказу. Якой справядлівасьці дамагаецца Міхаіл Гладкі?

Ён быў асуджаны на 8 гадоў паводле абвінавачаньня ў забойстве брата Віктара, якога, як зараз высьветлілася, не забіваў. Трагедыя здарылася 9 лістапада 2002 году ў доме маці Міхаіла пасьля сумеснага расьпіцьця алькаголю паміж Віктарам Гладкім і ягоным знаёмым па калёніі Эдуардам Лыкавым. Летась у лістападзе Менскі абласны суд высьветліў, што гэта Лыкаў пасьля сваркі забіў спачатку гаспадыню дому, а потым яе сына Віктара. Чаму ж спачатку асудзілі за забойства Міхаіла Гладкага?

Сам Міхаіл ад кантактаў з прэсай устрымліваецца. Праваабаронца зь «Вясны» Валянцін Стэфановіч, які дапамагаў яму скласьці скаргу ў Менскі раённы суд, апавёў падрабязнасьці здарэньня зь ягоных словаў.

Аказваецца, Міхаіл Гладкі зьявіўся ў дом маці на наступны дзень пасьля трагедыі. Маці ляжала ў крыві, а побач на ложку ляжаў брат Віктар. Міхаіл вырашыў, што ягоны брат забіў маці, і ў гневе ўдарыў яго сякерай, якая ляжала побач. Потым вырашыў, што забіў брата, і выклікаў міліцыю. Тое, што забойства насамрэч адбылося днём раней, сьледзтва магло высьветліць дастаткова лёгка, калі б засумнявалася ў паказаньнях затрыманага. Але гэтага не адбылося.
Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч: «Ён сапраўды меркаваў, што забіў. Гэтак склаліся абставіны. Але насамрэч забойства адбылося да яго. Ягоны брат быў ужо нежывы, калі Міхаіл ударыў яго сякерай некалькі разоў. Але справа ў тым, што сьледзтва было праведзена абсалютна дрэнна. Бо, паводле расьсьледаваньня справы Лыкава, ён быў у гэтай хаце амаль дзень. Піў зь Віктарам, пакінуў шмат сьлядоў. Але сьледчыя зусім не абцяжарвалі сябе пошукам нейкіх іншых доказаў. Іх цалкам задаволіла, што Міхаіл прызнаў віну. Ёсьць нібыта матыў, што забіў з мэтай помсты — і ўсё. Ніякіх нават адбіткаў пальцаў не шукалі».

Адметная дэталь: сьледзтву быў вядомы сьведка, які даводзіў алібі Міхаіла Гладкага на момант забойства ягонага брата, але на першы суд над Міхаілам яго проста не паклікалі, адзначае Валянцін Стэфановіч.

З 8 гадоў, прызначаных судом, Міхаіл Гладкі 5 гадоў адбыў у калёніі, а астатняе — на папраўчых працах. Паводле закону яму павінны выплаціць кампэнсацыю за маральную шкоду і вярнуць спагнаныя зь яго незаконна грошы. Але пакуль дзяржава не выяўляе жаданьня разьлічыцца з пацярпелым ад судовай памылкі грамадзянінам; ягоныя скаргі застаюцца нават без адказу. Чаму гэтак адбываецца?

Валянцін Стэфановіч: «Магчыма, дзяржава лічыць, што гэта нявыгадна ёй паказваць. Бо ў тым ліку атрымліваецца і нядобры аргумэнт супраць сьмяротнага пакараньня. Паводле тых абставінаў яго маглі тэарэтычна абвінаваціць і ў забойстве дзьвюх асобаў — ня толькі брата, але і маці. І быў бы яму прысуд не 8 гадоў, а сьмяротнае пакараньне. Але мы зыходзім з таго, што калі дзяржава зрабіла памылку, то яму мусіць кампэнсаваць усе страты. У яго жонка памерла неўзабаве пасьля таго, як яго вызвалілі. 30 зь нечым гадоў было, чакала яго. У яго шмат праблемаў узьнікла ў сувязі з прысудам, а цяпер гэта быццам нікога не цікавіць».

На дадзены момант у беларускіх турмах 4 чалавекі чакаюць выкананьня сьмяротных прысудаў, паведаміў Валянцін Стэфановіч зь «Вясны». Сярод іх і Эдуард Лыкаў, якога Менскі абласны суд прызнаў вінаватым у забойстве Віктара Гладкага. Вядома, што Эдуард Лыкаў абскардзіў прысуд і чакае разгляду скаргі ў Вярхоўным судзе Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG