Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гітлер ці Вільгельм ІІ?


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Ну вы зразумелі, пра каго пытаньне. Але, здаецца, якое тут пытаньне — закляйміць агрэсара трэба як мага больш моцна. Які такі Вільгельм, хто пра яго памятае? Аднак, а калі справа ня ў тым, як гучней закляйміць, а калі выбар, усьведамленьне каштуе мільёнаў жыцьцяў людзей на Зямлі?

Ёсьць вядомае выслоўе — генэралы рыхтуюцца да мінулай вайны. Калі прыходзіць новая, то яна аказваецца не падобнай на мінулую. Кажуць, што сьвет не абрынуўся ў бездань у 1962 годзе з тае выпадковай прычыны, што прэзыдэнт Джон Кенэдзі прачытаў кнігу амэрыканскага гісторыка Барбары Такман «Жнівеньскія гарматы». У ёй Такман бліскуча апавядае пра д’ябальскую палітычную варонку, якая ўцягнула сьвет у Першую сусьветную вайну. Гэта была вайна, якой ніхто не хацеў. Прынамсі, ніхто не хацеў такой вайны.

І Кенэдзі скарыстаў гэты сумны досьвед падчас Карыбскага крызісу, калі сьвет як ніколі быў блізкі да ядзернага апакаліпсісу. Досьвед не азначаў, што трэба банальна капітуляваць, ён азначаў, што ня трэба дэманізаваць ворага, трэба даваць яму шанец захаваць твар і ўлічваць яго інтарэсы. Кенэдзі адмовіўся ад прапановы вайскоўцаў разбамбаваць савецкія пускавыя ўстаноўкі на Кубе нават тады, калі «зялёныя чалавечкі» зьбілі над Кубай амэрыканскі самалёт-разьведчык, ён адмовіўся ад прапановы тапіць савецкія караблі, якія везьлі на Кубу новыя ракеты, Кенэдзі пагадзіўся вывесьці ядзерныя ракеты з Турэччыны, якія, праўда, амэрыканцы нібыта зьбіраліся адтуль прыбраць і да крызісу. У выніку Кенэдзі выйграў, ну прынамсі выйграў больш (ці прайграў менш), чым Хрушчоў.

А вось цікава — а калі б Кенедзі прыняў Хрушчова за Гітлера, калі б будаваў паводзіны на падставе досьведу ня Першай, а Другой сусьветнай вайны, то што б было? Ну, можа выглядаў бы больш гераічна. Але ня выключана, што мы б ня мелі магчымасьці гэта ацаніць, бо мы, нашы бацькі ці бацькі бацькоў тады ж, у 1962 годзе, сталі б попелам.

Пуцін — Гітлер? Тады варта не гуляцца ў салдацікі ў ФБ, надзімаць жарсьці, а маліцца перад хуткай сьмерцю. Бо выбар тады просты: ці войскі Пуціна у хуткім часе выйдуць на заходнюю мяжу Ўкраіны, а можа, пойдуць і далей, ці значная частка чалавецтва, у тым ліку і ўдзельнікаў цяперашніх спрэчак, згарыць у полымі ядзернай вайны. Гітлер пляваў на любыя санкцыі, ён хацеў сусьветнага валадараньня і хацеў вайны, каб крывёй (у тым ліку і немцаў) «змыць ганьбу 1918 году». У 1935 годзе, калі яшчэ слабы вэрмахт уваходзіў у Рэйнскую вобласьць, яго яшчэ магла стрымаць пагроза ўжываньня сілы, у 1938 годзе ён ужо не баяўся пагрозаў — зь ім можна было толькі не ваяваць ці ваяваць. Не было б Мюнхэна, вайна б пачалася тады ж, у 1938-м. А як бы яна склалася — у рэале году да 42-га фінал быў невідавочным.
У Пуціна бомбаў хапае. Калі ён Гітлер, варта рыхтавацца да капітуляцыі ці сьмерці

І, дарэчы, калі б у яго была бомба, то ён наўрад ці вагаўся б яе ўжыць. Перад сьмерцю ён казаў, што нямецкі народ аказаўся ня вартым яго, і таму гібель гэтага народа будзе справядлівай. Дык што б стрымала яго ад гарантаванага ўзаемнага зьнішчэньня, калі б ён меў такую магчымасьць? У Пуціна бомбаў хапае. Калі ён Гітлер, варта рыхтавацца да капітуляцыі ці сьмерці. Можа, гонар і патрабуе не капітуляваць, але цана супраціву менавіта такая.

Падаецца, што калі карыстацца нямецкімі гістарычнымі аналёгіямі, то Пуцін куды больш падобны на апошняга нямецкага імпэратара Вільгельма ІІ — чалавека малапрыемнага, пыхлівага, апантанага ідэяй Machtpolitik, але палітыка ня надта буйнога ва ўсіх сэнсах і зусім не макабрычнай пачвары, якой быў Гітлер. «Зялёныя чалавечкі», вайна, на якой за тыдзень нікога не забілі — гэта ня гітлераўскі стыль.

Але сьвет абрынуўся ў Першую сусьветную не ад д’ябальскай моцы адной асобы, а наадварот — ад слабасьці ўсіх удзельнікаў гульні. Сышлі Бісмарк, Дызраэлі, Аляксандар ІІІ, якія маглі дамаўляцца, бо былі моцныя. Прыйшлі такія — сярэдняга гатунку, кшталту як цяпер. А на гэта яшчэ наклалася тое, што Артэга-і-Гасэт назваў «паўстаньнем масаў».

Манархі мінулых часоў маглі ваяваць і мірыцца, але ім нават у галаву не прыходзіла, што гэтыя рашэньні залежаць ад некага, акрамя іх. Паварочваць палітыку на 180 градусаў маглі і таталітарныя ўладары: да 22 чэрвеня 1941 году СССР, які для нацысцкай Нямеччыны быў амаль два гады калі не саюзьнікам, то партнэрам, у гэты дзень стаў ворагам. І нічога — ніхто ў Нямеччыне пытаньняў не задаваў.
Грамадзкая думка рыхтуецца да мінулай вайны ў яшчэ большай ступені, чым генэралы

А ў 1914-м было інакш. Нават паўаўтарытарныя манархіі (Нямецкая, Аўстра-вугорская і Расейская) былі вельмі чуйныя да грамадзкай думкі. Ліпеньскі крызіс, спароджаны забойствам эрц-герцага Фэрдынанда, сам па сабе пакідаў нешырокі калідор магчымасьцяў яго мірнага вырашэньня. Але была яшчэ і грамадзкая думка, якая перакрыла яго цалкам. Бо грамадзкая думка рыхтуецца да мінулай вайны ў яшчэ большай ступені, чым генэралы. Ды яна і не рыхтуецца, яна наагул ня думае, хай і называецца думкай.

«Тэўтонскія барбары, бошы», «лягушатнікі», «руская азіяцкая арда» — прыкладна такой мовай нянавісьці гаварылі 100 гадоў таму адзін пра аднаго насельнікі аднаго кантынэнта. «Што напішуць газэты, што скажа вуліца, калі мы праявім слабасьць, калі мы адступім?» — казалі сабе слабыя ўладары у Санкт-Пецярбургу, Вене, Бэрліне, Парыжы і Лёндане.

Я не спадзяюся, што гэты блог прачытаюць Пуцін, Абама ці Турчынаў. Але, магчыма, яго прачытаюць звычайныя людзі, які ўсьвядомяць, што іх узаемнай нянавісьцю да «тых нелюдзяў» выбудоўваецца зараз дакладна такая ж д’ябальская варонка, якая «бездакорна» спрацавала 100 гадоў таму, зачыняецца нешырокі калідор, у якім апэруюць гэтыя зусім не тытаны.

У мяне ў крымскім крызісе ёсьць уласнае меркаваньне, хто ў ім мае рацыю, а хто не. Аднак ужо ў 1915 годзе ў бакоў узьнікла ўсьведамленьне, што падстава, якая здавалася надзвычай важнай ў ліпені 1914 году, ня вартая тых мільёнаў людзей, якія на той час ужо загінулі. Але менавіта гэтыя мільёны загіблых і зрабілі немагчымым палавіністае пагадненьне ў стылі мінулых стагодзьдзяў, вайна аказалася ня той, якой уяўлялася ў ліпені 1914-га, і ўсе былі вымушаныя працягваць гэтую татальную вайну да татальнага зьнішчэньня ворага. Д’ябальская машына працягвала працаваць.
100 гадоў таму таксама раўлі пра «любую цану». І яе менавіта і заплацілі

«Дык што — патураць, капітуляваць, дараваць?» — спытае чытач. Не. Кенэдзі не капітуляваў. Але ён правільна вызначыў, хто яму супрацьстаіць і досьвед якой вайны дарэчны ў ягонай сытуацыі. Ён памятаў пра заходнюю ганьбу Мюнхэна, але і пра агульнаэўрапейскую ганьбу 1914 году памятаў таксама.

А звычайным людзям, гэтак як і ўладарам думак — рускім, украінцам, амэрыканцам, заходнеэўрапейцам, ну і беларусам таксама — парада адно не разьдзімаць полымя нянавісьці, не раўсьці — «любой цаной». 100 гадоў таму таксама раўлі пра «любую цану». І яе менавіта і заплацілі.

Тая вайна пачалася з забойства нашчадка аўстравугорскага пасагу. У выніку вайны пасаг разам з самой імпэрыяй зьнік як такі. І яшчэ дзьве імпэрыі — туды ж. І менавіта з вайны, як ні парадаксальна, пачаўся заняпад пераможцаў у ёй — Францыі і Вялікабрытаніі як вялікіх дзяржаваў. Што пазьней у ХХ стагодзьдзі стала відавочным.

Прыгадваюцца словы Мао Цзэдуна: «Хай у ядзернай вайне загіне палова чалавецтва, затое астатнія будуць жыць пры сацыялізьме». Рызыкну паправіць клясыка: не пры сацыялізьме — пры Pax China. Прычым кітайцам не давядзецца асабліва нічога рабіць. Круглавокія ідыёты ўсё зробяць самі. Кітайцы проста прыйдуць і зоймуць законнае месца адзіных пераможцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG