Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перад кім адказвае Майдан?


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст
«Галоўнае пытаньне любой рэвалюцыі – гэта пытаньне пра ўладу» – казаў Уладзімер Ленін. Калі гаварыць пра сучасную Ўкраіну, то здаецца якое такое пытаньне пра ўладу? Часовы ўрад сфармаваны, праз два месяцы – прэзыдэнцкія выбары, ўсе рэгіёны (ну, можа, акрамя Крыму) так ці інакш прызналі новую ўладу. Але нават і ў больш спакойныя часы фармальная і фактычная ўлада – зусім розныя матэрыі. Часам рэчыва ўлады выпетрываецца, пакідаючы бясьсільны муляж.

А ў рэвалюцыю і пагатоў. У тым, што па ўсёй Украіне зараз валяць помнікі Леніну, можна ўбачыць нейкую палітычную магію – мо валяць дзеля таго, каб схаваць, чые запаветы наконт барацьбы за ўладу сьвята выконваюць?

Асаблівасьць рэвалюцыі – гэта тое, што пытаньне пра ўладу падчас яе вырашаецца не праз працэдуру, не праз закон, а праз наўпроставае палітычнае сутыкненьне. «Вінтоўка нараджае ўладу» – як адзначаў Мао, яшчэ адзін клясык рэвалюцыі. Ну, мо ня толькі: кулак, аўтарытэт, мабілізаванасьць прыхільнікаў. Але ў любым выпадку – сіла, здольнасьць прымусам ці страхам дамагчыся выкананьня сваёй волі. На час фармальны ўладны статус і выбарчы бюлетэнь ня маюць значэньня. Больш за тое – як правіла, той, хто перамог у гэтай наўпроставай барацьбе, потым і выйграе выбары. Народ проста адчувае вынік гэтай барацьбы і галасуе за пераможцу, калі яго, народ, папросяць сваё меркаваньне выказаць. А могуць і не папрасіць. Ці зрабіць зь яго воляй, як бальшавікі з Устаноўчым сходам: «Караул устал – расходитесь, господа».

З гэтага пункту гледжаньня галоўная праблема новага ўраду (і шырэй – новых уладаў) – гэта Майдан. Падобныя сытуацыі ў гісторыі ня проста бывалі, яны амаль што непазьбежныя. Хто абіраў Якабінскі клюб падчас Вялікай Францускай рэвалюцыі? Хто і як абіраў Саветы ў Расеі у 1917 годзе (якія, дарэчы, не былі вынаходніцтвам бальшавікоў і напачатку не бальшавікі ў іх вялі рэй)? Аднак нефармальнай, але рэальнай уладай на пэўных этапах адпаведных рэвалюцый былі менавіта гэтыя інстытуты. Як казаў Рабэспьер, «я – не прадстаўнік Францыі, я і ёсьць Францыя».

І на самой справе стрыжнем палітычнага працэсу ва Ўкраіне ўжо робіцца канфлікт паміж палітычнымі партыямі, статуснай палітычнай супольнасьцю і Майданам. Паміж партыямі кампраміс у пэрспэктыве можа і скласьціся, іх з Майданам – не. Знакамітыя сотні, сілы самаабароны Майдану – гэта міліцыя ў яе першасным, а не сссраўскім значэньні – ваенізаваныя атрады пэўнай палітычнай сілы. Пакуль ня будзе адноўленае адзінства дзяржаўнай волі і найперш – манаполія дзяржавы на гвалт, ні пра рэформы (добрыя ці кепскія), ні пра барацьбу з карупцыяй, ні пра нармальнае функцыянаваньне эканомікі і пра хоць нейкую сыстэму кіраваньня размовы проста ня будзе.

Прычым, тут справа ня ў тым, што каму падабаецца, і што падабаецца, у прыватнасьці, мне. Калі спадару Ярашу ці каму зь іншых рэальных лідэраў Майдану па плячы (па галаве :)) кепка Леніна ці капялюш Кромвэля – значыць, «бутафорыя» ў выглядзе Вярхоўнай Рады і сыстэмных партыяў будзе проста зьмеценая, дзяржаўныя сілавыя структуры расфармаваныя ці разагнаныя, а новыя – створаныя якраз на базе тых сотняў і сілаў самаабароны. Ужо якое вялікае шчасьце будзе ад таго ўкраінскаму народу – пытаньне спрэчнае, але варыянт магчымы. Прычым, менавіта гэта будзе сапраўднай рэвалюцыяй, зломам усёй прынамсі палітычнай сыстэмы краіны. Але пры гэтым важны чыньнік – двоеўладзьдзе будзе зьліквідаванае, Майдан пераможа ўсіх і стане адзінай уладай.

Шчыра кажучы, больш імаверным уяўляецца іншы варыянт – сыстэмныя партыі і палітыкі перамогуць Майдан. Міліцыя Майдану будзе расфармаваная – сілай ці «абдымкамі», уключэньнем яе ў дзяржаўныя сілавыя структуры, але з вывядзеньнем з падпарадкаваньня яе цяперашнім камандзірам. Формулы – Майдан патрабуе, Майдан не дапусьціць, урад зацьвярджаецца на Майдане – зьнікнуць з украінскага палітычнага ўжытку як дурны (ці прыўкрасны – для каго як) сон. Людзі, якіх рэвалюцыя вынесла наверх, часам распраўляюцца са сваімі менш пасьпяховымі паплечнікамі куды больш рашуча, чым сьмеў і мог дазволіць сабе «злачынны рэжым», які яны дружна разам скідалі. Так бывала, прынамсі.

Можна марыць і спадзявацца, што той ці іншы варыянт адбудзецца мірна. Хаця гісторыя гэтага, мякка кажучы, не гарантуе. Адзінае, што ўяўляецца зусім неймаверным – што цяперашняе двоеўладзьдзе праіснуе працяглы час.

І справа тут не ў асабістым стаўленьне майданаўцаў і статусных палітыкаў адных да адных, не ў эмоцыях ці сантымэнтах. Лёгіка рэвалюцыі і лёгіка кіраваньня дзяржавай тут проста не пакідае выбару.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG