Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грошы на аднаўленьне сядзібы Агінскага «зьела» дэвальвацыя


Асвоеныя грошы — «кальцавая дарога» ў дворыку.
Асвоеныя грошы — «кальцавая дарога» ў дворыку.

Сродкаў на рэстаўрацыю сядзібы дыплямата, паўстанца, аўтара ўсясьветна вядомага палянэзу ля-мінор «Разьвітаньне з Радзімай» Міхала Клеафаса Агінскага хапіла на год працы.

За гэты час абнесеная сінім плотам будоўля ў Залесьсі на Смаргоншчыне папоўнілася збудаванай з чырвонай цэглы аранжарэяй і зялёнай бляхай. Усё іншае пакуль што застаецца ў звыклым — то бок, напаўразбураным — выглядзе.

Згодна з праектнай дакумэнтацыяй, здаць цалкам адрэстаўраваны аб’ект плянавалася да канца 2012 году. Да 2015-га, калі будзе адзначацца 250-гадовы юбілей знанага кампазытара і грамадзкага дзеяча свайго часу, Залесьсе ўжо мусіць стаць «турыстычнай Мэкай». Аднак падаецца, што тэрміны давядзецца ўсё ж скарэктаваць: пакуль будаўнікі аднаўлялі аранжарэю, страчаную за дзесяцігодзьдзі няпрофільнага выкарыстаньня сядзібы, скончыліся выдзеленыя на рэстаўрацыю грошы. Між тым яшчэ ня так даўно навуковы кіраўнік праекту, архітэктар Людміла Іванова ня мела падставаў сумнявацца ў тым, што нешта перашкодзіць працэсу аднаўленьня палацавага комплексу:

«Што тычыцца аранжарэі і дома садоўніка, то гэта ня новае будаўніцтва, а, скажам так, узнаўленьне старога аб’ёму. Унутры зрабілі невялікую кацельню, якая будзе абаграваць увесь комплекс. Што да астатняга? Рабіць трэба ўсё, бо там толькі што стаяць сьцены і перакрыцьці ляжаць. А ўсё астатняе — дах памяняць, падмуркі ўмацаваць, сталярку ўсю замяніць, зрабіць аддзелачныя працы, а самае галоўнае — сеткі падвесьці. Да акрэсьленага часу ўсё можна зрабіць, бо там не такія складаныя працы. Няма нейкага складанага дэкору ці супэрэлемэнтаў, якія прадугледжаныя ўнутры будынка і якія запатрабавалі б шмат часу на аднаўленьне. Там ні жывапісу, нічога асаблівага, збольшага агульнабудаўнічыя працы. Вядома ж, апошняе слова скажуць грошы і ўсё будзе залежаць ад фінансаваньня. Зразумела, сеткі зоймуць ладна часу, іх пракладка. Але зьнешне хоць і падаецца, што шмат працы, насамрэч яна ня вельмі працяглая. Калі добрая арганізацыя працы, то ўсё можна зрабіць».
Парадны ўваход па-ранейшаму далёкі ад параднасьці.
Парадны ўваход па-ранейшаму далёкі ад параднасьці.

У найноўшай гісторыі гэта ўжо другая спроба распачаць рэстаўрацыйныя працы ў сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага. Першая з-за адсутнасьці фінансаваньня была згорнутая на пачатку 1990-х. Цяперашняя, пачаўшыся, на неакрэсьлены тэрмін спынілася. Спадзяваньні ўладаў, што ў справе аднаўленьня можна ўкласьціся ў чатыры зь лішкам мільярды рублёў, аказаліся занадта аптымістычнымі. Зрэшты, можа, так яно і было б, каб не мінулагодняе абясцэньваньне рубля ўтрая, якое парадкам «зьела» дзяржаўныя інвэстыцыі.
Аранжарэя (цяплярня) пакуль выглядае як іншароднае цела.
Аранжарэя (цяплярня) пакуль выглядае як іншароднае цела.

Сяргей Верамейчык — дасьледчык жыцьця роду Агінскіх — у статусе старшага навуковага супрацоўніка будучага музэю больш за два дзясяткі гадоў намагаўся прысьпешыць пачатак рэстаўрацыйных працаў. Апантаны гэтай ідэяй, пры канцы 1980-х прыехаў у Залесьсе зь Менску, ахвяраваўшы кар’ерай мастака. І нарэшце быў усьцешаны, што праз столькі гадоў зьдзеку з гістарычнай каштоўнасьці зьявіўся імпэт прывесьці яе ў прыстойны выгляд.
Навабуд аранжарэі: з сонечнага боку.
Навабуд аранжарэі: з сонечнага боку.

На жаль, пачатак рэстаўрацыі супаў з дэвальвацыяй нацыянальнай валюты, хоць, як спадзяецца спадар Верамейчык, грошы да юбілею Агінскага, які будзе адзначаць уся Эўропа, усё ж знойдуцца. Разам з тым ён наракае, што рэстаўрацыя адбываецца не зусім карэктна, часта нават «на вока». Прыкладам, аранжарэя з інтэграваным у яе домікам садоўніка аказалася вышэйшая за першапачатковы варыянт мэтры на два, таму глядзіцца занадта цяжкою і, як вынік, заціснула сабой увесь астатні архітэктурны ансамбль:

«Можа, грошай і мала было, але ж трэба іх ашчадна выкарыстоўваць. А то пачыналі — і быццам ня ведалі, што ў краіне крызіс. Пачалі рэстаўрацыю з таго, што ўзяліся бардзюрныя камяні ўкладаць. Нават асфальт ужо хацелі вакол класьці. Ім жа працаваць трэба, асвойваць грошы, пакуль тая Іванова празь месяц прыедзе зь Менску. Дык вось яны і асвойвалі — марудзілі, туды-сюды соўгаліся. Кантролю няма, як гэтыя грошы расходуюцца, дык забабахалі такія падмуркі пад цяплярню, як быццам гэта бамбасховішча. Па старой савецкай звычцы: закладзем, каб ня ўпала. Таму рабілі, што можна было, безь яе прысутнасьці, хоць я ім казаў, што трэба было пачынаць з цэнтральнай часткі. А час ідзе, і чым далей прасоўваліся, тым вышэй і вышэй паўзьлі кошты. Па-нармальнаму, думаю, можна было зрабіць калі ня ўсё, то шмат чаго. Але ўрэшце выбралі і тыя грошы, якія былі разьлічаныя, каб працаваць яшчэ ў 2012-м. Ды пра што цяпер казаць? Працуюць, як сырое гарыць».
Дзейная ў сядзібе толькі капліца.
Дзейная ў сядзібе толькі капліца.

Міхал Клеафас Агінскі жыў і працаваў у Залесьсі два дзясяткі гадоў — ад 1802-га да 1822-га. Менавіта тут, як сьцьвярджаюць дасьледчыкі, зьявіўся на сьвет знакаміты палянэз ля-мінор «Разьвітаньне з Радзімай». Але пасьля 1939 году, калі Заходняя Беларусь была ўключана ў склад БССР, маёмасьць гаспадароў нацыяналізавалі, і сядзіба паступова прыйшла ў заняпад. У наступныя гады ў разрабаваным палацы разьмяшчаліся стайня, трактарны стан, дамы адпачынку і састарэлых.
Праект рэстаўрацыі сядзібы ў Залесьсі. Архітэктар Людміла Іванова.
Праект рэстаўрацыі сядзібы ў Залесьсі. Архітэктар Людміла Іванова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG