Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марына Адамовіч: На байкот у апазыцыі няма сіл


Партыя БНФ на бліжэйшых парлямэнцкіх выбарах зьбіраецца вылучыць 30–40 кандыдатаў.

Паводле аднаго зь лідэраў партыі Рыгора Кастусёва, гэтае рашэньне было прынятае яшчэ ў студзені, і за гэты час каля трох дзясяткаў сяброў партыі выказалі згоду быць кандыдатамі. Між тым багата апазыцыйных палітыкаў і рухаў настойвае на байкоце выбараў.

Юры Беленькі, в.а. старшыні КХП БНФ: «Гэтая арганізацыя (БНФ. — РС) час ад часу заслугоўвае камплімэнты з боку ўлады. Згадайце, як спадарыня Ярмошына сказала: „Нават партыя БНФ ідзе на выбары“. У масавай сьвядомасьці партыя БНФ — гэта мы. Гэта Зянон Пазьняк, гэта людзі, якія здабылі незалежнасьць і цьвёрда стаяць на пазыцыях незалежнасьці і дэмакратыі. І чалавек, які глыбока не займацца палітыкай, пачуўшы такую фразу, падумае: калі ўжо гэтыя ідуць на выбары, то трэба і нам ісьці. Такая просьценькая формула пастаянна ўжываецца рэжымам з дапамогай гэтых людзей».

Аляксей Пікулік, дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў, лічыць, што ніякай салідарнасьці апазыцыі ў пытаньні ўдзелу і няўдзелу ў выбарах ня будзе і большасьць палітычных гульцоў урэшце будуць удзельнічаць у выбарах:

Удзел у такіх выбарах безумоўна вядзе да легітымацыі беларускай улады ...

«Зразумела, што кожная партыя, вырашаючы свае ўнутраныя задачы, удзельнічае ў выбарах. Гэта спроба праверыць дзейнасьць сваіх рэгіянальных структураў, спроба трэнінгу, спроба заняць новыя месцы ў апазыцыйнай герархіі. І дакладна ніхто не разьлічвае на пазытыўны вынік ад удзелу ў выбарах. Удзел у такіх выбарах безумоўна вядзе да легітымацыі беларускай улады».

Рыгор Кастусёў, намесьнік старшыні партыі БНФ:

Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў
«Як такой кампаніі байкоту няма, і ёй ніхто не займаецца. Таму далучацца няма да каго. Як такіх выбараў няма, але мы выкарыстаем гэта як інфармацыйную нагоду для працы з насельніцтвам. Каб данесьці сваю праграму, разьясьніць сытуацыю ў Беларусі, чаму адбываецца эканамічны крызіс, чаму зьніжаецца ўзровень жыцьця. І данесьці інфармацыю пра тое, што ў Беларусі ёсьць палітзьняволеныя. Мы проста ідзём да людзей».

Марына Адамовіч, жонка палітзьняволенага Мікалая Статкевіча:

«Прайшло ўжо амаль паўтара года з таго часу, як нашыя палітвязьні ў няволі, і ня вельмі шмат нашыя партыі актыўнічалі. Але я спадзяюся, што выбары будуць для гэтага скарыстаныя. Хоць я спадзяюся, што яны будуць вызваленыя да выбараў».

Палітзьняволены Мікалай Статкевіч у лістах са Шклоўскай калёніі пасьлядоўна выказваўся за ўдзел у выбарах. Марына Адамовіч лічыць, што байкот у цяперашняй сытуацыі ўвогуле немагчымы:

Марына Адамовіч: «На байкот у нашых палітычных структур няма ні сіл, ні мажлівасьці, ні рэсурсаў. Гэта ж трэба забясьпечыць рэальны няўдзел у выбарах для трох з паловай мільёнаў грамадзян. Я ня веру ў такія мажлівасьці. А калі мы кажам пра тое, што людзі самі ня пойдуць, то гэта не байкот, а ігнараваньне выбараў. Я была б вельмі шчасьлівая паўдзельнічаць у рэальным байкоце, калі б бачыла, што гэта можа адбыцца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG