Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ўзарваў мэтро? XLIII. «Дыплёмны праект» экспэрта Клімовіча


Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?

Што яшчэ не спрацоўвае ў вэрсіі сьледзтва?

Ад аўтара

Ад аўтара

Аўтар дзякуе ўсім, хто дасылае ўдакладненьні, заўвагі і парады. Яны бяруцца пад увагу і будуць улічаныя пры падрыхтоўцы кнігі да друку.

Між тым з часткай заўваг аўтар ня можа пагадзіцца, бо мае свой погляд на тое, што бачыў на судзе і пра што даведаўся, вывучаючы акалічнасьці справы. На гэтыя заўвагі аўтар гатовы адказаць і абмеркаваць іх, калі кніга будзе надрукаваная.

Прыкладам сумнеўнасьці некаторых экспэртыз і паказаньняў беларускіх экспэртаў у судзе можа быць допыт экспэрта Сьцяпана Клімовіча. 1 лістапада міліцыянт Клімовіч даваў тлумачэньні суду адносна свайго заключэньня пра бомбы 2008 году — тую, што не разарвалася ў канцы дня 3 ліпеня, і тую, якая ўзарвалася ў першыя хвіліны 4 ліпеня. На тлумачэньнях настойвалі дзяржаўныя абвінаваўцы.

У чым была праблема? У заключэньні, якое знаходзіцца сярод матэрыялаў справы, спадар Клімовіч палічыў, што да зборкі гэтых бомбаў мелі дачыненьне сама меней два чалавекі. Чаму такая выснова? Сьцяпан Клімовіч узяўся тлумачыць: паводле яго, бомба 3-га ліпеня была сабраная вельмі акуратна, «як дыплёмны праект», паражальныя элемэнты — гайкі — складзеныя адна да адной, каб не заставалася пустога месца.

Але пры гэтым, сьцьвярджаў экспэрт, паяньне кантактаў на гэтай бомбе было неахайнае. «Гэтак паяюць навічкі, неразагрэтым паяльнікам», — патлумачыў суду Клімовіч. А вось у той бомбе, якая ўзарвалася, паяньне зусім іншае — роўнае, сапраўды прафэсійнае, меркаваў экспэрт. Таксама пакрыцьцё бомбы скотчам адрозьнівалася — на першай бомбе яно было значна больш надзейнае. Таму ён і зрабіў выснову, што было сама меней два зьбіральнікі бомбаў.

«Ці вы цалкам выключаеце, што гэта мог быць усё ж адзін чалавек?» — пракурор настойваў на пэўным адказе і ў рэшце рэшт свайго дамогся. Экспэрт Клімовіч ня выключыў, што гэта мог быць і адзін чалавек, які рабіў справу ў розных умовах і ў розны час. Гэтаксама на фактар часу экспэрт сьпісаў іншыя разыходжаньні. Прыкладам, у рэальнай бомбе паражальныя элемэнты былі ўкладзеныя ў выглядзе літары «Г», а на экспэрымэнце Канавалаў уклаў іх у выглядзе літары «П».

Паводле Сьцяпана Клімовіча, Канавалаў проста нешта наблытаў, «бо забыўся». Тое ж паўтарылася з батарэйкамі. У рэальнай бомбе дзьве батарэйкі былі прыматаныя скотчам да асноўнай часткі выбуховага прыстасаваньня, а на экспэрымэнце Канавалаў проста ўставіў адну батарэйку ўсярэдзіну бомбы. Розьнілася і папера, зь якой зьбіральнік бомбы рабіў пакунак, які потым уклаў у пачак з-пад соку. У бомбе 3 ліпеня дзеля гэтага ўжываўся ватман, у бомбе 4-га ліпеня — звычайная пісчая папера.

І ўсё ж экспэрт настойваў, што бомбы падобныя: адзін і той жа электрамэханічны прынцып ініцыяваньня, і тут і там — тумблер, электралямпачка. Плюс скотч аказаўся з адной катушкі — кавалкі скотчу з розных бомбаў супалі.

На просьбу ацаніць, ці быў чыстым экспэрымэнт па зьбіраньні бомбы 2008 году, які правёў Канавалаў, экспэрт Сьцяпан Клімовіч адказаў шчыра — ня быў. Але недахоп экспэрымэнту, аказваецца, у адным — не хапіла гаек, каб стоадсоткава скапіяваць бомбу. Ва ўсім іншым, атрымліваецца, «выдатная дыплёмная праца».

«Вось ён, спыніце яго, праверце, ці не пакінуў ён у падвале бомбу», — такое заданьне дала міліцыянтам жанчына зь першага паверху, калі я выйшаў з трэцяга пад’езду канавалаўскага дома

Як патлумачыць тое, што экспэрт Сьцяпан Клімовіч да суду казаў пра двух зьбіральнікаў бомбаў 2008 году, а ў судзе выказаў меркаваньне, што зьбіральнік мог быць і адзін? Абгрунтаваньне экспэрт зрабіў немудрагелістае: маўляў, чалавек мог сьпяшацца, дзейнічаць у іншых умовах. Чаму такая карэктыроўка ў паказаньнях?

Каб паспрабаваць адказаць на гэтае пытаньне, згадайма, кім быў паводле прафэсіі Ўладзіслаў Кавалёў. Ён быў электрыкам. А цяпер згадайма, што, паводле экспэрта, пайка ў адной з бомбаў 2008 году была выдатная, а вось у другой — неахайная. З гэтага сьледчыя маглі зрабіць выснову, што кантакты ў адной бомбе паяў профі, у другой — аматар. Мяркую, выбар сьледчыя маглі зрабіць толькі адзін — яны западозрылі Ўладзіслава Кавалёва, але даказаць ягоны ўдзел у зьбіраньні бомбы не змаглі, бо Канавалаў пра сябра адмовіўся даваць паказаньні, а сам Кавалёў у гэтым упарта не прызнаваўся. У выніку перад судом экспэрту Клімовічу маглі загадаць зьмяніць высновы адносна колькасьці зьбіральнікаў бомбы, каб яны не супярэчылі ўжо выпрацаванай вэрсіі: што Канавалаў зьбіраў бомбы без староньняй дапамогі. Бо такія сумненьні кідалі б цень і на адзіночнае аўтарства Канавалава ў зьбіраньні бомбы 2011 году.

Ці быў другі зьбіральнік бомбаў 2008 году і кім ён мог быць, так і засталося таямніцай.


Ці патрэбная была вэнтыляцыя?


Адмыслоўцы-хімікі ў адзін голас кажуць, што адна з прынцыповых умоваў для вырабу выбухоўкі — добрая вэнтыляцыя. Між тым, паводле сьледзтва, Канавалаў вырабіў «кісу» і асноўную выбухоўку на аснове салетры ў сваім падвале, дзе ніякай вэнтыляцыі не было. Як быць з гэтай супярэчнасьцю? Сьледзтва яе не заўважыла ці сьвядома праігнаравала, не паспрабаваў разьвеяць сумневы і суд.

У красавіку 2012 году аўтар прыехаў у Віцебск, каб на свае вочы ўбачыць падвал Канавалава і высьветліць пытаньне пра вэнтыляцыю ды яшчэ некаторыя рэчы. Быў сьвяточны дзень. Лавы пабач з домам Канавалава, які знаходзіцца на вуліцы Рэпіна, у асноўным пуставалі: некаторыя, побач з домам, былі занятыя пэнсіянэрамі, на лаве ў тарцы дома ўладкавалася кампанія маладых людзей яўна нападпітку. Дзьверы ў 4-ы пад’езд, дзе жыве сям’я Канавалавых, маюць кодавы замок, і таму, каб увайсьці ў пад’езд, давялося пачакаць на ганку. Нарэшце падышла маладая жанчына, зь якой увайшоў і я. Даць ключ ад падвалу жанчына катэгарычна адмовілася, а пра Канавалава сказала: «Мы тут усе ў шоку. Ніхто ня верыць, што гэта ён зрабіў». Жанчына дадала, што ніколі не адчувала ў пад’езьдзе моцных хімічных пахаў.



Пакуль мы размаўлялі, на лесьвічную пляцоўку выйшаў хлопец у майцы, з мабільнікам і цыгарэтай у руках. Сяргей, так назваўся малады чалавек, гатовы быў дапамагчы журналісту, але ягоны падвал быў, як ён патлумачыў, у іншым блёку, чымсьці канавалаўскі, таму ключ не падыходзіў. «Можна папытаць у іншых жыхароў пад’езду ці пайсьці ў суседні, трэці пад’езд. Там на першым паверсе жыве жанчына, у якой ёсьць ключы. З таго пад’езду таксама можна прайсьці да падвалу Канавалава», — патлумачыў Сяргей.

Таксама ён выказаў сваё меркаваньне пра аўтарства тэракту. «Гэта цалкам мог быць Канавалаў. Да яго падобна. Да таго ж ён увесь час сядзеў у тым падвале. Ідзеш позна ўначы, а ў ягоным падвале сьвятло гарыць», — згадаў Сяргей.

Дзьверы ўваходаў у падвалы ў канавалаўскім доме — побач зь дзьвярыма ў пад’езд. Такім чынам, уваход у сутарэньне з уваходам у пад’езд ніяк не зьвязаны. Гэта істотны момант. Чаму — патлумачу пазьней. Яшчэ я адразу падумаў: як мог Сяргей бачыць, што ў падвале гарыць сьвятло, тым больш — як ён з вуліцы вырашаў, што ў падвале менавіта Канавалаў? Але шукаць адказы на гэтыя пытаньні можна будзе, толькі трапіўшы ў сутарэньне пад домам.

Гэта цалкам мог быць Канавалаў. Да яго падобна. Да таго ж ён увесь час сядзеў у тым падвале. Ідзеш позна ўначы, а ў ягоным падвале сьвятло гарыць
Сяргей, сусед Канавалава

Між тым з гэтым лягчэй не станавілася. Жанчына зь першага паверху трэцяга пад’езду, да якой мне параілі зьвярнуцца, нават не адчыніла дзьвярэй. Я толькі чуў разьюшаны голас, што мінуў ужо год, што гэтую гісторыю трэба хутчэй забыць і яна асабіста нікому чужому ключы ня дасьць. Абыход кватэраў таксама выніку доўга не прыносіў. Большасьць жыхароў, якія адчынялі дзьверы, проста не карысталіся падваламі. Адна жанчына ключы мела, але спаслалася на тое, што «стамілася ад гэтай гісторыі». Пры гэтым Канавалава яна назвала дрэннымі словамі і сказала, што «яму так і трэба». Яшчэ адзін жыхар паабяцаў выклікаць міліцыю, калі я не сыду з пад’езду. Мужчына крычаў: «Што вы размалёўваеце гэтага Канавалава?!!...» (Далей брыдкаслоўе на адрас аўтара ды іншых журналістаў.) Сваё абяцаньне наконт міліцыі, дарэчы, ён стрымаў, але нарад прыехаў хвілін празь пятнаццаць, за якія я ўсё ж дастаў ключы, спусьціўся ўніз і знайшоў падвал пад нумарам 53.

На клямцы вісеў зламаны замок, і дзьверы адчыніліся лёгка. У пакойчыку прыкладна мэтар дваццаць на мэтар сорак было пуста, калі не лічыць самаробнай паліцы на сьцяне і невялікага століка, які дакладней было б таксама назваць паліцай. Усярэдзіне — шмат сьмецьця, рваная папера, блакітная каробачка... Колер сьценаў — жоўта-карычневы, як на фатаздымку з матэрыялаў справы.

Некалькі разоў шчоўкаю фотаапаратам і сыходжу, але да свайго выхаду трапляю не адразу, а праблукаўшы некалькі колаў па сутарэньні. Памяшканьне пад домам абмежаванае бакавымі сьценамі дома і перагародкамі, плошчай прыкладна 20 на 30 мэтраў. Катушкі індывідуальных падвалаў складаюць тры лініі. Само сутарэньне даволі высокае, з абодвух бакоў дома ў яго можна зазірнуць праз вокны. Удзень тут непатрэбны ліхтар, калі ваш падвал не ў цэнтральнай лініі. Вокны не такія і малыя — сама меней 60 сантымэтраў у шырыню, зашклёныя і забраныя сеткай-рабіцай. Аднак шкло дзе-нідзе пабітае. У сутарэньні адчуваецца вільгаць, але непрыемных пахаў амаль няма — відаць, таму, што памяшканьне прадзьмуваецца наскрозь праз вокны.

Адсутнасьць адмысловай вэнтыляцыі ў самім падвале Канавалава падчас прыгатаваньня выбухоўкі магла кампэнсавацца натуральным праветрываньнем сутарэньня праз вокны

Гэтае назіраньне падказала: адсутнасьць адмысловай вэнтыляцыі ў самім падвале Канавалава падчас прыгатаваньня выбухоўкі магла кампэнсавацца натуральным праветрываньнем сутарэньня праз вокны і агульным яго вялікім памерам. Тое, што жыхары ня чулі хімічных пахаў у пад’езьдзе, таксама магчыма, бо выхад з падвалу не вядзе непасрэдна ў пад’езд. Ноччу суседзі маглі бачыць сьвятло ў сутарэньні праз вокны. Мой суразмоўца Сяргей, які асабіста знаў Канавалава, меў падставы лічыць, што гэта Канавалаў «зноў сядзіць у сваім падвале», бо мог ведаць, дзе ягоны катушок і якое вакно пры гэтым сьвеціцца.

«Вось ён, спыніце яго, праверце, ці не пакінуў ён у падвале бомбу», — такое заданьне дала міліцыянтам жанчына зь першага паверху, калі я выйшаў з трэцяга пад’езду канавалаўскага дома і трапіў у рукі нараду. Усяго па маю асобу сабраліся 5 міліцыянтаў, сярод іх адзін амапавец і тры патрульныя, якія праверылі мае дакумэнты, а потым пайшлі ў падвал шукаць бомбу. Ад апошняга, маладзенькага міліцыянта, які застаўся мяне сьцерагчы, пакуль ня скончыцца праверка, я атрымаў яшчэ адну цікавую інфармацыю.

Гаворка пайшла пра тых супрацоўнікаў органаў, каго пакаралі за разявацтва: што віцебскаму экспэрту далі тры гады, столькі ж атрымаў менскі міліцыянт, які празяваў тэрарыста на ўваходзе ў мэтро. Раптам мой суразмоўца падоўжыў сьпіс. Паводле яго, летась у службовым парадку таксама быў пакараны міліцыянт, які служыў тут участковым у 2005 годзе і «празяваў» Канавалава.

Праз паўгадзіны, перапісаўшы дадзеныя з майго пашпарта, журналісцкага пасьведчаньня і правоў кіроўцы, пільныя віцебскія міліцыянты мяне адпусьцілі.



Працяг — будзе.

Папярэднія разьдзелы кнігі

Частка 2

Экспэрымэнт, якога не было

Чаму няма ключавога відэа зь менскага вакзалу?

Іван Шыла пра Канавалава: «Ён мог зрабіць гэты выбух»

Чытач: «Асноўнае відэа — высокапрафэсійная падробка»

Адбіткі пальцаў і біялягічнае рэчыва

Працяг дзіўнага экспэрымэнту

Хто са сьведак пэўна апазнаў Канавалава?

Ахоўнікі

Тэрарыст адзін, бомбы дзьве?

Усё ж: «пілі» ці «білі»?

Лішнія пальцы і сім-картка

Дзіўная спрэчка ў Навінках

Навошта спатрэбіўся дэтэктар хлусьні?

Змывы з твару, рук і адзеньня, сьляды выбухоўкі ў падвале



Частка 1

Уступ

Вэрсіі добрая і дрэнная

Прызнаньне — каралева доказаў

Як нараджаюцца новыя вэрсіі

Відэа: чалавек з торбай

Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры

Сьляды на адзеньні

Чорная торба з надпісам «Vest»

Забойчы доказ

Чаму экспэрта Сініцына судзілі таемна?

Бомбы

Што было ў падвале Канавалава?

Канавалаў зьбіраў бомбу «на аўтамаце»

Экспэртызы і сьледчыя экспэрымэнты

Навошта?

«Яму заўсёды падабаліся выбухі»

Ці здаровы Канавалаў псыхічна?

Схільны да самагубства?

Судзьдзі і сакратаркі

Як Канавалаў сабраў бомбу

Ханжанкоў: Беларускі сындром

Пульт і паражальныя элемэнты

Пракуроры

Роля Ўладзіслава Кавалёва

З допыту Кавалёва ад 29 красавіка

Лёс рэчавых доказаў

Сумнеўныя абставіны і доказы, якія выклікаюць недавер

Пацярпелыя і публіка
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG