Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Думкі пра сьмерць карысныя для здароўя?


Паводле вынікаў дасьледаваньня амэрыканскіх навукоўцаў з Місурыйскага унівэрсытэту, думкі пра сьмерць могуць аказваць пазытыўнае ўзьдзеяньне на здароўе чалавека, а таксама дапамагаюць яму зьмяніць жыцьцёвыя прыярытэты і каштоўнасьці. Паводле дасьледнікаў, думкі аб уласнай сьмяротнасьці робяць чалавека больш талерантным і жаласьлівым у адносінах да людзей.

Аўтар дасьледаваньня Кенэт Вэйл аспрэчвае цьверджаньні большасьці сваіх калегаў аб тым, што думкі чалавека аб уласнай сьмерці зьяўляюцца для яго патэнцыйна небясьпечнымі і шкоднымі для здароўя.

У працы, апублікаванай у інтэрнэт-выданьні «Асоба і сацыяльная псыхалёгія», аўтары дасьледаваньня прыводзяць вынікі аналізу шматлікіх прыкладаў ўспрыманьня сьмерці чалавекам, якія сьведчаць аб пазытыўным уплыве на стан чалавека.

Так, экспэрымэнт амэрыканскага псыхоляга Мэцью Гаіліёта, праведзены ў 2008 годзе, паказаў, што напамін пра сьмерць аказвае ўплыў на гатоўнасьць чалавека дапамагаць незнаёмым людзям. Падчас экспэрымэнту, які праводзіўся паралельна на могілках і ў звычайным гарадзкім раёне, у групу людзей ўкараняліся акторы, якія заводзілі дыялёг аб узаемадапамозе. Пасьля гэтага адзін з актораў губляў ноўтбук, а навукоўцы назіралі, колькі незнаёмцаў прапануюць мужчыну дапамогу. Як высьветлілася, атмасфэра могілак павышала на 40% лік добраахвотнікаў, якія гатовыя было дапамагчы староньняму чалавеку.

У сваім дасьледаваньні Кенэт Вэйл таксама прыводзіць доказы таго, што думкі пра сьмерць часта паляпшаюць здароўе чалавека. У прыватнасьці, напамін пра магчымую сьмерць стымулюе людзей больш актыўна карыстацца сонцаахоўным крэмам, менш паліць, а таксама больш актыўна займацца спортам.

З высновамі амэрыканскага дасьледаваньня згодны і прафэсар катэдры псыхатэрапіі і сэксалёгіі Расейскай мэдыцынскай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі, доктар мэдыцынскіх навук Барыс Ягораў. Паводле яго, думкі пра сьмерць спрыяюць больш адэкватным паводзінам чалавека.

«У адваротным выпадку ён лічыць, што несьмяротны, і робіць масу памылак, якія прыводзяць да пагаршэньня здароўя, напрыклад набывае шкодныя звычкі. Я б усім рэкамэндаваў пэрыядычна прыходзіць на могілкі, каб залагоджана ўспрымаць навакольнае асяродзьдзе», — адзначае Барыс Ягораў.

Між тым практычны псыхоляг Яўген Саяпін лічыць, што ўсё не так адназначна. Паводле яго, думкі пра сьмерць па-рознаму ўплываюць на чалавека. Чалавека, схільнага да страхаў, думкі пра сьмерць прыводзяць у засмучэньне. У той жа час людзі з выразнай мэтай у жыцьці да сьмерці ставяцца, як правіла, па-філязофску.

У якасьці прыкладу Яўген Саяпін прывёў амэрыканца Рэя Крока. У 53 гады ў яго выявілі рак і сказалі, што яму засталося жыць два-тры месяцы. Мужчына набыў у братоў Макдоналд іх брэнд (McDonald’s), пасьля чаго пражыў яшчэ 30 гадоў. «Калі чалавек ведае, што памрэ, ён пачынае шанаваць сваё жыцьцё і сьвядома пражываць яе», — цытуе Яўгена Саяпіна РБК.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG