Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заўтра нас апраўдаюць


Андрэй Мрый. Запіскі Самсона Самасуя

Быў бы чалавек, а праца для яго знойдзецца. А ня праца, дык артыкул крымінальнага кодэксу. Існаваў у часы позьняга калектывізму і гэткі няпісаны закон сацыялістычнай фізыкі. Скарыстаўшы яго на практыцы, Савецкі Саюз перамог беспрацоўе, нацызм, калярадзкага жука, хакейную зборную Канады і — у рэшце рэшт — самога сябе. Праца знаходзілася ў самых нечаканых месцах — і выраз «чалавек не на сваім месцы» пайшоў якраз з тых старых добрых часоў. Крытэры, паводле якіх можна вызначыць, каторае зь месцаў тваё, не агучваліся. Быў бы чалавек. А чалавек быў.

Дзякуючы пісьменьніку Андрэю Мрыю і ягонаму раману «Запіскі Самсона Самасуя» апісаць продка гэтай істоты, першага, так бы мовіць, быўбычалавека, мы можам даволі дакладна. Гэты чалавек мае пысу. І дужа ганарыцца тым, што яна мужыцкая і мае нос у форме бульбіны. Так бясьпечней і выгодней у пляне кар’ернага росту. Яе вочы, ільсьністыя ці то ад каханьня, ці то ад юрлівасьці, маюць цудоўную ўласьцівасьць рабіцца, калі трэба, чыстымі, як сьпірт, і нават кідаць сакаліныя позіркі. Як знакаміты блакітны зладзюжка са Старгарада, уладальнік гэтай пысы таксама любіць чырванець і сарамаціцца сваіх, почасту зусім не мужыцкіх, жаданьняў. «Усё ў табе мужыцкае, а пуза панскае» — так кажуць пра яго знаёмцы, наўмысна ня згадваючы тут мозгу, бо мозг у галоўнага героя мрыеўскага раману не мужыцкі, ня панскі, а вядома які — унікальны, самасуеўскі. Хочаш жні, а хочаш — куй. Жні там, дзе ня сееш.

Сваім раманам Мрый дэсакралізаваў і дэканструяваў галоўныя бальшавіцкія міты ўжо празь дзесяць гадоў пасьля іхнай афіцыйнай кананізацыі. У прыватнасьці, галоўны міт — ідэю справядлівага ўладкаваньня сьвету. Міт пра ідэалістаў-рэвалюцыянэраў, якія вырашылі праліць кроў тысяч дзеля шчасьця мільёнаў. Усё гэта лухта і падман. Сьвет, дзе круціцца Самасуй, і на дзясятым годзе сацыялізму насяляюць на 99 адсоткаў людзі, зь якімі камунізму не пабудуеш. Апанаваныя дробнымі жарсьцямі балбатуны, алькаголікі, лайдакі і прафаны. Пажадныя інтрыганы і ціхія вар’яты, што вымушаны жыць між абсурдных лёзунгаў і разнарадак.

Дык хто ён, Самсон Самасуй, галоўны герой «Запісак»? Як кажуць, пералічэньне ўсіх ягоных пасадаў заняло б занадта шмат плошчы, таму назавем толькі некаторыя іпастасі. Ён, невядома за якія заслугі, толькі праз сваё паходжаньне — адзін з маладых шапялёўскіх начальнікаў. Адказны за культуру. Сябра РВК, старшыня дзіцячай камісіі, старшыня т-ва «Прэч несьвядомасьць», т-ва «Няхай гадуюцца дзеткі». Сябра праўленьня т-ва прыхільнікаў «здыхаты на буржуазею». Раённы інспэктар працы. Сябра жаночай камісіі РВК. Райліт і райахова здароўя, райМОПР, райхім. Сябра раённай абортнай камісіі. Сябра саюзу паляўнічых і Шапялёўскай асацыяцыі чырванаскурых. Выканаўца галоўнай ролі ў п’есе «Мараль т. Закандырына», для якой неабходна ўмець «гаварыць, блішчэць вачыма, добра сьпяваць, скакаць, займацца стралянінай і фізкультурай», мець «буйное аблічча, паважную фігуру, гучны, як ерыхонская труба, голас і плястыку ў рухах». «Я на 100 проц. адпавядаю гэтым патрабаваньням» — кажа Самасуй, дэманструючы надзвычайную сьціпласьць, бо ён — герой, які адпавядае наогул усім патрабаваньням, якія толькі могуць існаваць, а зьявяцца новыя, дык без напругі выпрацуе ў сабе адпаведнасьць і ім. Ён, як відаць з тэксту, істота з моцным лібіда, і лёгка перажывае няўдачы на любоўным фронце, верачы ў сваю вэнэрычную зорку — такіх не бяруць у імпатэнты, ні ў сэксуальныя, ні ў сацыяльныя, ні ў палітычныя, ні ў нацыянальныя (анальныя, сказаў бы Фройд, які не любіў слова «нацы»). Самсон Самасуй — чалавек абсалютна новай фармацыі, тая біямаса, зь якой мусіў неўзабаве паўстаць звышчалавек новай эпохі, небывалай па размаху сваіх задумаў і плянаў. І вось гэты кавалачак біямасы, апынуўшыся на кіруючай пасадзе, кідаецца пераўтвараць соннае мястэчка Шапялёўку — сам не разумеючы, у што канкрэтна і навошта гэта трэба. Дык навошта ты гэта робіш, Самасуй? — «Бо я — сучасны чалавек», адказае горда Самсон, сваім мужыцкім розумам даўно дапяўшы да галоўнага: надышоў час рабоў і слуг, яны цяпер вядуць рэй, скончыўся час адказнасьці, што б ты ні рабіў — за цябе адкажа эпоха, і яна цябе абавякова апраўдае.

Андрэй Мрый у юнацтве. З фондаў БДАМЛМ
Андрэй Мрый у юнацтве. З фондаў БДАМЛМ
Мрый — адзін з тых шматлікіх беларускіх пісьменьнікаў, каго памылкова залічваюць у сатырыкі. Але лепш ужо спальваньне жыўцом, чым такая труна-шуфлядка. Бо сатырык — той мусіць прынамсі верыць, што Галоўная Ідэя — яна сама па сабе добрая, што варта толькі пазбыцца недахопаў і выкрыць злоўжываньні, тады ўсё і наладзіцца. У сваіх «Запісках», дзе, як і ў так званым жыцьці, няма ніводнага станоўчага пэрсанажа, Мрый паўстае хутчэй не сатырыкам, а сапраўдным мізантропам, які паказвае не асобныя «перагіны на месцах», а загану самой сьветабудовы. Вакол — катастрофа, і Мрый пераканаўча даводзіць, што рухавік яе запушчаны рукамі саміх ахвяраў і надзеі ўжо няма. Прырода нядаўняга раба, якога паставілі кіраваць іншымі, якому далі карт-блянш на любыя вар’яцтвы, такая, што ні панскай ласкі, ні панскай разважлівасьці ўжо ня будзе. Невялікі раман Мрыя — сапраўдны «кірмаш пыхлівасьці», дзе кожны ўчорашні раб, дарваўшыся да пульта кіраваньня, слухае толькі сябе і за сябе, любімага, гатовы ваяваць да пераможнага канца. Улада дае толькі дэкарацыі да гэтай закандырынскай трагедыі, дэкарацыі ды мову — справу давершаць самі выскачкі і кар’ерысты. Новая эліта, якая ўзялася зьніадкуль і ніколі не задумаецца пра тое, што «можна і зайца навучыць курыць». Эліты не ствараюцца з самасуяў, яны выхоўваюцца стагодзьдзямі. А тут такі шанец. Дык бяры, пакуль даюць. І суй.

Мрый па-майстэрску ўстаўляе ў пачатак раману эпізод, дзе Самасуй-старэйшы крычыць Самсону, які кідаецца сам запрагаць каня: «Куды ты сунеш? Ня гэтак! У другую дзірку! Мацней нацягвай. Нагою ўпірайся». Па бацькавай вудылі пайшоў сын, наракае маці. І сапраўды, Самсон усё сваё жыцьцё ўпіраецца, і нацягвае, і суне. А што не туды — дык гэта вам не туды. А самому Самсону дык у самы раз.

Запіскі «Самсона Самасуя» любяць параўноўваць зь несьмяротнымі шэдэўрамі Ільфа і Пятрова. Падабенства ёсьць, час яднае творы мацней за аўтараў. Абодва, і Астап, і Самсон, бадзяюцца па сьвеце, умела карыстаючыся навакольнай неразьбярыхай. Магчыма, Самсон і Астап нават сустракаліся ў нейкім допры. Магчыма, нават у тым горадзе, дзе Самасуй задоўга да свайго шапялёўскага ўзьлёту вырашыў праверыць разгорнуты вакол яго грандыёзны экспэрымэнт, так бы мовіць, на чысьціню:

«Думаю: дай жа я пажартую зь імі, пагляджу, што зь іх будзе. Пішу: да рэвалюцыі быў буйным землеўласьнікам, меў 300 000 акраў чарназёму, быў сакратаром пасольства ў Лёндане. Яны, галубчыкі, і сцапалі мяне. Пасадзілі ў блыхарню і трымалі там...»

Самасуй, як і Бэндэр, усё разумее. Але ёсьць між імі і некаторыя прынцыповыя разыходжаньні. Самасуй — таксама прайдзісьвет, «трынку валынку, сьвету палавінку аб’езьдзіў, сьвет абкалаціў ды сюды вараціў». Але ён, у адрозьненьне ад сына турэцка-падданага — не бяз роду-племені, ён беларус, мужыцкі сын, які, аднак, адсек, хаця было і балюча, свае сувязі зь зямлёй. Ня хоча ён «у пясочку калупацца». Адсек, праўда, не да канца — зь нейкай смутнай радасьцю хапае ён у пэўны момант касу, каб паказаць сялянам, што ён і сам не з паноў і слухаць яго варта. Самасуй саступае Бэндэру ў абаяльнасьці — кампэнсуючы яе задушэўнасьцю.

Бэндэр быў геніяльны хлус. Самасуй таксама хлусіць увесь час, ды яму, здаецца, ня надта вераць — але даводзіцца, бо ж райхім, райМОПР, райліт і г. д. Бэндэр пры дзяржаўнай пасадзе ніколі ня быў. Ці вось, напрыклад: Бэндэр больш за ўсё любіў грошы. Самаадданай чыстай любоўю. Ці любіць грошы Самсон Самасуй? Здаецца, усё ж не яны — прадмет ягонай жарсьці. Прынамсі, ня толькі і ня столькі яны. Самасую больш каштоўны ягоны статус — статус «сучаснага чалавека», якому дадзена права зьмяняць усё навокал у адпаведнасьці са сваімі ўяўленьнямі пра сучаснасьць. Гэта ягоны спосаб выжываньня. З такім становішчам разьвітацца значна цяжэй, чым Бэндэру — зь ягонымі сонечнымі бразыльскімі марамі. Бэндэр ішоў браць гарады ў штыблетах на босую нагу і ў адным гарнітуры — і ніколі не пачуваўся прыніжаным; Самасуй мае цэлую кучу «прычындальля»:

«Дзьве хутры, адна лісіная, другая ваўчыная, дзьве бекешы, шынелька вельмі пралетарскага пакрою, прастрэленая ў некалькіх месцах; пахаджэньне гэтых дзірак я добра ведаў і ўсім гаварыў, што кулі белагвардзейскай сволачы прастрэлілі яе на дзянікінскім фронце. Было яшчэ паліто даімпэрыялістычнай эпохі... шмат нагавіц: галіфэ розных колераў і фасонаў, рэйтузы, клёшы, спрынджыкі, шаравары і нават беларускія споднікі... для эфэктных выступленьняў у спэктаклях».

Андрэй Мрый. 1914 г. З фондаў БДАМЛМ
Андрэй Мрый. 1914 г. З фондаў БДАМЛМ
Усё гэта мусіць засьведчыць прыналежнасьць іх уладальніка да клясы «сучасных» людзей з насамі бульбінай. Да прывілеяванай клясы. Прычындальле, «прастрэленае белагвардзейскай сволаччу на дзянікінскім фронце» — новы сымбаль рэспэктабэльнасьці. На працягу дзесяцігодзьдзяў яно паціху трансфармавалася ў андатравую шапку, чорную волгу і шэрую тройку. Дзеці слуг, атрымаўшы ўладу, нарадзілі сваіх дзяцей, але і праўнукі тых слуг, быўбычалавекаў, засталіся слугамі: іхны ўзровень мысьленьня і свабоды так і не сягнуў вышэй за хіхіканьне і шэпт у пакоі для лёкаяў. Экспэрымэнт атрымаўся. Чуткі замест думак, інтрыжкі замест пазыцыі — так і жывем, і лічым сябе вольнымі.

А можа, прычындальле Самасуя (ды яшчэ чатыры кніжкі, якія ён паўсюль цягае з сабой: падручнік, як гаварыць мала і важка, культура трох камэраў цела, як разьмяркоўваць свае функцыі і падручнік па агульнаму кіраваньню) — гэта аналяг славутага бэндэраўскага чамаданчыка? «Прыехаў маг і чарадзей...» Як і Бэндэр, Самасуй — артыст «вялікіх і малых тэатраў» (і фамілія мая слішкам ізьвесная, штоб я яе тут называў ©.

Што б там ні казалі, «Запіскі» — раман хаця і сьмешны, але ня той, дзе, як у выпадку зь Ільфам і Пятровым, сьмяешся на кожнай старонцы. Імёны кшталту Тэрорчыка, мэтад, якім здабываецца памяшканьне для нейкага камсамольскага клюбу (забраць хату ў жыхара, і ўсіх дзялоў), гвалт, сіла, валюнтарызм — сьвет Ільфа і Пятрова ў гэтым сэнсе значна дабрэйшы і мякчэйшы, і аўтары там сьмяюцца разам з чытачом. Вось хто і праўда: сатырыкі-гумарысты. А вось ад усьмешкі Мрыя становіцца неяк няўтульна, як турысту ў Паўночнай Карэі. Затое тут шмат абсурду, які прымаюць за гумар — і дзявочых грудзей: Мрый ня быў бажонам.

Што насамрэч шчыльна лучыць раманы пра Бэндэра і Самасуя — дык гэта мова. Савецкае навамоўе, канцылярызмы і штампы авалодваюць людзьмі настолькі імкліва, быццам людзі толькі гэтага і чакалі і вось нарэшце прыгадалі адвечную, забытую сваю мову. Нават застаючыся сам-насам з сабой, Самасуй і іншыя ўсюдысуі пачынаюць мармытаць не па-чалавечы — як апанаваныя духамі шаманы.

«У справу ўнесеная грунтоўная яснасьць. Ці не распачаць мне змаганьне на два фронты? Трэба толькі дэталізаваць праграму чыннасьці і вызначыць арганізацыйныя формы немінучага працэсу...» «О! кваліфікаваная падла. Як я хацеў бы калянуць вострай іголкай... яе стабілізаваны зад».

Андрэй Мрый зь сям’ёю. З фондаў БДАМЛМ
Андрэй Мрый зь сям’ёю. З фондаў БДАМЛМ
Расейская, беларуская, савецкая... На шматмоўі, на кантрасьце паміж мовай Самасуя-мужыка і Самасуя-чыноўніка Мрый піша сваю музыку «Запісак». Ёсьць у рамане і яшчэ адна мова — мова новай беларускай літаратуры, якую Мрый зьедліва высьмейвае. Аўтара наступных радкоў Самасуй называе ня кім-небудзь, а Песьняром:

«Сэрца ня хоча стрымаць
Радасьці кіслай і сіняй!»

Паэт Гарачы — галоўная літаратурная постаць у прагным да культуры шапялёўскім мікракосме; але і народу ён у сваёй творчасьці не цураецца:

«Баліць сэрца і пячонка —
Мэтазгодная дзяўчонка,
Баліць тулава, нага —
Не забуду цябе я!»

Такія новыя эліты блізкія і зразумелыя народу. Прынамсі, да таго часу, пакуль не пачынаюць бадзяцца па сенажацях, клычыць жыта і зафэкваць бульбу. «Чалавек думае, а райкам кіруе», «Што пішы, а што ў галаве насі» — гэтыя тэзісы філёзафа Торбы з «Запісак» Самасуй прызнае цалкам слушнымі, робячы маленькую папраўку да апошняга: «Што пішы, што гавары, а што ў галаве насі». Мова піша гісторыю, мовай можна правяраць грамадзтва на таталітарызм: там, дзе прынятая згаданая Самасуем дыфэрэнцыяцыя, варта памятаць: «калі-небудзь, братка, дагаворышся». А як іначай? Служба такая.

...Калісьці — «калі я быў зусім маленькі і будаваў сабе вігвам» — мне вельмі падабалася, едучы ў аўтобусе, назіраць за такой карцінай: насустрач нашаму ікарусу рухаецца другі — і вось, апынуўшыся ўпоравень, кіроўцы прытарможваюць, апускаюць шкло, вітаюцца, перакідваюцца словам... Пасажыры цярпліва чакаюць, хіба толькі які дзядзечка ў балоневым палітоне даімпэрыялістычнай эпохі пачне «ўзьнікаць» — і сьціхне, нікім так і не падтрыманы. Кіроўцаў паважалі. Былі ў гэтай іхнай кароткай размове нейкае змоўніцтва, нейкая карпаратыўная таямніца. Сьпяшацца няма куды. Нас вязуць; мы — пасажыры, мы ў пасіве; мы залежым ад кіроўцы, як пэрсанажы ад аўтара. Расклад? К чорту расклад. Усе мы людзі. Ці былі імі.

Нясьпешна праяжджаючы цяпер у сваім паўпустым ікарусе міма катафалкаў, фрэгатаў і фата-марганаў беларускай клясыкі, мне нідзе так не хацелася б прыпыніцца, як каля Андрэя Мрыя. Шмат хто з мэтраў белліту сталі гэткімі дзякуючы розным зусім не літаратурным чыньнікам. І вось Мрый, які, хай і зь вялікім спазьненьнем, стаў клясыкам, не зрабіўшы анічога, апроч таго, што напісаў некалі напрыканцы 20-х гэтыя свае «Запіскі». Ня ведаю, што б я сказаў аўтару, апынуўшыся зь ім побач. Можа, пра тое, што ён не памыліўся. Можа, пра тое, што шапялёўскі райкам цяперака засядае ў Менску. Можа, пра тое, што ні на нямецкую, ні на ангельскую, ні на францускую, ні нават на готэнтоцкую мовы ён так і не перакладзены. Можа, пра тое, што сам спрабую пісаць пра нашчадкаў ягоных герояў. Пра сябе. Пра нас. Можа, што і выпішацца.



Ранейшыя фрагмэнты сэрыі:


Гамбурскі рахунак Бахарэвіча
Кіно 1866 году (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч)
Бог ня роўна delete (Францішак Багушэвіч)
Сумны крошынскі джаз (Паўлюк Багрым)
Шапэнгаўэру назло (Янка Лучына)
У чаканьні войта (Гутарка Данілы са Сьцяпанам)
Белагаловая без галавы (Саламея Пільштынова)
Усё цьвітуць і цьвітуць тыя макі… (Тарас на Парнасе)
Курсіў чарнакніжніка (Ян Баршчэўскі)
Карыда па-беларуску (Мікола Гусоўскі)
Нашы душы з дынаміту (Цётка)
Інтымны дзёньнік Макса Б. (Максім Багдановіч)
Невыносная зычнасьць шыпячых (Ядзьвігін Ш.)
Цёмнае мінулае Каяна Лупакі (Янка Купала)
Крыўда, праўда і брыда (Янка Купала)
Тым, хто шукае Туле (Якуб Колас)
Зацемкі падчас зацьменьня (Алесь Гарун)
Ампутацыя немагчымая (Максім Гарэцкі)
Нехта трэці (Максім Гарэцкі)
Крыжыкі-ножыкі (Зьмітрок Бядуля)
Ацалелы ў пакоі сьмеху (Кандрат Крапіва)
Не чапай маіх кругоў (Уладзімер Дубоўка)
Лініі разрэзу (Уладзімер Жылка)
Сто пудоў адзіноты (Лукаш Калюга)
Квадратны рай (Пятрусь Броўка)
Вы шуміце, шуміце (Паўлюк Шукайла)
Чысты, як шклянка (Пятро Глебка)
Уяві, што ты на Яве (Янка Маўр)
Пакуль ня скончыцца паліва (Міхась Лынькоў)
Зямля ў ілюмінатары (Кузьма Чорны)
Дзе канчаецца прорва (Кузьма Чорны)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG