Выдрукаваць
Уключна з камэнтарамі (7)
Зьмяніць памер шрыфту
-
+
09.07.2009
Аўтуховіча падазраюць у тэрарызьме
аўтар Алег Грузьдзіловіч
Мікалая Аўтуховіча і яшчэ некалькі асобаў падазраюць у тэрарызьме. Яны нібыта рыхтавалі замах на кіраўніка Гарадзенскага аблвыканкаму і намесьніка міністра падаткаў і збораў.
Да гэтага часу ў міліцыі не пацьвярджаюць, але і не абвяргаюць зьвестак зь незалежных крыніц у інтэрнэце адносна завядзеньня крымінальнай справы аб падрыхтоўцы замаху на старшыню Гарадзенскага аблвыканкаму
Ўладзімера Саўчанку
і намесьніка міністра падаткаў і збораў
Васіля Каменку
.
“Зьвестак няма, магчыма, нешта будзе заўтра”, — сказаў мне ў канцы дня праз тэлефон
Алег Сьлепчанка
з прэсавай службы МУС.
Між тым, паводле інтэрнэт-выданьня “Ежедневник”, у галоўнай управе барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС нібыта заведзеная крымінальная справа па артыкуле “тэрарызм”.
Журналіст
Сяргей Сацук
: “Нам вядома, што вынесена пастанова аб завядзеньні крымінальнай справы супроць
Мікалая Аўтуховіча
і
Аляксандра Ларына
паводле артыкулаў 13 і 559 Крымінальнага кодэксу. Гэта падрыхтоўка да спробы тэракту супроць дзяржаўных асоб. Але падрабязнасьцяў ня ведаем”.
Зь іншых крыніц “Свабодзе” стала вядома, што гэтую справу завялі яшчэ 26 ці 27 чэрвеня. Падазронымі па справе лічацца Мікалай Аўтуховіч і Аляксандар Ларын. Гэта былы працаўнік ваўкавыскай фірмы “Ніка-транс”, якой кіраваў Мікалай Аўтуховіч да свайго арышту ў 2005 годзе. Паводле зьвестак, Ларын быў арыштаваны летась на пачатку году, яшчэ да арышту Мікалая Аўтуховіча ў лютым. Нібыта менавіта з Ларыным сьледчыя зьвязваюць знойдзены ў Ваўкавыску гранатамёт, а ўжо праз Ларына нітка ў гэтай справе нібыта ідзе да Аўтуховіча.
Разам зь Мікалаем Аўтуховічам 8 лютага ў Ваўкавыску былі арыштаваныя
Юрый Лявонаў
і
Ўладзімер Асіпенка
, якіх таксама трымаюць у ізалятары на Валадарскага. Я спытаўся ў адваката Лявонава,
Вадзіма Мушынскага
: ці выставілі ягонаму падабароннаму абвінавачаньні па эпізодзе адносна гранатамёту, па якім ён быў падазроным?
“Не, нічога яму там ня выставілі. У выніку ён там праходзіць толькі як сьведка. А што да справы пра „тэрарызм“ — нічога камэнтаваць не магу”.
Гэтаксама і адвакаты іншых арыштаваных не камэнтуюць зьвесткі пра справу аб замаху на кіраўніка Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку і намесьніка міністра падаткаў і збораў Васіля Каменку. Адвакат Аўтуховіча
Павал Сапелка
кажа, што паспрабуе гэта высьветліць заўтра падчас наведваньня свайго падабароннага — сёньня Сапелка наведаць Аўтуховіча ня змог, бо заняты на працэсе ў Віцебску.
Ці зьмянілася што ў лёсах
Людмілы Парэмскай
і
Канстанціна Уланава
, якіх затрымалі 7 ліпеня на падставе падазрэньняў у датычнасьці да справы Аўтуховіча?
Крыніцы кажуць, што Парэмскую, дырэктарку ваўкавыскай фірмы “Ніка таксі 22222”, дзе працаваў да арышту Аўтуховіч, сёньня бачылі ў менскім сьледчым ізалятары. Аднак дзяжурны ізалятара зьвестак пра такую грамадзянку не дае.
У даведцы «Валадаркі» жонцы Ўланава Тацяне сказалі, што яго там няма. Між тым, раней ад адваката жанчына атрымала зьвесткі, што мужа зьбіраюцца перавесьці з спэцпрымальніка-разьмеркавальніка на Акрэсьціна ў ізалятар на Валадарскага й працягнуць тэрмін праверкі да 10 дзён. Кантактаваць з журналістамі адвакат адмаўляецца.
Тацяна Ўланава гэтак камэнтуе тое, што яе мужа падазраюць паводле гэтага артыкула:
“Быццам няма нам падставы і хвалявацца, бо ў чым яго можна падазраваць? У доме і на лецішчы нічога не знайшлі, ніякіх доказаў няма. Хіба што толькі нешта прыдумаюць”.
Адпачатку Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенку абвінавацілі ў падпале дома міліцыянта ў Ваўкавыску. Мікалай Аўтуховіч, як і ягоныя сябры, вінаватым сябе не прызнае.
З 16 красавіка прадпрымальнік трымае галадоўку. “Ён значна схуднеў, яму ставяць кропельніцу і прамываюць страўнік”, — 8 ліпеня паведаміла лекарка ізалятара пра стан здароўя Аўтуховіча.
Радыё Свабода © 2010 РС | Усе правы захаваныя.