Выдрукаваць
Уключна з камэнтарамі (6)
Зьмяніць памер шрыфту
-
+
16.06.2009
Беларускія пісьменьнікі распрануліся
аўтар Валянціна Аксак
Паэтка і перакладчыца
Марыя Мартысевіч
, культуроляг
Максім Жбанкоў
і журналістка
Дар’я Сітнікава
прыдумалі, як паспрыяць папулярнасьці беларускай літаратуры. Дзеля гэтага яны прапанавалі пяцідзесяці пісьменьнікам паўстаць перад чытачамі, у чым маці тых нарадзілі. Некаторыя пагадзіліся. Іх натуральную прыгажосьць прыхарошылі фатографы
Андрэй Шчукін
і
Дзяніс Нядзельскі
. Што з гэтага атрымалася, сёньня пабачылі журналісты.
Журналістам прэзэнтавалі голы, так бы мовіць, каляндар. Дакладней, каляндар, у якім чытачы пабачаць жывых беларускіх творцаў у райскіх апратках біблійнага Адама. Глямурная цялесная галізна аўтараў у суседзтве з захутананымі ў шэрыя сувоі таямнічасьці іхнымі тэкстамі названая фатальным для літаратуры выракам — “Канец словаў”. Хоць аўтары ідэі, паводле словаў Максіма Жбанкова, лічаць яе ўсяго толькі гіпэртэкставай забавай для чытачоў.
Максім Жбанкоў
“Мы ў прынцыпе разглядаем гэты каляндар як спробу нейкага актуальнага гіпэртэксту, дзе фота дадае пэўныя сэнсы да тэксту, а тэксты ў сваю чаргу прыцягваюць увагу да фота. Карацей — гэта адначасова, так бы мовіць, разгляданка-чытанка, альба наадварот — чытанка-разгляданка. І тое, і тое аднолькава для нас істотна”.
Распаўсюджаны ў заходнім сьвеце прыём папулярызацыі творцаў, лічыць спадар Жбанкоў, павінен спрацаваць і ў Беларусі.
“Мы маем магчымасьць выкарыстаць, умоўна кажучы, варожы глямурны рэсурс ва ўласных нацыянальна сьвядомых мэтах, то чаму б гэта не зрабіць? Праблема ў тым, што да нас гэтага ніхто не рабіў”.
Андрэй Такіндаг — на чэрвеньскім арукшы
Зь пяцідзесяці беларускіх літаратараў, якім было прапанавана паўдзельнічаць у гэтым праекце, распрануліся перад аб’ектывамі фотакамэр дванаццаць. Гэта
Віктар Шалкевіч
,
Юрась Барысевіч
,
Севярын Квяткоўскі
,
Анатоль Івашчанка
,
Андрэй Такінданг
,
Андрэй Хадановіч
,
Сяргей Прылуцкі
,
Андрэй Адамовіч
,
Усевалад Сьцебурака
,
Ільля Сін
,
Лявон Вольскі
і самы малады з усіх — дваццацітрохгадовы паэт
Віталь Рыжкоў
. Ён лічыць сябе і астатніх літаратараў, зьмешчаных у календары, у дадзеным выпадку ня творцамі, а ўсяго толькі мадэлямі, зь якімі працавалі фатографы.
“Літаратары сталіся шараговымі ўдзельнікамі, такімі манэкенамі, якіх апранулі, распранулі, размалявалі, як у маім выпадку, прапанавалі напісаць тэксты і пагаварылі з намі. Галоўныя героі ўсё-ткі — гэта аўтары фотаздымкаў і ідэяў, якія яны ўвасаблялі ў візуальным мастацтве”.
На вокладцы календара зьмешчанае фота трынаццатага ўдзельніка — філёзафа і эсэіста
Валянціна Акудовіча
, схаванага за назваю ягонай знакамітай кніжкі “Мяне няма”. На пытаньне, чаму менавіта ім прыкрываюцца, так бы мовіць астатнія аголеныя, Марыя Мартысевіч адказала:
“Таму што Акудовіч — гэта наша ўсё”.
Прэзэнтацыя календара “Канец словаў” адбудзецца ў Менску 19 чэрвеня а 18-й гадзіне ў бар-клюбе “6А”, што на Партызанскім праспэкце. У праграме, апроч іншага, арганізатары абяцаюць эратычны аўкцыён.
Радыё Свабода © 2010 РС | Усе правы захаваныя.