Зьмяніць памер шрыфту
| Выдрукаваць
19.05.2008
Гісторыю Беларусі вернуць у савецкае рэчышча?
аўтар Ігар Карней
Скасаваньне ў навучальным курсе сярэдняй школы прадмету “Гісторыя Беларусі” пацягне за сабой наступствы, якія Міністэрства адукацыі нават не прадбачыць.
Такой думкі трымаюцца многія выкладчыкі і гісторыкі, якія заклапочаныя намерам адукацыйнага ведамства аб’яднаць у новым навучальным годзе дысцыпліны “Сусьветная гісторыя” і “Гісторыя Беларусі” ў абагульненую “Гісторыю”. Менавіта над гэтым зараз працуе адмысловая міжведамасная група, але настаўнікаў ужо практычна паставілі перад фактам зьнікненьня самастойнай “Гісторыі Беларусі”.
У школах кажуць, што неабходнасьць аб’яднаньня двух розных курсаў — “Сусьветнай гісторыі” і “Гісторыі Беларусі” ў адну “Гісторыю” — з настаўнікамі ніхто не абмяркоўваў. Таксама як і тады, калі валявым рашэньнем Міністэрства адукацыі падручнікі па гісторыі былі перакладзеныя на расейскую мову, што многія экспэрты лічаць папросту абсурдным крокам.
Якім будзе зьмест абноўленага падручніка “Гісторыі”, мяркуе
Сяргей Русецкі
, выкладчык гісторыі ў Нацыянальным гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа, можна ўбачыць з экспэрымэнтальнага падручніка “Гісторыя”, выдадзенага невялікім накладам у 2006 годзе:
“Літаральна год-два таму мы сутыкнуліся з той сытуацыяй, што былі выпушчаныя новыя падручнікі для 9-10 клясаў, якія цалкам перакрэсьліваюць усю канцэпцыю выкладаньня і вывучэньня гісторыі ў сярэдняй школе. Бо гэтыя падручнікі каньюнктурнага зьместу. 10-я кляса ўвогуле не вытрымлівае ніякай крытыкі. Гэта падручнік для ўсіх школаў Беларусі, акрамя беларускамоўных, выдадзены на расейскай мове. Што само па сабе шмат пра што сьведчыць. І другое — вывучэньне гісторыі найноўшай, гісторыі ХХ стагодзьдзя. Мы бачылі гэтыя падручнікі. Падручнік для 10-й клясы аўтарства Панова і Ганушчанкі абсурдны”.
Як кажа спадар Русецкі, ёсьць вялікая небясьпека, што гісторыю Беларусі дзецям пачнуць выкладаць у кантэксьце “слаўнай савецкай мінуўшчыны”. Прынамсі, пра гэта сьведчыць зьмест кніжак, на якіх “абкатваецца” новы прадмет:
“Ён ня проста дублюе савецкія падручнікі, а ён карыкатурны. Нават стары прафэсар Сідарцоў, камуністычнага сьветагляду ў свой час і зараз, не пажадаў удзельнічаць у стварэньні падручніка пра пэрыяд 1945—2005 гадоў. Гэта падручнік каньюнктурны, які палову свайго зьместу прысьвячае сучаснай гісторыі. Дзе абсалютна замоўчваецца першая палова 1990-х гадоў, дзе падкрэсьліваецца высокая роля камсамолу, партыі і ўсялякага іншага, пардон, дзярма ў савецкую эпоху, з 1945 году пачынаючы. І калі палова падручніка прысьвечана Лукашэнку, то — выбачайце! Гэта проста пасьмешышча з падручніка гісторыі, дзе мэтадычная база створаная, можа, самым кампэтэнтным чалавекам у Беларусі па мэтодыцы выкладаньня гісторыі Сяргеем Пановым. Але ён створаны каньюнктурна, і гэта пасьмешышча абсалютнае”.
Старшыня Таварыства Беларускай школы
Алесь Лозка
лічыць, што бясконцае перапісваньне школьных праграмаў сьведчыць выключна пра адсутнасьць прафэсіяналізму ў тых, хто ініцыюе падобныя рэвізіі:
“11 ці 12 гадоў — можа, з аднаго боку, ня так важна. Але вось гэтыя тузаньні, безумоўна, надакучылі яны і бацькам, і настаўнікам. Гэта беларускі непрафэсіяналізм ува ўсім. І ідзе гэта ад “галавы”. Вось цяпер усе пішуць дыктоўкі. Дык дайце дыктоўку міністру адукацыі ды ягоным падначаленым, я ўпэўнены, што не напішуць яны на роднай мове. Памылак наробяць процьму. Пра якія рэвізіі яны думаюць, калі столькі іншых праблемаў? У нас цяпер толькі 20,9% дзяцей займаюцца па-беларуску. Гэта вельмі маленькі працэнт, і з году ў год ён падае. Вось гэта сапраўдная праблема! А так яны аднаго не завершаць, пачынаюць брацца за іншае, з нуля перапісваньне праграмаў... Такое тузаньне нікому не патрэбнае”.
Адмыслоўцы ніяк ня могуць зразумець лёгікі, якой кіраваліся спэцыялісты Міністэрства адукацыі, яднаючы “Сусьветную гісторыю” з “Гісторыяй Беларусі”. Бо ніхто не замінаў настаўнікам выкладаць гісторыю Беларусі ўва ўсясьветным кантэксьце.
Радыё Свабода © 2009 РС | Усе правы захаваныя.