Зьмяніць памер шрыфту
| Выдрукаваць
12.05.2008
Ці пойдзе нафта па “Дружбе” празь Беларусь у Літву?
аўтар Алесь Дашчынскі
Патрабаваньне Літвы аднавіць транзыт нафты па расейскім нафтаправодзе “Дружба” будзе ўключана ў мандат перамоваў пра новае пагадненьне Эўразьвязу з Расеяй.
Пра гэта дамовіліся міністры замежных справаў Літвы і Славеніі, якая старшынюе ў Эўразьвязе, а таксама Польшчы і Швэцыі. Паводле незалежных аглядальнікаў, афіцыйны Менск у пытаньні “Дружбы” заняў пазыцыю маўчаньня.
Некаторыя расейскія мэдыі падалі, што Літва адмовілася ад свайго вэта на пачатак перамоваў Эўразьвязу з Расеяй. Аднак намесьніца дырэктара дэпартамэнту інфармацыі літоўскага Міністэрства замежных справаў
Дайвэ Рымашускайтэ
зьняпраўдзіла гэтую інфармацыю. Яна сказала, што літоўскі бок тут не пайшоў на якія-колечы саступкі.
“Міністры ўзгаднілі прынцыповыя пазыцыі, дамовіліся ўключыць у мандат перамоваў асноўныя прапановы Літвы. Цяпер гэтую дамоўленасьць павінны ўхваліць іншыя краіны ЭЗ. У прынцыпе, у гэтым мандаце будуць адлюстраваныя ўсе ўзьнятыя Літвой пытаньні. І нафтаправод “Дружба”, і прававое супрацоўніцтва, у тым ліку справы 13 студзеня і падзеі ў Мядзінінкаі, і расьсьледаваньні зьнікненьня грамадзянаў ЭЗ у Расеі, а таксама ўрэгуляваньне “замарожаных” канфліктаў у Малдове і Грузіі”.
Паводле словаў літоўскага міністра, падчас сустрэчы не было дыскусіі пра тое, блякаваць перамовы ці не: ішоў пошук магчымасьцяў улічыць прапановы Літвы.
Сярод гэтых прапановаў — і аднаўленьне транзыту нафты празь Беларусь у Літву нафтаправодам “Дружба”. Адносна гэтага патрабаваньня афіцыйны Менск пакуль займае пазыцыю маўчальніка, лічыць эканамічная аглядальніца газэты “Беларусы і рынак”
Тацяна Манёнак
. Беларускі бок асьцерагаецца страціць пастаўкі нафты на нафтаперапрацоўчы завод “Нафтан”.
“Таму, калі абурацца, можна страціць яшчэ больш. Беларусь знаходзіцца ў такой цікавай сытуацыі, што гучна абурацца яна ня можа. Калі б гэта было не палітычным пытаньнем, а толькі тэхнічным, то адрамантаваць аварыйныя ўчасткі гэтай трубы магчыма было б, тым болей, што ў гэтым зацікаўленыя і Літва, і Беларусь”.
Апроч таго, афіцыйны Менск напужаны тым, што Расея паабяцала пабудаваць альтэрнатыўны “Дружбе” нафтаправод — Балтыйскую трубаправодную сыстэму БТС-2.
“Пытаньне пра гэта рубам было пастаўлена на пачатку мінулага году, калі ўзьнік вельмі сур’ёзны нафтавы канфлікт Беларусь — Расея. Вось гэты канфлікт стаў стымулам тады, каб паскорыць вырашэньне пытаньня пра будаўніцтва БТС-2. І на ўзроўні палітычным Расеяй было прынятае рашэньне. Было некалькі спробаў паставіць кропку ў гэтым пытаньні. І цяпер ужо спадар Пуцін будзе вырашаць гэтае пытаньне. І беларускі ўрад будзе імкнуцца давесьці, што ён будзе паводзіць сябе прыстойна, каб ня страціць гэты транзыт. Бо гэта вельмі сур’ёзна для Беларусі, якая ўжо страціла частку транзыту”.
Паводле
Яраслава Раманчука
, кіраўніка Цэнтру Мізэса, нафтаправод “Дружба” — гэта адна з прынцыповых частак нафтавай палітыкі Расеі і далучэньня Беларусі ў транзытным сэнсе:
“Страты кампэнсуюцца тымі цэнамі, якія мае Беларусь ад Расеі, і аб’ёмамі перапрацоўкі. Таму пра страты тут нельга ўвогуле казаць. Бо гэты кірунак ніколі ня быў прынцыпова важны для Беларусі з пункту гледжаньня атрыманьня прыбыткаў для бюджэту”.
Радыё Свабода © 2009 РС | Усе правы захаваныя.