Зьмяніць памер шрыфту
| Выдрукаваць
12.05.2008
1 чэрвеня рэдакцыя “Газэты Слонімскай” можа апынуцца на вуліцы
аўтар Ігар Карней
Адказны сакратар “Газэты Слонімскай” Мікалай Канановіч расказвае, што перад выданьнем паўстала адразу некалькі сур’ёзных праблемаў, якія патрабуюць неадкладнага вырашэньня.
“З канцом траўня ў нас заканчваецца дамова арэнды памяшканьня рэдакцыі. 1 чэрвеня мы проста можам апынуцца на вуліцы, калі не працягнем арэнду ў гэтым памяшканьні, альбо калі рэдактар усё ж ня знойдзе нейкае іншае памяшканьне, якое пакуль не атрымліваецца знайсьці. Таму што ёсьць такая негалосная забарона арганізацыям, прадпрыемствам не пускаць нашу газэту”.
Карэспандэнт:
“Ваш арэндадаўца – дзяржаўнае прадпрыемства?”
“Калі дакладна, то камунальнае, але ў нашых умовах што камунальнае, што дзяржаўнае – розьніцы па сутнасьці няма. Наш арэндадаўца – камбінат бытавога абслугоўваньня насельніцтва. А другая праблема ў гэтым шэрагу – ліцэнзія райвыканкаму на розьнічны гандаль на вуліцах горада. Досыць адабраць гэты дазвол, не працягнуць яго, таму што ён таксама заканчваецца ў чэрвені, і тады ўся наша сыстэма распаўсюду, якая зараз існуе, лясьне. Проста гэтых бабулек на вуліцы, якія цяпер прадаюць нашу газэту, будуць адлоўліваць. Ёсьць іншая магчымасьць – наша ўласная падпіска, але гэта невялікі працэнт ад усяго агульнага накладу, які ідзе праз агульную падпіску. Асноўны наклад прадаецца на вуліцах горада”.
Карэспандэнт:
“Які агульны наклад “Газэты Слонімскай?”
“Наклад газэты – крышку больш за 7 тысяч асобнікаў. І яшчэ ёсьць у нас іншая газэта -- “Аддушына”. Цяпер мы асобна прадаём дзьве газэты. “Аддушына” таксама зарэгістраваная як грамадзка-палітычная, але яна больш лёгкага накірунку. Больш адрасавана моладзевай аўдыторыі, дзецям старонка штонумар рыхтуецца. Прадаецца ў дыяпазоне 4,5-5 тысячаў асобнікаў. Але выразнага грамадзка-палітычнага гучаньня, канечне, “Газэта Слонімская”. І магу сказаць, што газэту чытаюць, бо ўсё што мы друкуем, прадаецца. Газэта запатрабаваная, купляюць самыя розныя сацыяльныя і ўзроставыя групы”.
Радыё Свабода © 2009 РС | Усе правы захаваныя.