Зьмяніць памер шрыфту
| Выдрукаваць
06.05.2008
Радаўніца ў Курапатах
аўтар Іна Студзінская
Курапаты — адна з многіх мясьцінаў на тэрыторыі Беларусі, дзе былі забітыя і пахаваныя ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў. Курапаты сталі своеасаблівым сымбалем — менавіта сюды звычайна прыходзяць людзі, якія ня ведаюць, дзе пахаваныя іх родныя і блізкія.
Сёньня ў Курапатах шмат людзей. Са сьвечкамі, зьнічкамі, кветкамі. Распавядае сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі Валер Буйвал.
Буйвал
: “Сёньня прыйшлі людзі, і будуць прыходзіць цягам дня, бо сёньня Радаўніца, сьвяты дзень памінаньня продкаў. Сьвядомыя беларусы, у каго ёсьць памяць, ідуць у Курапаты, на гэта сьвяшчэннае месца, народны мэмарыял. Мы ўпрыгожылі крыжы ручнікамі, пасадзім кветачкі. Людзі прыходзяць са сьвечкамі, запалім зьнічкі. Не забываюць беларусы пра гэта сьвятое месца”.
Аліна Дуброўская і Ядвіга Плавінская бываюць у Курапатах кожную суботу, прыбіраюць тэрыторыю, даглядаюць кветкі. Зараз тут зацьвілі тульпаны і нарцысы.
Карэспандэнтка
: “Амаль каля кожнага крыжа — маленькія нацыянальныя польскія сьцяжкі і сьцяжкі горада Познані. Хто тут быў?”
Дуброўская
: “Кожны год сюды вяртаюцца байкеры польскія. Калі яны вяртаюцца з Катыні, абавязкова заяжджаюць сюды, у Курапаты, лямпадкі прывозяць прыгожыя, кветкі, сьцяжкі. Ушаноўваюць памяць”.
Плавінская
: “Для іх тут сьвятое месца, бо тут расстраляныя людзі розных нацыянальнасьцяў, у тым ліку і палякі. Палякі шануюць памяць, кожны год яны тут бываюць”.
Дзьмітрый і Вольга Шаблінскія ўсталявалі ў Курапатах крыж сваім родным, расстраляным тут 7 сакавіка 1938 году. Прыйшлі зь вялікім ахапкам чырвоных тульпанаў, паклалі кветкі на лаву Клінтана, каля вялікага сямімэтровага Крыжа Пакуты, астатнія панесьлі да свайго крыжа.
Карэспандэнтка
: “Пад гэтым крыжам — гэта хто?”
Шаблінскі
: “Мой дзед, Януля Андрэевіч, родны дзед. А гэта ягоныя браты Іван, Аляксандар і Канстанцін Мінкевічы. Чатыры браты”.
Карэспандэнтка
: “І па колькі гадоў ім было?”
Шаблінскі
: “Самаму старэйшаму 41, самаму малодшаму 34. І жылі яны ў вёсцы Масьцішча Забалацкага сельсавету Смалявіцкага раёну”.
Карэспандэнтка
: “І ніякай палітыкай не займаліся?”
Шаблінскі
: “Якая палітыка ў вёсцы? Мой дзед быў шляхцічам, мая бабка распавядала, што некалі цара ахоўваў у Піцеры. Бабуля казала, што набраўся гэтых ідэй, першы за калгас быў. У калгас уступілі, і тут пачалося! Яны, канечне, абураліся. За гэта іх і арыштавалі”.
Карэспандэнтка
: “Вы былі ў КДБ і бачылі іх справу. Не хацелася камусьці адпомсьціць, кагосьці пакараць?”
Шаблінская
: “Бог пакарае, ужо пакараў”.
Шаблінскі
: “Так, Бог пакараў тых людзей, якія гэта зрабілі. І тая ж улада сама сябе пакарала, што тут казаць. Развалілася, і ўсё...”
Радыё Свабода © 2008 РС | Усе правы захаваныя.