Зьмяніць памер шрыфту
| Выдрукаваць
03.05.2008
11 амэрыканскіх дыпляматаў пакінулі Беларусь праз Літву
аўтар Валер Каліноўскі
3 траўня тэрыторыю Беларусі пакінулі 10 супрацоўнікаў амэрыканскай амбасады, абвешчаныя беларускім МЗС пэрсонамі нон-грата.
У амбасадзе застаюцца працаваць 4 дыпляматы з 32-х, якія былі на пачатку гэтага году.
Крыніца ў амбасадзе ЗША ў Менску паведаміла Свабодзе, што 11 дыпляматаў з сем’ямі пакінулі тэрыторыю Беларусі за 2 гадзіны да сканчэньня 72-гадзіннага тэрміну, адведзенага беларускімі ўладамі.
Супрацоўнікі дыпмісіі разам зь сем’ямі і маёмасьцю без эксцэсаў мінулі беларуска-літоўскую мяжу на аўтамабілях.
Іх суправаджаў часова павераны ў справах ЗША ў Беларусі
Джонатан Мур
.
10 амэрыканскіх дыпляматаў пакінулі Беларусь на патрабаваньне беларускіх уладаў, яшчэ адзін – добраахвотна. Тлумачыцца гэта тым, што сярод высланых супрацоўнікаў амбасады — 5 марскіх пяхотнікаў, якія ажыцьцяўлялі ахову, і было вырашана, што шостаму вайскоўцу няма сэнсу заставацца ў адзіноце.
Ад сёньня ў амбасадзе ЗША застаюцца працаваць 4 дыпляматы з 32-х, якія былі на пачатку гэтага году.
Ціск беларускіх уладаў на амэрыканскую амбасаду пачаўся два месяцы таму, калі ў адказ на эканамічныя санкцыі ЗША супраць канцэрну “Белнафтахім” беларускія ўлады запатрабавалі ад’езду амбасадаркі
Карэн Ст’юарт
. Санкцыямі ЗША дамагаліся вызваленьня ўсіх беларускіх палітвязьняў. Пад час эскаляцыі канфлікту МЗС Беларусі запатрабаваў скарачэньня штату амбасады ЗША ўдвая, а пазьней – каб у Менску засталося ўсяго 6 дыпляматаў. ЗША назвалі гэты ціск беспадстаўным і неабгрунтаваным і выступілі з пагрозамі дзеяньняў у адказ. У тым ліку – пашырэньня эканамічных санкцыяў супраць Беларусі.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў
Анатоль Красуцкі
ня лічыць тое, што амэрыканскія ўлады выканалі патрабаваньні беларускага боку, дыпляматычным посьпехам афіцыйнага Менску.
“Думаю, што проста ўрэгулявалі колькасьць штату ў пасольствах з аднаго і другога боку, аптымізавалі штаты да ўзроўню, які адпавядае разьвіцьцю адносін з гэтай краінай. Гэта чыста дыпляматычная практыка, і нічога болей. Нельга сказаць, што гэта ціск адной краіны на іншую”.
Дэпутат Красуцкі перакананы, што ў канфлікце вінаватыя ЗША, якія ўвялі санкцыі, што цяпер мяч на іх баку. Пры гэтым ён мяркуе, што да разрыву дыпляматычных адносінаў паміж ЗША і Беларусьсю справа ня дойдзе:
“Знойдуць кампрамісы, я думаю. Такія прыклады ў нашых адносінах былі ўжо не адзін раз, і ў справе разьмяшчэньня пасольскіх рэзыдэнцыяў, калі падавалася, што мы заходзілі ў тупік, але разам з тым знайшлі разумныя падыходы і выйшлі са стану гэтага крызысу”.
Былы прадстаўнік Беларусі ў ААН паэт
Генадзь Бураўкін
лічыць паводзіны беларускіх уладаў у гэтым канфлікце неадэкватнымі ў адказ на эканамічныя санкцыі, якія паводле агучанай раней афіцыйнай інфармацыі зьяўляюцца “мізэрнымі”:
“Краіна выглядае такім капрызным партнэрам, або партнэрам, які пераацэньвае свае сілы”.
Генадзь Бураўкін, ведаючы многіх цяперашніх беларускіх дыпляматаў, верыць, што ім удасца ўрэгуляваць канфлікт, калі ня будуць перашкаджаць непрафэсіяналы ў беларускай палітыцы і дыпляматыі:
“Я баюся, каб непрафэсіяналізм, непрафэсіяналы не пашкодзілі таму, чаму ніяк нельга шкодзіць, – будучыні беларускай дзяржавы, незалежнай, цывілізаванай, дэмакратычнай”.
Радыё Свабода © 2008 РС | Усе правы захаваныя.