Зьмяніць памер шрыфту   |  Выдрукаваць

30.04.2008

“Справа палітвязьняў у Беларусі не закрыта”

У сваім пасланьні Аляксандар Лукашэнка заявіў, што прынятае рашэньне закрыць тэму палітзьняволеных: пяцёра на свабодзе, а шосты адмовіўся. Праваабаронцы пярэчаць: пытаньне не закрыта.


Дачка Аляксандра Казуліна Вольга рыхтуецца да трохдзённай сустрэчы з бацькам, якая павінна адбыцца 3 траўня ў калёніі “Віцьба-3”. Адносна выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што пытаньне аб палітзьняволеных закрыта, Вольга Казуліна сказала:
 
“Хлусіць, і сам у гэта верыць. Справа палітзьняволеных не зачынена, бо ад пачатку быў сьпіс з шасьцёх чалавек. Мой бацька так ці інакш з таго сьпісу не вызвалены. Нават тая яшчэ справа не зачынена. Ну, а пра новых я ўжо проста маўчу. Асудзіць дваіх, Кіма і Парсюкевіча, і на такія тэрміны, прычым абсалютна невінаватых, гэта сапраўды блюзьнерства. І пры гэтым хлусіць на ўсю краіну, што справа закрыта. Яна не закрыта і ня будзе закрыта. Бо Лукашэнка і далей будзе арыштоўваць і саджаць людзей, якія супраць яго. Бо гэта адзіны спосаб захаваць уладу ”.
 
Кіраўнік Беларусі працягвае пераконваць, што Аляксандар Казулін нібыта адмовіўся ад вызваленьня. Вольга Казуліна пракамэнтавала гэтыя словы:
 
“Казулін не адмаўляўся. Ён не вінаваты. І гатовы ў любы момант выйсьці, як толькі яго апраўдаюць”.
 
Праваабаронца Алег Воўчак нагадаў, што ўсе пяцёра палітвязьняў, якіх выпусьціў на свабоду Аляксандар Лукашэнка, не зьвярталіся з просьбамі аб памілаваньні. Іх вызваліла сама ўлада пад ціскам міжнародных структураў.
 
“Як і Дзярждэпартамэнт ЗША, так і Эўразьвяз настойваюць, як і раней , што нейкі дыялёг магчымы толькі пасьля вызваленьня палітзьняволеных, Казуліна. І на Захадзе паціху ствараецца грамадзкая думка, што Кім – палітзьняволены і Парсюкевіч. Санкцыі далі сваё і, я лічу, што пытаньне яшчэ не закрыта. Я думаю, што ад слабасьці і няўпэўненасьці гэта было сказана. І паказаць перад дэпутатамі, што сытуацыя кантралюецца. Маўляў, як бы ні ціснулі, я ад свайго не адступлю. Паглядзім, эканоміка ўсё ж прымусіць пайсьці на гэты крок”.
 
 

Радыё Свабода © 2008 РС | Усе правы захаваныя.