Зьмяніць памер шрыфту
| Выдрукаваць
22.04.2008
Якавенка: "Уладам не патрэбныя грамадзкія арганізацыі"
аўтар Віталь Цыганкоў
Чаму ў Беларусі, краіне, якая найбольш пацярпела ад Чарнобыльскай катастрофы, так і не ўтварылася моцнага сацыяльнага і палітычнага руху з экалягічнымі каштоўнасьцямі? Наколькі ў сьвядомасці беларусаў замацаваліся “зялёныя” каштоўнасьці? На гэтыя пытаньні адказвае пісьменьнік, кіраўнік сацыяльна-экалягічнага саюзу “Чарнобыль” Васіль Якавенка
Цыганкоў:
“Лягічна было меркаваць, што менавіта ў Беларусі, якая найбольш пацярпела ад Чарнобылю, павінны быць моцныя экалягічныя, “зялёныя” грамадзкія настроі. Але чаму так і не ўтварылася такога моцнага “зялёнага” руху?“
Якавенка:
“Тут ёсьць першапрычына прычынаў. У нас адпаполюснае грамадзтва і вельмі слабая грамадзянская супольнасьць. З-за гэтай першапрычыны і ўсе іншыя пытаньні. Праблема ня толькі ў адсутнасьці магутнага чарнобыльскага руху – іншыя грамадзкія арганізацыі ўсё часьцей зьнікаюць.
Гэта неразуменьне тымі людзьмі, якія ва ўладзе, ролі грамадзкіх арганізацыяў, ролі грамадзянскай супольнасьці. Калі ў людзей узьнікаюць нейкія альтэрнатыўныя думкі, не такія, як у кіраўніцтва, то яны адразу прызнаюцца апазыцыйнымі, шкоднымі і гэтак далей".
Цыганкоў:
“Са стаўленьнем уладаў, здаецца, усё ясна. Але наколькі ў самім грамадзтве запанавала экалягічнае мысьленьне”?
Якавенка:
“Дык ад стаўленьня ўладаў залежыць актыўнасьць альбо інэртнасьць большасьці людзей. У Польшчы, напрыклад, адзін працэнт з заробку бяруць на разьвіцьё грамадзкіх арганізацыяў. У нас робяць усё наадварот, падвышаюць цэны ў 10 разоў на арэнду памяшканьня, фактычна ствараюць усе ўмовы, каб гэтыя арганізацыя зьнікалі, бо яны непатрэбныя сёньняшнім кіраўнікам.
Адсюль інэртнасьць і нават страх. Людзі баяцца, што яны кудысь прыйдуць да прадстаўнікоў улады, а іх не зарэгіструюць, і як там на іх паглядзяць – больш за тое, пачнуць розныя праверкі. Сёньня ўсё створана для таго, каб не было грамадзянскай актыўнасьці. Каб людзі толькі моўчкі працавалі, працавалі – і нічога іншага генератарам ідэяў сёньняшняй улады непатрэбна”.
Радыё Свабода © 2008 РС | Усе правы захаваныя.