Зьмяніць памер шрыфту
| Выдрукаваць
01.04.2008
Л.Гразнова: «Наш суд – антыправавая зона несамастойнасьці”
аўтар Аляксандар Уліцёнак
Грамадзкі рэдактар тыдня – Людміла Гразнова.
Людміла Гразнова -- кандыдат эканамічных навук. У Вярхоўным Савеце 13-га скліканьня зьяўлялася намесьнікам старшыні парлямэнцкай Камісіі па бюджэту, падатках і зборах, падпісалася пад патрабаваньнем імпічмэнту А.Лукашэнку. Уваходзіла ў аргкамітэт грамадзянскай ініцыятывы “Хартыя-97”, апошнія чатыры гады – намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Людміла Гразнова ўзначальвае зарэгістраванае ў Вільні грамадзкае аб’яднаньне “Праваабарончы альянс”.
Уліцёнак
: “Якое пытаньне ва ўзаемаадносінах улады з грамадзянскай супольнасьцю ўяўляецца вам сёньня найбольш вострым?”
Гразнова:
“Калі гэта тычыцца простых людзей, то, канечне, – неабароненасьць перад судом. Маюцца судовыя памылкі, ёсьць перасьлед і прымусы: пад гвалтам, пад ціскам даюцца неабходныя паказаньні – вымушаныя, непраўдзівыя… І чалавек на многія гады трапляе за краты. Наш суд насамрэч – інстанцыя несамастойная. І калі чалавек патрапляе ў тыя жорны, тады ўсё , яго расплюшчваюць…”
Уліцёнак:
“Дзіўна: зараз у краіне як ніколі шмат людзей з вышэйшай юрыдычнай адукацыяй і – як ніколі шмат размоваў пра беззаконьне. Чаму так адбываецца?”
Гразнова:
“У правінцыі ня кожны раз дацягваюць да сталічнага ўзроўню. Адвакаты, юрысты не зьяўляюцца самастойнымі фігурамі. Яны залежаць ад пракуратуры, адвакацкай калегіі, урэшце – ад многіх абставінаў у краіне. І трэці чыньнік – сам закон. Тое, як ён фармулюецца. Тое, як і хто яго піша, на якіх падставах.
Закон мусіць быць народным: то бок прынятым усенародна абраным, легітымным парлямэнтам, а ў нас зараз адбываецца абсалютна іншае ў гэтай сфэры”.
Уліцёнак:
“Цяпер дабіцца праўды лягчэй у глыбінцы ці ў сталіцы?”
Гразнова:
“Канечне, у сталіцы – тут шанец ёсьць. А далей ад яе ўсё нашмат болей карумпавана. Тут адзін адвакат, адзін пракурор, адзін судзьдзя… Зьверху патэлефанавалі, “папрасілі” і… Тое, што ў раёне толькі трое ці чацьвёра людзей трымаюць судовую ўладу, садзейнічае стварэньню паміж імі надзвычай моцных стасункаў, якіх у сталіцы няма, і якія зусім ня лепшым чынам адбіваюцца на стане права і праўды”.
Уліцёнак:
“Працэс дэгуманізацыі: як яго спыніць?”
Гразнова:
“Нам патрэбен нармальны парлямэнт, легітымныя дэпутаты, нам патрэбная чацьвёртая ўлада – незалежныя СМІ, нам патрэбная моцная грамадзянская супольнасьць. Толькі такім цывілізаваны шляхам мы можам выйсьці на шлях здаровага, сучаснага, дэмакратычнага разьвіцьця ў прававой сфэры”.
Радыё Свабода © 2008 РС | Усе правы захаваныя.