Зьмяніць памер шрыфту
| Выдрукаваць
07.03.2008
6. Бурлівыя будні дыпляматычнай місіі
аўтар Сяргей Шупа
Рыга, люты 1920. Шэф Вайскова-Дыпляматычнай Місіі БНР у Рызе Кастусь Езавітаў узяў чарговую заяву. Напісаная яна была па-француску – такое здаралася ня кожны дзень...
Да паперыны быў залучаны пераклад, старанна падрыхтаваны справаводам місіі Станевічам. Заяваў на атрыманьне беларускага пашпарта з кожным тыднем было ўсё меней – за некалькі месяцаў працы місіі ўсе рэсурсы незарэгістраванага беларускага насельніцтва ў Латвіі амаль дарэшты вычарпаліся. Консульскія прыбыткі спыніліся. Місія адчайна змагалася за фізычнае існаваньне.
Чарговы просьбіт пісаў:
”
Шаноўнае спадарства,
Будучы паводле нараджэньня беларусам, хоць і англічанінам паводле паходжаньня, і даведаўшыся, што я магу быць карысным нашай Рэспубліцы, маю гонар запрапанаваць свае паслугі ўраду Беларусі.
Нарадзіўшыся ў 1897 годзе ў Віцебскай губэрні ад бацькоў-англічанаў, я выхоўваўся ў Петраградзе ў гімназіі Сьвятога Пятра. Я займаў розныя пасады ў якасьці карэспандэнта замежных моваў найбольш важных у сучасным гандлі. Я выдатна ведаю мовы: ангельскую, расейскую, францускую, нямецкую і гішпанскую – гутарку і пісьмо. У цяперашнім часе я знаходжуся на ўрадавай службе ў Ніжняй Курляндыі ў Лібаве ў якасьці карэспандэнта замежных моваў і ў тым самым часе рэдактарам ангельскага часапіса гэтэга гораду...
”
Адкуль у Лібаве ў такую пару мог узяцца ангельскі часапіс, задумаўся Езавітаў. Але горад партовы, мала якія там могуць быць дзівосы. Ну, што там далей...
”...
Я выдатна бачу, што ўсе або амаль усе шанцы Беларускай Рэспублікі на посьпех залежаць ад паводзінаў Саюзьнікаў у дачыненьні да маладой і моцна ўцісканай інтрыгамі яе суседкі Польшчы, Рэспублікі. З гэтай прычыны варта было б закласьці пачаткі прапаганды ў дзяржавах Антанты: Англіі і Злучаных Штатах больш чым у Францыі, бо апошняя апякуецца Польшчай ад дня заснаваньня і будзе апекавацца ёю ў далейшым.
Вось чаму я лічу сваім абавязкам зьвярнуцца да Вас, Шаноўнае Спадарства, як да прадстаўнікоў Беларусі, прапануючы свае веды і працу нашаму Ўраду і разам з тым горача веру, што Беларуская Народная Рэспубліка стане Вялікай і Вольнай краінай. Зрабеце ласку, зьвярнецеся да Ўраду і як мага хутчэй паведамце пра яго рашэньне.
Прымеце ўпэўненьні ў маёй найглыбейшай пашане.
Гедвард Брас
Лібава, 2 лютага 1920 году
”
Падобныя лісты місія атрымвала як найменей раз на тыдзень. Цяжка сказаць – што прыцягвала замежнікаў, чым іх так вабіла загадкавая і невядомая на той час Беларусь, якая нібыта не абяцала ні багацьця, ні шчасьця, ні долі. Шэф місіі звычайна задавольваў гэткія просьбы, адчуваючы апостальскі запал у пашырэньні беларускай веры сярод чужынцаў. Зь беларускім пашпартам у Латвіі жылі ўжо ня толькі звычайныя румыны, караімы і татары, але і грэкі, хазары і нават адзін невядома адкуль занесены скіф. Быў, што праўда, у валоданьні пашпартам і практычны аспэкт – зь ім цалкам легальна можна было езьдзіць празь неспакойныя паваенныя межы.
Наклаўшы станоўчую рэзалюцыю на заяву новага патрыёта беларускай справы, Езавітаў прыгадаў самую буйную здабычу, якая за гэтыя некалькі месяцаў трапіла ў ягоны рэгістрацыйна-консульскі нерат...
Падчас падарожжа ў справах місіі ў Эстонію і Фінляндыю, дзе Езавітаў шукаў раскіданых вайною па сьвеце беларусаў з мэтай іх рэгістрацыі і патэнцыйнай мабілізацыі ў беларускае войска, ён сярод іншага сустрэўся з прадстаўнікамі генэрала Балаховіча. Пра Станіслава Булак-Балаховіча на той час было вядома толькі тое, што ён пасьпеў паваяваць і на баку чырвоных, і на баку белых і быў гатовы пусьціцца са сваім Асобным Атрадам у любыя прыгоды.
30 кастрычніка 1919-га Езавітаў меў гутарку з прадстаўніком Балаховіча падпалкоўнікам Мінгрэльскім і даведаўся, што генэрал цяпер – зусім вольны чалавек, Юдзенічу не падпарадкоўваецца, працуе разам з эстонцамі, але не пад іх кіраваньнем. За баявую дапамогу часам атрымвае ад іх грошы і прадукты. Хацеў бы быць бліжэй да роднай Вільні. Некалі лічыў сябе ліцьвіном, але цяпер даведаўся пра беларусаў і ўжо сам ня ведае – хто ён. Хацеў бы лепей пазнаёміцца зь беларускай картай, рухам і гісторыяй.
Дасьведчаны прапагандыст Езавітаў умомант пабачыў, што здабыць для Беларусі гэтую заблукалую душу будзе няцяжка, і паслаў Балаховічу просьценькі тэст, які складаўся зь пяці пытаньняў:
1. Ці ведае ён беларускую мову?
2. Ці ведае мову літоўскую?
3. Ці ведае, што прозьвішча ў яго зусім беларускае, бо па-літоўску было б ”Балаховічунас”? (тут быў наўмысны перабор – хацелася для большага эфэкту, каб гучала як найстрашней)
4. Як ён ставіцца да нацыянальных пытаньняў? І
5. Ці прызнае ён незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі?
Балаховіч ня стаў марудзіць з адказам. 4 лістапада да Езавітава ў рэвэльскі гатэль ”Залаты Леў” прыйшлі трое афіцэраў атраднага штабу і паведамілі, што генэрал беларускую мову ведае, а Беларускую Народную Рэспубліку гатовы бараніць усімі сваімі сіламі. Адчуўшы ўсю памылковасьць і недарэчнасьць сваёй колішняй ліцьвінскай арыентацыі, Балаховіч вярнуўся ва ўлоньне ад веку роднай яму беларушчыны.
Вынікам гэтага этнічнага прасьвятленьня стаўся зварот генэрала да Ўраду БНР:
”
Старшыні Рады Народных Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі праз Шэфа Вайскова-Дыпляматычнай Місіі ў Латвіі і Эстоніі палкоўніка Езавітава.
Зьяўляючыся грамадзянінам Беларускай Народнай Рэспублікі, лічу патрэбным, каб маё войска было скарыстанае для абароны цэласьці і непадзельнасьці маёй Бацькаўшчыны, а таму прапаную майму Ўраду залічыць мяне і мой атрад на Беларускую Службу.
Генэрал-маёр Булак-Балаховіч
”.
Глыбока крануты і ўсьцешаны заявай генэрала, Кастусь Езавітаў пераслаў яе ў Варшаву старшыні Ўраду БНР Антону Луцкевічу, выказаўшы ўпэўненасьць, што просьба Балаховіча будзе задаволеная. І яна была задаволеная. Аднак сам генэрал зь ягоным атрадам прапаў зь беларускіх даляглядаў амаль на год, а пасьля зусім нечакана усплыў увосень 1920-га і ўзьняў на Палесьсі антыбальшавіцкае паўстаньне, адмяніўшы ўсе іншыя тагачасныя беларускія ўлады і ўрады і абвясьціўшы сябе Бацькам Беларускага Народу.
Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі каштавала нямала палітычных намаганьняў, каб давесьці сьвету, што ён ня меў ніякага дачыненьня да акцыі Балаховіча, якая адзначылася пагромамі, бандытызмам і авантурным палітыкаваньнем. Аднак усё гэта будзе пазьней, і тады Езавітаву яшчэ прыпомняць ягоную паслугу ў прыцягненьні да беларускай службы падазроных генэральскіх кадраў.
***
А цяпер перад шэфам місіі ляжала наступная заява:
”
Пану Маршалку Беларускага Ўраду
Яго Сьветласьць Князь Станіслаў-Павел-Леў Сапега з прыдомкам Ваявода, скарочана Вой, мае гонар зьвярнуцца да Вас, азнаймуючы, што Род Сапегаў, зь якога паходзіць князь – беларускі з крыві і косьці. Князь народжаны ў замку пры капальнях сталёвай руды Варшава каля Чыкага ў Амэрыцы 11 сакавіка 1887 году і ахрышчаны ў капліцы Гуты Варшава ў Сьвятой Беларускай Грэка-Каталіцкай веры.
Князь – беларус, што азначае ня толькі бязьмежнае замілаваньне да беларускага народу, але спалучае ў сабе любоў, вольнасьць і справядлівасьць. Ён успрымае справу Беларусі як Краіны і толькі ў саюзе і пад апекай нямецкай імпэрыі і з агідай адхіліў бы любую спробу пабудовы Беларусі ў саюзе са злом, у зьвязе з гвалтам і ў хаўрусе з чый бы там ні было няволяй...
”
Літары неахайна друкаванага тэксту заскакалі ўваччу. На сёньня хопіць, сказаў сабе Езавітаў і адклаў ліст убок.
Радыё Свабода © 2008 РС | Усе правы захаваныя.