Зьмяніць памер шрыфту
| Выдрукаваць
21.02.2008
2. Дыпкур'ер Алексючанка
аўтар Сяргей Шупа
...Яна зьявілася ўначы, як здань. Проста ніадкуль, бо што яна прайшла – жывая і некранутая – бальшавіцкія пазыцыі, паверыць было немагчыма. Аднак, пабачыўшы афіцыйныя паперы зь дзяржаўнай пячаткай, афіцэр перадавой каманды ўкраінскага войска адчуў, што гэтае дзяўчо – важная птушка, і загадаў з пашанай даставіць яе ў Камянец-Падольскі, у сядзібу ўраду.
Ня менш быў зьдзіўлены і прэм’ер-міністар Барыс Мартас, пабачыўшы акрэдытыў на паўтара мільёна карбованцаў і паперы падпісаныя яго папярэднікам – прэм’ерам Украінскай Народнай Рэспублікі Ўладзімерам Чахоўскім, якія падала яму дзяўчына, прадставіўшыся дыпкур’ерам Аўгіньняй Аляксюк. Ён адразу зрабіў усё, аб чым яна папрасіла – перапісаў акрэдытыў на аўстрыяцкі банк і прыдзяліў ёй вайсковы канвой на зваротную дарогу, перадаўшы зь ёй ліст да беларускага ўраду:
“
Прийнявши Вашого дипльоматичного гонця і одержавши відомости про те становище, в якому перебуває зараз Білоруський Нарід і його теріторія, страждаючи і терплючи від знущань і глуму одвічних ворогів так Білоруського як і Українського Народів – московських червоних імперіялістів-большовиків, я дозволяю собі від імени Соборної України висловити щире співчуття Українського Народу – Народові Білоруському.
Україна [...] засилає Білоруській Народній Республіці свій братний привіт і бажання Їй як найшвидче подолати ворога, аби Вона могла стати Вільною і Незалежною Республікою, що, як єдино-правильне і справедливе, Україна буде завжди підтримувати від щирого серця
”.
А пачалася надзвычайна сакрэтная місія 10 ліпеня 1919 году. Ураду БНР, які тады працаваў у Бэрліне, нямецкі Райхсбанк адмовіўся выплаціць грошы за акрэдытыў на паўтара мільёна карбованцаў частку пазыкі ад украінскага ўраду – бо на ўкраінскія грошы нямецкія ўлады наклалі арышт. Адзіным выйсьцем было перапісаць акрэдытыў на банк у іншай краіне, а для гэтага трэба было зрабіць амаль немагчымае – атрымаць ад украінскага ўраду новыя паперы, прычым не апошнім пытаньнем было яшчэ і тое – дзе шукаць сам той урад. Місія на чале з паслом Цьвікевічам здолела дабрацца толькі да Варшавы.
Далей давялося дзейнічаць нелегальна. Было пастаноўлена, што выканаць амаль немагчымае заданьне мог толькі адзін чалавек – 20-гадовая Аўгіньня Алексючанка, дыпляматычны кур’ер Рады Народных Міністраў БНР, якая на той час мела ўжо немалы досьвед пераезду і правозу дакумэнтаў праз франтавыя зоны.
І вось, 10 ліпеня Алексючанка выехала з Варшавы, з надзвычайнымі цяжкасьцямі дабралася да Луцку, адкуль пераадзеўшыся сялянкаю, пайшла празь лінію польска-бальшавіцкага фронту. На бальшавіцкім баку яе арыштавалі, аднак за 500 аўстрыяцкіх кронаў (дзе ў той час хадзілі якія грошы – наагул разабрацца вялікая праблема) ёй удалося адкупіцца і нават атрымаць ахоўны дакумэнт да Астрогу. Па дарозе да ўкраінскай мяжы, уначы ў гатэлі бальшавікі ўчынілі ператрус і рэквізавалі ў кур’еркі ўсе грошы, адзеньне, багаж і нават чаравікі. Калі ў яе і на ёй не засталося амаль нічога апрача нейкім цудам уратаваных дакумэнтаў, яна на досьвітку ўцякае з гатэлю, за які ўжо не было чым плаціць.
На самай бальшавіцка-ўкраінскай мяжы Алексючанку зноў арыштоўваюць чырвоныя байцы – для высьвятленьня асобы – але азнаёміцца зь ейнай асобай ім ужо не давядзецца: уначы разам зь дзьвюма ўкраінкамі, затрыманымі з той самай мэтай, яна выломвае акно арыштанцкай, уцякае і пад няспынным баявым агнём пераходзіць лінію ўкраінска-бальшавіцкага фронту. Там яе й сустракае перадавая каманда ўкраінскага войска.
Цяпер, пасьля цёплага прыёму ўкраінскім урадам і залагоджаньня ўсіх справаў застаецца ўсяго толькі вярнуцца ў Варшаву той самай дарогай. Пачэсны ўкраінскі канвой акольнымі дарогамі – у абыход бальшавікоў - давозіць дзяўчыну да польскай мяжы ў Збруч, пакідаючы яе далей на волю лёсу. На мяжы яе ўмомант арыштоўваюць палякі, але яна і да іх знаходзіць свой таемны ключ. Як будзе напісана пазьней у пратаколах Ураду БНР – ”
дзякуючы надзвычайнаму спрыту і лоўкасьці, яна арыштаваная і пад канвоем жандармаў, згодна зь яе просьбамі была дастаўленая ў Варшаву
”, дзе была ўзятая пад арышт для праверкі асобы. Праз колькі дзён яе ўдаецца вызваліць, аднак з-пад арышту ў гатэлі яна ўжо выходзіць безь ніякіх дакумэнтаў. Усе паперы і перапісаны акрэдытыў яна пасьпявае перадаць у патрэбныя рукі яшчэ ў першую ноч свайго зьняволеньня.
Фінал гэтай гісторыі даволі сумны. Рада Народных Міністраў выказала Аўгіньні Алексючанцы шчырую падзяку і выдала мізэрную прэмію. Сама кур’ерка, вярнуўшыся ў родную Горадню, позьнюю восень і зіму 1919 году моцна хварэла і марна прасіла Ўрад аб дапамозе. Пасьля, падчас адной зь місіяў, пазычыла сама сабе з грошай, што мелася перадаць трэцяй асобе, належную, на ейную думку, суму і за гэткае злачынства была звольненая з працы.
Пра тое, што было з Аўгіньняй Алексючанкай да і пасьля апісаных бурлівых падзеяў – вядома вельмі мала. Упершыню яна зьяўляецца на беларускіх даляглядах у красавіку 18-га, калі Рада БНР дасылае яе з кур’ерскім даручэньнем у Бабруйск, акупаваны польскім корпусам Доўбар-Мусьніцкага. У пасьведчаньні пазначана, што яна – ”
бежанка Горадзенскай губэрні, мае 19 гадоў і жывець у Менску
”. Застаецца дадаць, што Аўгіньня – малодшая сястра вядомага беларускага дзеяча, прыхільніка супрацоўніцтва з Польшчай, Паўла Алексюка.
Пасьля пераезду беларускіх палітыкаў у канцы 1918 году зь Менску у Вільню, а пасьля ў Горадню, Алексючанка бярэ актыўны ўдзел у тамтэйшым палітычным жыцьці, працуе ў Горадзенскім Беларускім Камітэце, Беларускім клюбе, рэдагуе газэту ”Зорка”. І, між іншага, зьвяртае на сябе ўвагу. Вось як згадвае пра яе ў сваім дзёньніку тагачасны прэм’ер БНР Антон Луцкевіч:
”
Быў я ў павятовай Радзе. Там сядзіць Алексючанка Аўгіньня. Працуе добра – многа мае энэргіі і задору. Нічога разьбіраецца ў палітыцэ на гродзенскім грунце, хоць надзвычайнай інтэлігенцыяй, здаецца, не грашыць
”.
Цяжка сказаць, чым выкліканая апошняя рэмарка Луцкевіча, але яе пэўным чынам падсьвечваюць словы са справаздачы Рады БНР аб нацыянальнай працы ў Горадні мясцовага актывіста Янкі Чарапука:
”
...панна Алексючанка з ахвіцэрамі ўсіх рангаў і нацыяў спагулівае, а ўрад ёй плаціць заробак
”.
Можна па-рознаму інтэрпрэтаваць адзначаныя гэтымі дзеячамі рысы 20-гадовай кур’еркі, аднак на шматлікіх тысячах старонак Архіваў БНР – гэта бадай што адзіны выпадак, калі на некага зьвяртаюць увагу як на жанчыну.
Апошні раз зорка Аўгіньні Аляксюк бліснула на беларускім палітычным небе ў красавіку 1923 году. На гэтак званым беластоцкім ”Працэсе 45-ці”, на якім судзілі ўдзельнікаў антыпольскай беларускай партызанскай дзейнасьці, падчас паказаньняў сьведкаў адбыўся амаль камічны выпадак. Сьведка ў сваёй нуднай і даўгой прамове назваў камандзераў партызанскіх групаў, што дзейнічалі ў белавескіх лясох. Сярод іх даволі нечакана прагучала прозьвішча Аляксюк. Старшыня суду, які быў пачынаў засынаць, раптам здрыгануўся, пачуўшы ў такім недарэчным кантэксьце прозьвішча ляяльнага ўладам чалавека. І тады яму патлумачылі, што гаворка йшла зусім не пра яго, а пра яе – таямнічую, няўлоўную, амаль нерэальную...
Больш пра яе я ня ведаю нічога.
Радыё Свабода © 2008 РС | Усе правы захаваныя.