Зьмяніць памер шрыфту   |  Выдрукаваць

18.02.2008

У Косаве чакаюць прызнаньня незалежнасьці

аўтар Юрась Бушлякоў

Косаўскія альбанцы чакаюць прызнаньня абвешчанай напярэдадні ў Прышціне новай дзяржавы. Хутчэй за ўсё, сярод першых незалежнасьць Косава прызнаюць ЗША, Вялікая Брытанія, Нямеччына, Францыя і Італія. Адназначна нэгатыўна супраць абвяшчэньня косаўскай незалежнасьці выказаліся Расея і Кітай. Прэзыдэнт Сэрбіі Борыс Тадзіч заявіў, што ягоная краіна ніколі не прызнае незалежнасьці Косава.


Альбанцы складаюць 90 працэнтаў жыхарства Косава. Астатнія косаўскія насельнікі – гэта пераважна сэрбы: сэрбскае насельніцтва колькасна дамінуе на поўначы і ў адным з паўднёвых раёнаў Косава.

У дэклярацыі аб незалежнасьці, абнародаванай косаўскім прэм’ер-міністрам Хашымам Тачы, Косава абвешчана незалежнай дзяржаваю, дзе шануюцца правы ўсіх этнічных супольнасьцяў.

На дэклярацыю косаўскіх альбанцаў катэгарычна нэгатыўна адрэагавала Сэрбія. 

“Сэрбія зробіць усё магчымае, каб ануляваць аднабаковае і незаконнае абвяшчэньне незалежнасьці. Сэрбія ніколі не прызнае незалежнасьці Косава”, – заявіў сэрбскі прэзыдэнт Борыс Тадзіч.

Бялград пагражае ўжыць у адносінах да Косава эканамічныя і палітычныя санкцыі, аднак выключае выкарыстаньне вайсковай сілы. 

Замежным амбасадарам у Бялградзе паведамлена, што Сэрбія зьнізіць ровень дыпляматычных адносінаў з усімі дзяржавамі, якія пойдуць на прызнаньне незалежнасьці Косава.

Тым часам косаўскія лідэры зьвярнуліся сёньня да 192 краінаў сьвету з просьбаю прызнаць незалежнасьць. 

Дж.Буш: "Касавары цяпер незалежныя...”
“Касавары цяпер незалежныя”, – адзначыў, камэнтуючы сытуацыю, прэзыдэнт ЗША Джордж Буш. Чакаецца, што менавіта ЗША і краіны Эўразьвязу будуць сярод першых, хто прызнае незалежнасьць Косава.

Пры гэтым сярод краінаў Эўрапейскага Зьвязу, які назіральнікі называюць “хросным бацькам” косаўскай незалежнасьці, ёсьць шэраг краінаў, скептычна настроеных у пытаньня прызнаньня незалежнага Косава. 

Дзьмітры Рупель, міністар замежных справаў Славеніі, якая старышынюе цяпер у Эўразьвязе, заявіў, што кожная зь дзяржаваў будзе рабіць свой уласны выбар:

“Краіны Эўразьвязу вольныя рабіць тое, што палічаць за патрэбнае. Прызнаньне Косава – гэта не пытаньне для Эўразьвязу ў цэлым. Кожная зь дзяржаваў будзе вырашаць у залежнасьці ад сваіх паглядаў і перакананьняў. Вядома, я разумею, што многія краіны Эўразьвязу прызнаюць Косава”.


Радыё Свабода © 2009 РС | Усе правы захаваныя.