Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Помнікі Міхаілу Жызьнеўскаму зьявяцца ў Кіеве і пад Гомелем


Міхаіл Жызьнеўскі на Эўрамайдане ў Кіеве

Міхаіл Жызьнеўскі на Эўрамайдане ў Кіеве

У Кіеве зьбіраюцца адкрыць мэмарыяльную дошку беларусу Міхаілу Жызьнеўскаму, забітаму невядомым снайпэрам падчас украінскага Майдану. А пад Гомелем помнік на магіле будзе рабіць вядомы скульптар Алесь Шатэрнік.

Сям’я Міхаіла Жызьнеўскага, якая жыве ў Гомелі ў найманай кватэры на Севастопальскай вуліцы, рыхтуецца да пераезду. Маці Міхаіла, Ніна Васільеўна, апавяла, што на сабраную ўкраінцамі дапамогу сям’я купіла нарэшце двухпакаёўку — у пяціпавярховіку на вуліцы Галавачова. Гэта літаральна за трыста мэтраў ад цяперашняга часовага жытла.

Жызьнеўская: «Двухпакаёвая кватэра — 42 квадраты. Дапамаглі нам фонд Чарнавецкага, Прыірпінскі фонд, фонд Рэната Ахметава, і ўкраінскі ўрад даў нам 121 тысячу грыўняў. Мы адразу іх абмянялі — выйшла 12 тысяч даляраў. Мы ўсё гэта зьбіралі, зьбіралі. Склалі гэтыя грошы, а колькі не хапіла — дачка Наташа ўзяла крэдыт».

Жызьнеўскія — сама Ніна Васільеўна, Мішаў бацька і сястра Наташа — вельмі ўдзячныя Ўкраіне за дапамогу. Адно засмучае маці:

«Як падумаю, што гэтая кватэра такой высокай і страшнай цаною дасталася, дык у мяне няма сілы там жыць — сэрца крывёю абліваецца».

Дом, куды перабіраецца сям’я Жызьнеўскіх

Дом, куды перабіраецца сям’я Жызьнеўскіх

Ніна Жызьнеўская паведаміла, што яшчэ да канца году зьбіраецца ў Кіеў. Там, на вуліцы Грушэўскага, дзе на барыкадах куля забойцы трапіла ў сэрца Міхаіла, усталююць мэмарыяльную пліту — пра гэта маці папярэдзілі з украінскай сталіцы:

«Сёлета ў іх будзе нейкае сьвята, і яны будуць усталёўваць гэтую дошку. Урачыста будуць пераносіць часовы мэмарыял Мішы зь сярэдзіны вуліцы, дзе ён загінуў, на ходнікі пад ліпку, дзе мы выбралі месца. Мы былі там, выбралі Мішу гэтае месца, выбралі помнік, пліту такую. На ёй будзе Мішаў партрэт і верш».

Да гэтага часу ў Кіеве на праежджай частцы вуліцы Грушэўскага, акурат насупраць уваходу на стадыён, стаіць складзены з пліткі для ходнікаў часовы пастамэнт, да якога прымацаваны вялікі партрэт Міхаіла Жызьнеўскага.

Сюды й прыходзяць кіяўляне, каб пакласьці жывыя кветкі.

Саматужны мэмарыял на месцы гібелі беларуса Міхаіла Жызьнеўскага

Саматужны мэмарыял на месцы гібелі беларуса Міхаіла Жызьнеўскага

Часовы мэмарыял беларускаму герою Эўрамайдану ўкраінцы зьбіраюцца замяніць на сталы:

«Насупраць стадыёну будзе. Там такі камень усталяваны, я, праўда, не прачытала каму, а за каменем гэтым будзе стаяць Мішава пліта пад ліпай. Пліту робяць так, каб паставіць пры ёй два сьцягі — украінскі й беларускі.

І зробяць месца, куды можна будзе пакласьці кветкі Мішу. Шмат хто з кіяўлянаў хадзіў і прасіў, каб перанесьлі мэмарыял з цэнтру дарогі, бо да яго складана падысьці: машыны рухаюцца, і людзі ня могуць падысьці».

Калі яны зробяць яго такім, то я такіх помнікаў яшчэ ня бачыла

Самі Жызьнеўскія зьбіраюцца паставіць помнік сыну і на могілках, дзе пахаваны Міхаіл — у вёсцы Сьцяг Працы, што пад Гомелем.

Ніна Васільеўна кажа, што зрабіць помнік узяўся Алесь Шатэрнік, скульптар і мастак, сябра мастакоўскай суполкі «Пагоня». Вядома, што рукамі Шатэрніка зроблены помнікі Рагнедзе, Усяславу Чарадзею,Тадэвушу Касьцюшку ды многім іншым выбітным асобам беларускай гісторыі.

Скульптара прывезьлі ў Гомель да маці Жызьнеўскага беларускія актывісты Вольга Мікалайчык і Кастусь Жукоўскі.

Жызьнеўская: «Шатэрнік намаляваў, як будзе выглядаць помнік. Калі яны зробяць яго такім, то я такіх помнікаў яшчэ ня бачыла. Ён будзе стаяць, як раскрытая кніга на стале — толькі так, нібыта вокладка ў ёй паўадарваная. Такі адрыў будзе. Алесь казаў, што будзе ўвасоблена зло і дабро. Будзе адна частка сьветлая, а другая — чорная. І ў гэтым разрыве будзе нібыта ручаёк струменіцца і стаяць праваслаўны крыж».

Калі стане вядомы прыкладны кошт помніка, гомельскія грамадзкія актывісты абвесьцяць акцыю зьбіраньня ахвяраваньняў на тое, каб яго вырабіць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG