Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як звалі Стэфана Баторыя? Сьцяпан?


Гарэльеф Стэфана Баторыя ў гарадзенскім катэдральным касьцёле
Гарэльеф Стэфана Баторыя ў гарадзенскім катэдральным касьцёле

Насамрэч яго звалі Іштван. Але вугорцы не хапаюцца загрудкі, калі пачуюць Стэфан. Урэшце пад гэтым імем ён найбольш вядомы, паколькі пакінуў адметны сьлед у гісторыі. За Стэфана не крыўдуюць і румыны, вядома, што зь Сяміградзьдзя паходзіў, а гэта сёньня якраз у Румыніі.

У Горадні адзначылі цяпер угодкі сьмерці караля. Два дні адзначалі. У першым рэпартажы гаварылася пра Стэфана Баторыя, але было зазначана, што ў старабеларускай традыцыі яго называлі Сьцяпанам Батурам. Гэта агульнавядома. У наступным рэпартажы на першае месца былі вынесеныя якраз імя і прозьвішча караля старабеларускія.

Выдатныя ў нас, калі задумацца, магчымасьці. Можна ў царкву хадзіць, а можна ў касьцёл. Ня толькі кірыліца існуе, але й лацінка. Можна сьпяваць «Адвеку мы спалі», а можна «Мы, беларусы». А Баторы наш і кароль, і вялікі князь у адной асобе. Словам, маем даволі ўраўнаважаныя эўрапейскія традыцыі. Але ня ўсім гэта даспадобы. Мы пішам: Стэфан Баторы, і абавязкова чуецца зласьлівы голас — ніякі ён ня Стэфан, а — Сьцяпан Батура! Палянафілы! Але варта толькі напісаць Сьцяпан Батура, як прыходзіць такі камэнтар: «Першы раз чую, каб Гародню абзывали Горадняй, а Стэфана Баторыя – Сцяпанам Батурай. Батура – гэта крадзяжык з Магилева, а Баторый неаднойчы ганяу маскалеу з гэтай зямли. Ганьба вам, Сергей Островцов, и тым, кто прапусциу гэту лухту у эфир».

Вось ён — судзьдзя і пракурор у адной асобе. Першы раз ён, бачыце, чуе пра Горадню і Сьцяпана і гатовы ганіць і абражаць. А можа лягічна было б хаця б прагугліць, паварушыць мазгамі? І дзе ён подпіс такі ўбачыў пад тэкстам пра Баторыя? Так, існуе рускі варыянт прозьвішча майго. Мы былі спрэс з савецкімі пашпартамі, і ў маім так менавіта і было запісана і сёньня ёсьць — у перакладзе. І з гэтым, да слова, зьвязаная невялікая гісторыя студэнцкіх часоў. На факультэце журналістыкі я быў у другой групе, але на беларускіх занятках мяне пераводзілі заўсёды ў першую. Менавіта праз розьніцу ў напісаньні прозьвішча на дзьвюх мовах. І займаліся мы, дарэчы, у гэтай першай групе з Ігарам Герменчуком і Сяргеем Дубаўцом. Пазьней быў такі момант, калі яны рэдагавалі «Свабоду» і «Нашу Ніву», а я ставіў на ногі «Пагоню».

А што рэдагаваў ці ставіў на ногі камэнтатар, якога абурае маё прозьвішча? І які то падпішацца «Генадзь», то «Марыля», то яшчэ нейк. Знайшоў, выходзіць чалавек у беларускай Беларусі, дзе ўсё па-беларуску, аднаго «антыбеларуса». Брава! Не прывыкаць. Яшчэ ў «Гродзенскай праўдзе», калі пісаць даводзілася пра беларускія школы, лісты прыходзілі часам з пагрозамі. Калі ў «Пагоні» трымаліся свайго, ці ў «Свабодзе», таксама хапала такіх «Генадзяў-Марыляў». Не прывыкаць.

Парода вядомая. Даносы пісаць, якія пазьней сталі называцца больш бяскрыўдна «ананімкамі», калі пасьля даносаў перасталі расстрэльваць. Ці камэнты. Ты Сьцяпана Стэфанам абазваў? Палянафіл! А раней бы напісана магло быць больш хвостка — «польскі шпіён»!

Яшчэ адзін камэнтатар ведае лепей за ўсіх: «Кім у рэчаіснасьці быў трансільванец Стэфан Баторы? Быў пратэктарам езуітаў, якія тапталі свабоду ў Вялікім Княстве Літоўскім, моцна спрыяў паланізацыі... Ваенныя заслугі Баторага моцна перабольшаныя. Не змог захапіць маскоўскі Пскоў, змарнаваў літоўскае войска, якое ад халадоў і адсутнасьці правіянту прастаяўшы марную аблогу Пскова вымушанае было разыйсьціся. Езуіты трымалі Баторага войска на кароткім ланцугу».

Праўда, ні званьня навуковага, ні нават прозьвішча хвацкі камэнтатар не пакінуў.

А мне міжволі прыгадалася размова з Алегам Трусавым, які напісаў «Гісторыю сярэднявечнай Эўропы» па-беларуску. І зь беларускіх пазыцый! Запытаўся я наконт нашага былога караля. І што я пачуў? Мне як гісторыку Баторы вельмі падабаецца, таму што фактычна ён выратаваў Рэч Паспалітую, сказаў спадар Трусаў. Чалавек нэўтральны, карэнны вугорац, польскай мовы ня ведаў, як і беларускай, размаўляў на латыні збольшага. Але ён прывёў войска вугорскае. Ён ваяр, перамагаў туркаў і перамог Івана Жахлівага. Для нас гэта постаць як Вітаўт. Дарэчы, ён быў талерантным, запрасіў габрэяў. Ён стварыў езуіцкую сыстэму адукацыі, унівэрсытэт у Вільні — таксама ягоная заслуга. І менавіта ён першы зрабіў Горадню неафіцыйнай сталіцай. Кракаў не любіў, там была нелюбімая жонка. Дзяўчаты тут прыгожыя, ну й паляваньне, якое ён любіў. Дарэчы, калі я праводзіў раскопкі на Старым замку, мы часта знаходзілі зубрыныя рогі, косткі, яўна сьведчаньне іхніх званых абедаў.

А калі падсумаваць — якім бачыцца з адлегласьці Баторы сучаснаму беларускаму гісторыку? Алег Трусаў адказаў, што для яго гэта постаць цалкам станоўчая, тым больш ён вельмі любіў Беларусь. Дапамог троху зьмякчыць Люблінскую унію, і Статут быў прыняты трэці. Галоўнае — выйгралі Лівонскую вайну. Каб не Баторы, наўрад ці мы вярнулі б Полацак і ўсё астатняе. Для нас гэта фігура надзвычай важная.

Гэта — гісторык. У камэнтатараў з гэтым ня так усё проста. Адзін заводзіцца з паўбароту ад Стэфана, другі — ад Сьцяпана.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG