Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Возера дзяцінства адгарадзілі калючым дротам...»


Учора беларусы даведаліся, што паляваньне й рыбалка — гэта ў Беларусі цяпер дарагое задавальненьне й за яго давядзецца плаціць больш. Такія намеры былі агучаныя на нарадзе, якую Аляксандар Лукашэнка прысьвяціў разьвіцьцю паляўніцтва і рыбалоўства.

МЕНСК

У Беларусі на сёньня больш як 60 тысяч чалавек афіцыйна зарэгістраваныя ў якасьці паляўнічых і рыбаловаў. Усе яны плацяць абавязковыя грашовыя складкі адпаведнаму грамадзкаму аб’яднаньню і, акрамя таго, купляюць ліцэнзіі на здабычу зьвяроў і аднаразовыя білеты на рыбалку.

Але дзяржава хацела б мець ад гэтага большы прыбытак. Пра гэта, у прыватнасьці, на нарадзе ў прэзыдэнта заявіў старшыня Менскага аблвыканкаму Барыс Батура:

«Гэта цяпер ёсьць у кожнай эўрапейскай краіне, і яны зарабляюць на гэтым добрыя грошы, і папаўняецца бюджэт краіны. А ў нас што адбылося? Прынялі спэцыяльную праграму да 2015 году, а функцыі кантролю за выкананьнем да аблвыканкамаў ніхто не даводзіў. А патрэбен усё-ткі сур’ёзны кантроль. І прапісаць, што адказнасьць ускласьці на раённую выканаўчую ўладу...»

ГОМЕЛЬШЧЫНА

Бяз платы — не парыбачыш

Прыпяць здавён была для палешукоў ракою жыцьця. Многія пакаленьні мясцовых жыхароў тут бесьперашкодна лавілі рыбу, плавалі на лодках да сваякоў, хадзілі на паляваньне. Цяпер жыхарам Петрыкава, а таксама вёсак Дарашэвічы, Вышалоў, Славінск, Мардзьвін, Сьнядзін нават пасядзець з вудай на беразе спакойна нельга — за ўсё трэба плаціць.

За права пасядзець на беразе ракі Прыпяць ты павінен заплаціць 100 тысяч ...

Гаворыць адзін зь мясцовых жыхароў: «За права пасядзець на беразе ракі Прыпяць ты павінен заплаціць 100 тысяч, а каб пакупацца дзіцяці, трэба аддаць 10 тысяч. Але зараз, мабыць, больш будзе».

Справа ў тым, што Прыпяць й мясцовыя лясныя ўгодзьдзі тут прыватызавалі: з аднаго боку — экспэрымэнтальная лесапаляўнічая гаспадарка «Ляскавічы» й Нацыянальны парк «Прыпяцкі», з другога — таварыства «Тарока».

Указальнікі паведамляюць, што дзецям ад 11 да 17 гадоў за суткі аматарскай лоўлі трэба заплаціць 10 тысяч, дарослым — 15, замежнікам — 10 эўра. Якія расцэнкі агучаць сёлета ў сувязі з падвышэньнем базавай велічыні, пакуль невядома.

Тое самае і з паляваньнем. Мясцовы аматар, сябра таварыства паляўнічых і рыбаловаў спадар Васіль апавядае:

«Калі палявалі мае дзед і бацька, яны плацілі штогадовы падатак 3 ці 5 рублёў і маглі хадзіць на паляваньне круглы год, за выключэньнем нейкіх двух месяцаў. А цяпер за выхад на веснавое паляваньне — на гусей, качараў, вальдшнэпаў — мы заплацілі 200 тысяч. Гэтак плацім, як мясцовыя чальцы таварыства паляўнічых і рыбаловаў».

49-гадовы паляўнічы кажа, што аднаразовы выхад на паляваньне на дзіка каштуе 20 тысяч. Калі дзіка ўпалюеш, то за гэта плаціш асобна — у залежнасьці ад памераў:

«Калі застрэліў, аплочваеш ліцэнзію, па сутнасьці — кошт дзіка. Па-мойму, сяголетак быў 250 тысяч, ня памятаю добра. А як зараз будзе ў зьвязку з павышэньнем базавай велічыні, я ня ведаю».

Паляўнічыя кажуць, што ў таварыстве паляўнічых цяпер засталіся лічаныя людзі. Бо, апрача платы за паляваньне, трэба яшчэ й патроны набыць. Сёлета, напрыклад, адзін дробавы патрон італьянскай вытворчасьці каштуе 8 тысяч, з куляй — 16 тысяч. Іншых у продажы няма.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА

«Жылі вякамі, а зараз ня могуць да возера схадзіць»

У Івацэвіцкім раёне на Берасьцейшчыне існуе лесапаляўнічая гаспадарка «Выганаўскае». Яна кантралюе лесанарыхтоўкі, паляваньне, лоўлю рыбы, займаецца арганізацыяй тураў. Аднак усё гэта платнае нават для мясцовых жыхароў.

Гаспадарка, акрамя лясоў, уключае ў сябе два вялікія возеры — Выганашчанскае і Бабровіцкае. Як распавёў працаўнік лесагаспадаркі, які назваўся Сяргеем, каб палавіць рыбу, мясцовым людзям тут трэба плаціць:

«Так, яны платныя, азёры. І адно, і другое. На дадзены момант 40 тысяч зь берагу пуцёўка. На суткі выдаецца яна».

Азёры для месьцічаў платныя — не дапамаглі нават малітвы

Жыхары навакольных вёсак былі вельмі незадаволеныя, калі забаранілі вольна лавіць рыбу на Бабровіцкім возеры. Як расказаў жыхар вёскі Сьвятая Воля Мікалай, за іх нават заступаўся праваслаўны сьвятар, які хадайнічаў перад мясцовымі ўладамі:

«Ён падымаў пытаньне, што бабровіцкія людзі пражылі тут усё жыцьцё, і іхнія продкі ля возера жылі, а зараз ня могуць схадзіць да возера».

Заступніцтва сьвятара вынікаў не дало. Лодкі мясцовых жыхароў з возера папрыбіралі. Цяпер парыбачыць тут можна, толькі загадзя купіўшы квіток.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА

Возера дзяцінства адгарадзілі калючым дротам

На Гарадзеншчыне найлепшыя вадаёмы мясцовыя ўлады перадаюць у арэнду заможным асобам. Звычайна прыежджым. Дзеля грошай тыя ігнаруюць інтарэсы мясцовых жыхароў, уводзяць для іх абмежаваньні й забароны.

Гарадзенец спадар Уладзімір гадаваўся на Нёмане, ягоныя родныя мясьціны — у Мастоўскім раёне. Рыбу любіць вудзіць зь дзіцячых гадоў. Яго меркаваньне:

зловіш уклейку — і цябе прыраўноўваюць да такога злачынцы, які палюе на „хамэры“ ...

«Я ж аматар, але мне пацешна, што ты прыяжджаеш на бераг рэчкі ў родныя мясьціны, зловіш уклейку — і цябе прыраўноўваюць да такога злачынцы, які палюе на „хамэры“. Мяне, напрыклад, абураюць такія рэчы: нейкае азярко ў роднай мясьціне, на якое я хадзіў з маленства, сеў на ровар, паехаў зараз туды — ба-бах! — а да яго доступ забаронены, калючым дротам абгароджана. І да яго не даступіцца, таму што нехта яго выкупіў ці ўзяў у арэнду. Пры гэтым карпа таго ці плоткі няма. Мы ўсе гаравалі, казалі: няма гаспадара! То калі гэты гаспадар зьяўляецца цяпер, чалавеку ад гэтага лягчэй не становіцца, хутчэй наадварот».

Спадар Уладзімір з Горадні зьвяртае ўвагу на тое, што аматару-рыбалову цяжка зарыентавацца, што, дзе і калі ён можа парушыць:

«І потым: неўрэгуляваная сыстэма правілаў, законаў. Едучы, ідучы на вадаём, на рэчку, ты ня ведаеш — што ты парушаеш. Глядзіш, нейкія мужыкі брадніком ловяць, а да цябе могуць прычапіцца праз тое, што ты з вудачкай сядзіш — у нейкі, бачыце, неадпаведны час. Хоць прамысловай рыбы, як такой, у нас у вадаёмах няма. Шмат незразумелага ў гэтым ува ўсім. Я пастаянна, калі цёплы час наступае, еду ў такія мясьціны, і я ня ведаю, што я парушаю, а што — не. Немагчыма гэта даведацца».

Жыхар Слонімскага раёну спадар Генрых таксама турбуецца наконт абмежаваньняў:

«Я сам паляўнічы, толькі сёньня пачуў па радыё, што новы ўказ рыхтуецца па паляўніцтве і рыбалоўстве, а што там канкрэтна будзе — невядома. Па ягоных словах, гэта ўсё — „задавальненьне“, а за яго трэба плаціць».

У суботу склікаюць сход — будуць тлумачыць намеры ўлады.

У суботу ў мясцовых паляўнічых і рыбаловаў будзе сход, і спадар Генрых спадзяецца штосьці даведацца больш канкрэтна. У навакольлі ўлады здаюць у арэнду сажалкі, каб карысталіся і гадавалі рыбу, але насельніцтва ўспрымае гэта насьцярожана, кажа спадар Генрых:

«Аднаму хлопцу далі ў нас у арэнду сажалку. Але ён спусьціў зімой, па сутнасьці, усю рыбу, я ня ведаю, забраў. І то спускалі ноччу, каб ніхто ня бачыў. А зараз сажалку трэба чысьціць, а на гэта трэба сродкі. Цяпер возера няма, па сутнасьці, рыбы няма, каб лавіць. Гэта выклікае незадавальненьне і ў раённых уладаў, што ён узяўся, а нічога ня робіць. Як там што будзе далей — невядома».

МАГІЛЁЎШЧЫНА

«Адзін патрон — 8 тысяч рублёў»

На Магілёўшчыне паляваньне стала забавай для багацеяў і чыноўнікаў. Простым ахвотнікам пабавіць час са стрэльбай у лесе не хапае грошай на рыштунак. Такія паляўнічыя найчасьцей трапляюць у сьпісы парушальнікаў заканадаўства. А вось каб траплялі чыноўнікі — зьвестак няма. Тэму працягвае Андрэй Белагубаў.

Абяцаньням Лукашэнкі навесьці парадак у паляўніцтве аматары гэтага віду адпачынку не надалі асаблівай увагі. Заўзятыя паляўнічыя кажуць, што багата іхніх калегаў даўно пахавалі стрэльбы ў сэйфы і нават папрадавалі.

Паляваньне стала элітнай забавай, заяўляе хоцімскі паляўнічы Міхаіл:

«Сёньня ўсе гэтыя допускі, усе правілы — простаму сьмяротнаму не прайсьці. Заработная плата не дазваляе ім утрымліваць рыштунак, зброю ды плаціць падаткі. У раёнах утварыліся бандыцкія паляўнічыя арганізацыі, якія на адну ліцэнзію на аднаго кабана б’юць траіх. Чужых вачэй там няма. У гэтых калектывах чужых людзей няма».

Карэспандэнт: «Колькасьць паляўнічых павялічылася ці зьменшылася?»

Міхаіл: «У колькасным пляне іх менш ня стала. А вось у сацыяльным пляне — стала меней простых сьмяротных. То бок больш начальства набывае зброю ды мае паляўнічыя білеты».

Цяперашняе паляваньне — дарагая асалода

Бялыніцкі палясоўшчык Аляксандар сумеўся, пачуўшы пытаньне: «Ці варта ўдасканальваць заканадаўства ў галіне паляўніцтва?» Аднак пацьвердзіў, што цяперашнім часам паляваньне — асалода надта дарагая:

«Цяпер кошт патронаў узрос у сувязі з тым, што з Эўразьвязу забаранілі ўвоз зброі і боепрыпасаў — толькі расейскае. Расейцы ўзьнялі цэны. Адзі патрон дробавы каштуе 8 тысяч».

Амаль усе паляўнічыя гаспадаркі рэгіёну трымаюцца дзякуючы аказаньню паслугаў замежнікам. Спадар Аляксандар працягвае:

«Калі ўзяць кошт самага маленькага кабана, то для беларусаў — 120 тысяч, а для замежнікаў — 100 эўра».

Эканаміст Андрэй Юркоў — таксама колішні аматар-паляўнічы. Лукашэнкава «Трэба навесьці парадак» ён камэнтуе гэтак:

Плян па забароне выконваецца за кошт простых людзей

«Зараз багата службаў розных, якія кантралююць сфэру паляваньня і сфэру рыбалоўства. І ім, зразумела, трэба плян выконваць па спыненьні розных дзеяў з боку грамадзян. Дык выконваецца гэты плян у асноўным за кошт простых людзей. Начальства ў нас, як і раней, па-за законам. Вось у чым праблема».


Камэнтар «Свабоды»:

Мечыслаў Грыб: «Дзе браць грошы? Спаганяць зь людзей!»

Мечыслаў Грыб
Мечыслаў Грыб
Былы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб, які мае асабісты досьвед паляўнічага і рыбалова, крытычна выказваецца наконт грашовага й адміністрацыйнага ўціску аматараў. Вось што, у прыватнасьці, адзначыў палітык у інтэрвію «Свабодзе» сёньня:

«Я ня памятаю за ўсё сваё жыцьцё (і пры савецкай уладзе таксама), каб гэтым пытаньнем займаліся чыноўнікі такога высокага рангу. Гэта падстава для пэўнага зьдзіўленьня. Але я згодзен зь меркаваньнем, што зараз дзяржаве патрэбныя грошы. А як браць няма дзе, то трэба спаганяць зь людзей».

Карэспандэнт: «Такім чынам, улада ставіць чалавека перад выбарам: ці адмаўляйся ад захапленьня, ці плаці за яго вялікія грошы...»

«У шмат якіх рэгіёнах Беларусі, дзе людзі займаюцца паляваньнем і рыбалоўствам цягам пакаленьняў, забараніць гэтыя віды аматарства практычна немагчыма. Гэта — лад жыцьця. Яны — палявалі й будуць паляваць, як лавілі рыбу, то й будуць лавіць. А ўсялякі закон, які б ён ні быў прадуманы й суворы, а людзі яго абыходзяць. І цяперашнія забароны абыдуць абавязкова, нават калі ўлады створаць яшчэ нейкую дзяржаўную арганізацыю ды будуць езьдзіць і лавіць... І чым большае кола кантралёраў яны будуць ствараць, тым большая будзе незадаволенасьць насельніцтва гэтай уладай... Што хочаце кажыце, гэтыя падыходы — супраць навыкаў людзей, іх ладу жыцьця тутэйшыя насельнікі ня ўспрымуць. Ну, будзе гэты кавалак дзічыны здабываць цяжэй, каштаваць ён будзе даражэй, але людзі ўсё роўна будуць здабываць свой кавалак мяса...»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG