Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жыцьцё ў імя Бацькаўшчыны» — выйшла кніга ўспамінаў пра Анатоля Белага


13 лістапада а 17 гадзіне ў сядзібе Партыі БНФ адбудзецца прэзэнтацыя кнігі, прысьвечанай рупліўцу беларушчыны, стваральніку клюбу «Спадчына» і прыватнага музэю ў Старых Дарогах Анатоля Белага.

Кнігу «Жыцьцё ў імя Бацькаўшчыны» надрукаваў прыватны выдавец Віктар Хурсік.

«Кніга складаецца з трох частак. Першая — артыкулы, прысьвечаныя Анатолю Беламу і яго музэю ў Старых Дарогах, якія друкаваліся цягам апошніх 20 гадоў. Другая частка называецца „Музэй: і памяць, і помнік“ і ўтрымлівае водгукі наведнікаў музэю. Трэцяя частка — гэта ўспаміны пра Анатоля Белага, вершы, прысьвечаныя яму Рыгорам Барадуліным, Віктарам Шніпам, Яўгенам Гучком», — распавяла Свабодзе дачка Анатоля Белага Сьвятлана Белая.

Кніга пра Анатоля Белага трапіць у бібліятэкі Беларусі. Набыць асобнік можна будзе на прэзэнтацыі 13 лістапада і ў музэі ў Старых Дарогах.

Сьвятлана Белая апавяла Свабодзе, што музэй Анатоля Белага працягвае сваю працу ў Старых Дарогах:

«Каб наведаць музэй, трэба патэлефанаваць, і ў той жа дзень для наведнікаў будзе праведзеная экскурсія. Музэй пастаянна наведваюць — школьнікі, настаўнікі, студэнты, замежнікі».

Што да дзейнасьці клюбу «Спадчына», які шмат гадоў узначальваў Анатоль Белы, то яна працягваецца ў функцыянаваньні музэю ў Старых Дарогах, кажа Сьвятлана Белая:

«Працяг клюбу „Спадчына“ — гэта музэй. Усё, што зьвязана з клюбам, знаходзіцца ў музэі. А штомесячныя паседжаньні клюбу, сустрэчы і мерапрыемствы цяпер, пасьля адыходу Анатоля Белага, ужо не адбываюцца. У свой час іх наведвалі Мікола Ермаловіч, айцец Аляксандар Надсан, Георгі Штыхаў, Багдан Андрусышын. Цяпер сябры клюбу дапамагаюць распаўсюджваць інфармацыю пра музэй, запрашаюць людзей з усіх куткоў Беларусі, дый з усяго сьвету, наведаць яго».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG